24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тыднёвы скачок курсу: Еўра падаражэў на 117 рублёў, а даляр - на 50

12

Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што ў Беларусі проста не хапае грошай, і ўладам застаецца альбо ўключыць друкарскі станок, альбо ўзняць курс валютаў.

Даляр і еўра ў Беларусі зноў пайшлі ўверх. Натуральна, услед за курсам Нацбанка пачалі змяняць курсы і абменнікі. Учора ў Менску еўра можна было набыць за 4195 - 4250 рублёў, а даляр - за 2790 - 2837 рублёў. Праўда, як адзначае «Комсомольская правда в Беларуси», валютнага ажыятажу ў банках пакуль што няма. Аднак некаторыя менчукі заяўляюць, што 30 лістапада ў асобных пунктах абмену валютаў бліжэй да вечара не было ні еўра, ні расейскіх рублёў. Толькі даляры.

«Магчыма, да вечара проста «гатоўка» у абменным пункце скончылася, а падвезці не паспелі, наплыў народа вялікі», - патлумачылі ў адным абменніку.

У асноўным у банках і абменных пунктах у цэнтры Менска людзі здаюць валюту. Толькі ў аддзяленні банка ў раёне вул. Казлова мужчына пажадаў набыць 180 даляраў.

«Недахопу ў валюце няма, - запэўнілі ў абменным пункце на пр. Незалежнасці. - Так, зараз больш сталі браць еўра, напэўна, глядзяць, што ён расце. А можа, проста едуць кудысьці, візы ставяць…»

А між тым беларускі рубель, прывязаны да кошыка з трох валютаў (даляр, еўра, расейскі рубель) працягвае таннець. Толькі за апошнюю дэкаду лістапада ён упаў на 2%! Для параўнання, у цэлым з пачатку года рубель патаннеў да трох валютаў амаль на 8%. Да мяжы калідора засталося ўсяго нічога. Нагадаем, курс рубля не павінен вырасці ці ўпасць ў адносінах да кошыка больш чым на 10%.

«Да канца года рубель застанецца ў межах вызначанага калідора, - запэўнівае начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў. - А вось прадказаць, што будзе з курсам еўра, складана. Ніхто ж не ведае, што будзе адбывацца на сусветных рынках. Магу толькі сказаць, што набываць валюту, калі яна даражэе, невыгадна».

Аднак шмат якія незалежныя эксперты ўпэўненыя, што ў краіне проста не хапае грошай. І гэты дэфіцыт магчыма закрыць альбо ўключэннем друкарскага станка, альбо ўзняццем курсу валютаў.

«Думаю, што даляр занадта моцна ўпаў ў адносінах да еўра. Ужо занадта шмат у яго праціўнікаў. Так што ў хуткім часе мы павінны ўбачыць падзенне еўра і, наадварот, рост даляра», -- лічыць фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках