23 снежня 2024, панядзелак, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

4 гады «палітычнаму» артыкулу КК: Пра беларускіх Дзядоў Марозаў-нелегалаў знялі мульцік (Відэа)

1

У інтэрнэце высмеялі артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса Беларусі – дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый адзначыла чацвертую гадавіну прыняцця ў Крымінальны кодэкс Беларусі паправак, якія ўвялі адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – да двух гадоў пазбаўлення свабоды, стварэннем мульціка. Як паведамляе spring96.org, 2 снежня ў інтэрнэце з’явіўся новы сатырычны відэакліп, які высмейвае існаванне артыкула 193.1 КК РБ.

Паводле сюжэта мультымедыйнага роліка, Дзяды Марозы спяшаюцца да дзяцей са сваёй штогадовай высокай місіяй – раздаць падарункі. Аднак не ўсё проста ў краіне, дзе любая грамадзкая дзейнасць можа быць пакарана. У іх з’яўляюцца праблемы з-за дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі і дзеці могуць не атрымаць падарункі.

Нагадаем, 15 кастрычніка ля будынка Генпракуратуры адбылася акцыя з удзелам белаурскіх праваабаронцаў. Праваабаронцы, апранутыя Дзядамі Марозамі, прынеслі ў пракуратуру заяву, у якой казалася, што яны з’яўляюцца прадстаўнікамі незарэгістраванай арганізацыі і «арганізоўваюць святкаванне Новага года, распаўсюджваюць падарункі (у тым ліку сярод непаўнагадовых) і выступаюць на сходах з віншаваннямі».

У адказе Генеральная пракуратура заявіла, што «пры ўстанаўленні дакладных дадзеных аб сістэмным удзеле грамадзян ў незаконнай дзейнасці грамадскага аб’яднання», гэтых людзей (Дзядоў Марозаў) могуць прыцягнуць да адказнасці згодна з заканадаўствам. Згодна з артыкулам 193.1 КК Беларусі, за датычнасць да незарэгістраванай арганізацыі чалавек можа быць аштрафаваны ці прысуджаны да пазбаўлення волі.

Адзначым, 2 снежня 2005 года ў другім чытанні «палаты прадстаўнікоў» былі прыняты папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Беларусі, якія ўзмацнілі адказнасць «за дзеянні, скіраваныя супраць чалавека і грамадскай бяспекі». Прыняты напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года новы крымінальны артыкул 193.1 быў неадкладна задзейнічаны для барацьбы з непажаданымі для ўладаў арганізацыямі.

Ад моманту, калі ў 2006 годзе ўступіла ў дзеянне крымінальная адказнасць за дзейнасць у незарэгістраваных аб’яднаннях, па артыкуле 193-1 было асуджана 17 чалавек. Пры гэтым ніводнага апраўдальнага прысуду праваабаронцы не зафіксавалі.

Стварэнне ролікаў ажыццяўляецца ў межах кампаніі «Стоп 193.1», ініцыяванай Асамблеяй НДА. Раней на сайце арганізацыі былі змешчаны мульфільмы і відэаролікі, прысвечаныя «палітычнаму» артыкулу Крымінальнага Кодэкса. Мультымедыйныя кліпы паказваюць абсурднасць выкарыстання артыкула 193.1 у дачыненні да актывістаў незарэгістраваных арганізацый. Кампанія Асамблеі НДА «Стоп 193.1» будзе працягвацца да поўнай адмены адыёзнага артыкула.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках