23 снежня 2024, панядзелак, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«The Guardian»: «Адпраўной кропкай самалёта Іл-76 са зброяй была Беларусь»

40

Брытанскія СМІ знайшлі ў затрыманага ў Тайландзе самалёта беларускі след. Іл-76 нібыта толькі заправіўся ў Кіеве, а ляцеў з Беларусі.

Замежная прэса высоўвае розныя версіі паходжання зброі, партыя якой знаходзілася на борце затрыманага 12 снежня ў Тайландзе самалёта Іл-76, паведамляе БелаПАН.

Так, брытанская газета «Гардыян» са спасылкай на свае ўкраінскія крыніцы сцвярджае, што адпраўной кропкай палёту Іл-76 была Беларусь, а ў Кіеве ён усяго толькі садзіўся на дазапраўку на шляху ў Паўночную Карэю. Пры гэтым, адзначае выданне, загрузка 40 тон зброі і боепрыпасаў была ажыццёўленая ў Пхен'яне.

У Беларусі інфармацыю падобнага кшталту аспрэчылі 14 снежня. Як заявіў дырэктар дэпартамента па авіяцыі міністэрства транспарта і камунікацыяў Беларусі Вадзім Мельнік, самалёт Іл-76 з бартавым нумарам 4L-AWA на тэрыторыі Беларусі ніколі не знаходзіўся.

Як паведамляе Times Online са спасылкай на эксперта па зброі Стакгольмскага інстытута даследавання праблемаў міру Х'ю Грыфітса, да вясны 2009 года Іл-76 з бартавым нумарам 4L-AWA належыў казахстанскай прыватнай авіякампаніі East Wind. Затым яго набыла іншая казахстанская авіякампанія Beirbas, звязаная з сербскім гандляром зброяй Таміславам Дамняновічам. У кастрычніку цяперашняга года самалёт быў прададзены грузінскай авіякампаніі Air West Georgia, якая аддала яго ў лізінг кампаніі SP Traiding Ltd., зарэгістраванай у Новай Зеландыі. Пры гэтым Грыфітс сцвярджае, што раней самалётам валодала адна з кампаніяў Віктара Бута, расейскага гандляра зброяй, які ўтрымліваецца зараз у тайскай турме.

Як адзначыў Грыфітс, продаж самалёта грузінскай авіякампаніі быў толькі прыкрыццём, і судна працягваюць выкарыстоўваць крымінальныя структуры для паставак зброі.

Самалёт Іл-76 (бартавы нумар 4L-AWA), зарэгістраваны ў Грузіі, амаль з 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і пераноснымі зенітна-ракетнымі комплексамі, быў затрыманы 11 снежня ў Бангкоку, дзе прызямліўся для дазапраўкі. Затрыманыя пяць чальцоў экіпажа — чацвёра грамадзянаў Казахстана і грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў.

14 снежня крымінальны суд Бангкока пастанавіў узяць пад варту экіпаж самалёта і падоўжыў тэрмін яго затрымання на 12 дзён.

Экіпажу прад'яўленае абвінавачванне ў нелегальнай транспартоўцы зброі і даванні ілжывай інфармацыі ўладам Тайланда пра характар грузу. Па тайскіх законах, лётчыкам пагражае пажыццёвы турэмны тэрмін. Чальцы экіпажа сцвярджаюць, што не ведалі пра характар грузу. Паводле іх словаў, яны перавозілі абсталяванне для бурэння нафтавых свідравінаў.

Тайланд рыхтуе даклад для ААН па факце затрымання самалёта са зброяй на борце, які рухаўся з Паўночнай Карэі. Калі атрымаецца сапраўды выявіць, што зброя была загружаная ў самалёт у Паўночнай Карэі, палёт ваенна-транспартнага самалёта Іл-76 будзе разглядацца як парушэнне санкцыяў ААН супраць КНДР.

Тайскія ўлады маюць намер таксама запытаць у ААН сродкі для знішчэння зброі.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках