27 снежня 2024, Пятніца, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітжаўнер Андрусь Цянюта дамагаецца права на альтэрнатыўную службу

Суд Савецкага раёна Гомеля разгледзіць прэтэнзіі палітычнага прызыўніка Андруся Цянюты да гарадскога ваенкамата.

Гэта стала магчыма пасля таго, як калегія грамадзянскіх спраў Гомельскага абласнога суда абавязала суд Савецкага раёну разгледзець прэтэнзіі Андруся Цянюты. Раней суд Савецкага раёна не даў Цянюту магчымасці прайсці альтэрнатыўную службу. Самога актывіста на судзе не было. Ад верасня ён служыць у полацкай вайсковай частцы № 49510, паведамляе «Радыё Свабода».

На судзе прысутнічаў каардынатар кампаніі «Альтэрнатыўная (грамадзянская) служба» Міхась Пашкевіч.

«Наколькі нам вядома, Цянюта нават толкам не ўбачыў дакументы, якія прыходзілі з суду, - заявіў Міхась Пашкевіч. - Камандаванне часткі самавольна забрала ўсе гэтыя дакументы, азнаёміўшы яго толькі з іх сэнсам. І вось цяпер Андрусю Цянюту адмоўлена ў магчымасці прыехаць у Гомель на пасяджэнне калегіі па яго скарзе. Дзякуй Богу, на рашэнне гэта не паўплывала. Усё роўна скарга Цянюты будзе разгледжана ў судзе Савецкага раёна горада Гомеля».

Спачатку медыкі прызналі актывіста «Маладога фронту» Андруся Цянюту непрыдатным да службы ў войску з-за скаліёзу і плоскаступнёвасці. Гарадскі ваенкамат накіраваў актывіста на новую медыцынскую камісію ў абласную бальніцу, дзе яго прызналі годным да вайсковай службы.

Цянюта напісаў заяву, што хоча прайсці альтэрнатыўную службу. Ваенкамат у асобе выконваючага абавязкі ваенкама Івашкова спаслаўся на ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 228, у якім альтэрнатыўная служба не прадугледжана. Цянюта звярнуўся ў Савецкі раённы суд Гомеля. Аднак суддзя Юрый Жораў не стаў разглядаць справу. Паводле его словаў, трэба прайсці дасудовы разгляд справы - скардзіцца ў абласны ваенкамат. І ўвогуле, трэба абскардзіць дзеянні не ваенкамата, а прызыўной камісіі. І толькі зараз калегія абласнога суда паправіла раённы суд.

«Гэта маленькая, але перамога, - кажа Міхась Пашкевіч. - Тая дробная перапіска, якая вялася паміж ваенкаматамі і судамі, на сённяшні дзень скончана. Суд будзе разглядаць скаргу. А сутнасць яе такая - адмяніць прызыў Цянюты і даць яму права на альтэрнатыўную службу».

Андруся Цянюту не раз прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за яго палітычную дзейнасьць. У траўні 2009 года разам з іншымі моладзевымі актывістамі ён трымаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам.

Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў у Беларусі з дзейнічае так званы «палітычны прызыў».

Зміцер Жалезнічэнка быў першым моладзевым актывістам, якога гвалтоўна прызвалі ў войска 25 студзеня 2008 года. Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф. Скарыны. Падчас вучобы быў выдатнікам і не прапускаў заняткі без уважлівай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 года актывіст дэмакратычных сіл абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся аднаўленьня ў ВНУ, але праз чатыры дні зноў быў адлічаны і адпраўлены ў войска.

У студзені 2009 года падобная сітуацыя паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Іванам Шылам і Змітром Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў адправілі ў войска, нягледзячы на медыцынскія супрацьпаказанні. На пачатку снежня 2009 Івана Шылу нечакана камісавалі з прычыны хранічнай хваробы.

А ў верасні 2009 года ў войска быў гвалтоўна прызваны актывіст «Маладога фронту» Яўген Скрабец. Яго прызналі годным да вайсковай службы, нягледзячы на сур'ёзнае захворванне спіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках