24 снежня 2024, aўторак, 21:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

2009-ы год - правал

23
2009-ы год - правал

Сканчаецца 2009 год. Яго вынікі сведчаць пра правал ўсіх найважных параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. І галоўная прычына гэтага не ў сусветным крызісе, а ў палітыцы беларускіх уладаў.

Пра гэта на сайце ucpb.org піша экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч у сваім «Эканамічным аглядзе».

Фактычны аб'ём ВУП пры прагнозе прыросту на 10-12% чакаецца ў лепшым выпадку на нулявым узроўні, у тым ліку аб'ём прамысловай вытворчасці знізіцца на 4% (паказчыкі на канец года ацэначыныя). Частка вырабленай пад ціскам улады прадукцыі каля 6 трлн.руб., уключанай у ВУП, апынулася ў неліквідах, нерэалізаванай, з прычыны неканкурэнтнасці. Прадугледжаны прырост прадукцыі сельскай гаспадаркі на 8,5-9,5%, фактычна складзе толькі 1%. І гэта ва ўмовах яго штогадовага велізарнага бюджэтнага субсідавання – каля 2 млрд.дал. (220 дал. на гектар раллі пры максімальным еўрапейскім узроўні – 150 дал.). Планаваны прырост інвестыцыяў у асноўны капітал 23-25% фактычна складзе толькі каля 12%. Вытворчасць нехарчовых тавараў скарацілася на 7% пры планаваным прыросце на 11-12,5%. Пры планаваным прыросце экспарту 17-18,5% адбылося яго падзенне больш чым на 40%. Пры гэтым чыстае адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу пры прагнозе ў 1,5 млрд.дал. чакаецца ў суме больш за 4 млрд.дал. Энергаёмістасць эканомікі зніжаная толькі на 5% пры прагнозе 8%. Рэальныя прыбыткі насельніцтва выраслі на 2,5-3% пры прагнозе 14-15% і зніжэнні прадукцыйнасці працы больш чым на 1% (прагноз прыросту – 7,8-8,1%, рост – за кошт праядання знешніх пазыкаў і крэдытаў). У той жа час больш чым на 4,4 трыльёна рублёў, ці на 33,2 адсотка, павялічыліся за студзень – лістапад цяперашняга года рублёвыя і замежнавалютныя ўклады насельніцтва ў беларускіх банках. У пераважнай частцы – у сувязі з дэвальвацыяй з 1 студзеня 2009 г. беларускага рубля на 20%. У снежні 2008 года курс беларускага рубля да даляра складаў 2190 рублёў, у канцы снежня 2009 года ён складае 2880 рублёў, гэта значыць за год беларускі рубель абясцэніўся на 31,5%. На пачатак снежня ўклады насельніцтва дасягнулі 17,67 трыльёна руб. Дэпазіты ў нацыянальнай валюце склалі 7,84 трыльёна руб, а ў замежнай – звыш за 3,5 мільярды даляраў.

Уладай на працягу года штучна падтрымліваўся нізкі ўзровень беспрацоўя. Колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах па працы, складае толькі 0,9% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Гэта добры паказчык і ўлада па праве можа запісаць яго сабе ў актыў. Пры гэтым, аднак, неабходна мець на ўвазе, што зніжэнню афіцыйнага паказчыку па ўзроўні беспрацоўя спрыяе вельмі нізкі памер дапамогі беспрацоўным – у сярэднім 43 тыс. рублёў ці менш за 16 дал. супраць 81 дал. у Малдове, 82 дал. ва Украіне. 91 дал. у Казахстане, 158 дал. у Расеі. Больш чым 9% ад сярэднеспісачнай колькасці працаўнікоў працуюць у рэжыме няпоўнай занятасці. Відавочна, гэтым тлумачыцца такія архі адмоўныя паказчыкі, як агульнае зніжэнне за год прадукцыйнасці працы больш чым на 1 адсоткавы пункт і апераджальны рост сярэдняй зарплаты над ростам прадукцыйнасці працы на 4 адсоткавыя пункты.

Безумоўна станоўчым дасягненнем улады з'яўляецца паказчык па жыллёвым будаўніцтве – па выніках года будзе забяспечаны ўвод у эксплуатацыю жылля каля 5000 тыс. кв. м. агульнай плошчы. Гэтаму спрыяла банкаўскае крэдытаванне. Павялічылася ільготнае крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва. За студзень – верасень было выдадзена такіх крэдытаў фізічным асобам і сельскагаспадарчым арганізацыям на суму 3,2 трлн. рублёў, што ў 1,7 раза перавышае аб'ём выдачы за такі ж перыяд мінулага года. Нароўні з ільготным крэдытаваннем, банкаўская сістэма актыўна давала крэдыты фізічным асобам на будаўніцтва і набыццё жылля на агульных падставах. Так, па стане на 1 кастрычніка 2009 г. запазычанасць фізічных асобаў па такіх крэдытах дасягнула 2,45 трлн. рублёў. Гэта ў 1,4 раза больш, чым на супастаўную дату мінулага года.

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, працаў, паслугаў вельмі нізкая, склала за студзень-верасень 2009 г. 10,6 адсотка, рэнтабельнасць продажаў – 6,2 адсотка. Кожнае пятае прадпрыемства – стратнае. А разам з нізкарэнтабельнымі – больш за палову.

Першапачаткова зацверджаны дзяржаўны бюджэт, у сувязі з крызісам, быў скарочаны на 11 трлн.руб. Ва ўрэзаным выглядзе чакаецца яго выкананне ў бездэфіцытным выглядзе.

Рэспубліка Беларусь знаходзіцца ў адмоўных лідэрах па ўзроўні інфляцыі. Узровень спажывецкіх коштаў у сярэднім за год складзе каля 13,5-14%., на прадукты харчавання - больш за 15% (бульба- 28%, гарбата – 27%, мяса і птушка, каўбасныя вырабы – 16%, рыба – 19-20%, малако і малочныя прадукты – 20%, яйкі – 18%, мука пшанічная 22%, медыкаменты – больш за 28%). На платныя паслугі, якія аказваюцца насельніцтву, у сярэднім на 14-15%, у тым ліку на жыллёва-камунальныя паслугі – 20% (энергазабеспячэнне – 29%, ацяпленне – 29%, водазабеспячэнне – 20%), прыгарадныя зносіны – 25%, турызм – 27%, санаторна-аздараўленчыя паслугі – 23%.

Галоўную прычыну нашых эканамічных праблемаў варта шукаць не столькі ў сусветным крызісе, колькі ў эканамічнай палітыцы беларускіх уладаў. Нашая заходняя суседка Польшча, правёўшы ў пачатку 90 гадоў так званую «шокавую тэрапію» - дэбюракратызацыю, эканамічную лібералізацыю і прыватызацыю – насуперак глабальнаму эканамічнаму крызісу захоўвае пазітыўныя паказчыкі па найважных накірунках, у тым ліку не мае сур'ёзных праблемаў як у прамысловасці, у фінансава-банкаўскім сектары, так і ў сферы знешняга гандлю. У той жа час у Беларусі эканамічны крызіс працягвае паглыбляцца і пашырацца. Павялічваюцца памеры жыцця не па сродках, у доўг, якія пагражаюць негатыўнымі наступствамі ў будучыні. Дэфіцыт знешнегандлёвага балансу па таварах, які ўжо ў 2008 годзе складаў амаль 5 млрд. дал., узрос у 2009 годзе да 6 млрд.дал. ці амаль на 1 млрд. дал. Сукупны знешні доўг краіны складзе каля 21 млрд. дал., ці 43% ВУП (доўгатэрміновы 11 млрд., кароткатэрміновы – 10 млрд.). Прырост за год - больш за 6 млрд.дал. У структуры сукупнай знешняй запазычанасці знешні доўг органаў дзяржкіравання складзе прыкладна 5 млрд.дал., Нацыянальнага банка – 3 млрд.дал, камерцыйных банкаў каля 4 млрд.дал., іншыя сектары – каля 9 млрд.дал. (у т.л. гандлёвыя крэдыты 5,5 млрд.дал.), запазычанасць прамым інвестарам – 0,8 млрд.дал. Унутраны доўг урада – яшчэ 3 млрд.дал. Разам агульны памер дзяржаўнага доўгу - 11 млрд.дал., ці 22% ВУП. Запазычанасць суб'ектаў гаспадарання беларускім банкам на канец года складзе каля 65 трлн. руб. (23 млрд.дал.), ці 46 % ВУП. Прырост за год 33% – 16 трлн. руб. Прычым такі прырост даўгоў забяспечыў у эканоміцы толькі статус-кво, пры невялікай рэцэсіі.

Галапуючы рост даўгоў шмат у чым выкліканы ростам адмоўнага сальда знешняга гандлю на расейскім рынку. Экспартныя пастаўкі ў Расею ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізіліся за студзень-кастрычнік 2009 года на 42,6%. Дэфіцыт гандлёвага балансу па таварах на гэтым рынку за год складзе каля 8 млрд.дал.. Такое становішча склалася з-за палітыкі кансервацыі сувязяў, якія склаліся яшчэ ва ўмовах знаходжання Беларусі ў складзе СССР, адмовы ад структурнай перабудовы прамысловасці і правядзення шматвектарнай палітыкі ў гандлі. Да гэтага зводзіцца адна з буйных мінулых памылак нашых уладаў. Ва ўмовах сусветнага крызісу, які грымнуў, безумоўнай памылкай беларускага ўрада з'яўляецца палітыка чакання на хуткае ўзнаўленне аб'ёмаў экспарту ў Расею, замест неадкладнага правядзення структурных пераўтварэнняў і радыкальных рынкавых рэформаў - у мэтах падвышэння канкурэнтаздольнасці і рэнтабельнасці. Надзеі на ўзнаўленне ўжо ў 2010 годзе сваіх пазіцыяў на рынках Расеі падаюцца ілюзорнымі. Бясконца стымуляваць вытворчасць за кошт знешніх крэдытаў і пазыкаў бесперспектыўна. На расейскім рынку варта чакаць узмацнення канкурэнцыі з расейскімі вытворцамі і замежнікамі, якія адкрываюць у Расеі зборачныя вытворчасці. Для падвышэння ўласнай канкурэнтаздольнасці на падмурку эфектыўнасці і інавацыяў патрабуецца тэхналагічнае пераабсталяванне і рэструктурызацыя дзейнасці прадпрыемстваў як за кошт унутраных крыніцаў (што патрабуе зніжэння ўзроўня падаткаабкладання, на што не ідуць улады), так і ўдзелу замежнага капіталу, для якога важныя прэферэнцыі ў доступе на рынак.

На 1 снежня 2009 года банкаўскі сектар эканомікі ўключаў 32 банкі з 289 філіяламі. З іх 25 банкаў з'яўляюцца банкамі з удзелам замежнага капіталу, у тым ліку дзевяць банкаў — са 100-адсоткавым замежным капіталам, яшчэ ў двух банкаў толькі па адной акцыі належыць рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Аднак доля замежнага капіталу ў банкаўскай сістэме Беларусі складае толькі 20%, у тым ліку расейскага (без уліку продажу Расеі БПБ-банка) – менш за 9%. Банкаўскія актывы з пачатку года выраслі на 21%. Доля сумніўных актываў - паводле афіцыйных звестак – менш за 5%. Паводле нашай ацэнкі – каля 10%. Рэсурсавая база беларускіх банкаў складае 79 трлн. рублёў (каля 28 млрд.дал.), павялічыўшыся за год амаль на 24%, ці на 16 трлн. рублёў. Адносіны рэсурсавай базы да ВУП складаюць 52%. У структуры рэсурсавай базы банкаў асноўнымі крыніцамі яе фармавання працягваюць заставацца сродкі фізічных асобаў і суб'ектаў гаспадарання — рэзідэнтаў.

На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца восем прадстаўніцтваў замежных банкаў Расеі, Украіны, Літвы, Латвіі, Германіі і Міждзяржаўнага банка.

Памер міжнародных рэзервовых актываў у Нацыянальнага банка вагаецца ў дыяпазоне 3,5-5,0 млрд.дал., што скрайне недастаткова (манетарнае золата -0,9 млрд., спецыяльныя правы запазычання ў МВФ – 0,6 млрд., актывы ў замежнай валюце – 3,0 млрд.). Для ўстойлівасці грашовага абарачэння і з улікам памераў імпарту яго велічыня павінна складаць мінімум 10 млрд. еўра.

Сусветны банк ацэньвае развіццё беларускай эканомікі за 2009 год па шэрагу пазіцыяў больш негатыўна: прагназуе зніжэнне ВУП на 1%, зніжэнне спажывання на 6,3%, сальда бюджэту – мінус 1,7%, знешні доўг - 41,4% ВУП, дзяржаўны – 27,5% ВУП, чысты крэдыт МВФ – 5,6% ВУП.

Пра архі цяжкі плацёжны стан суб'ектаў гаспадарання краіны сведчаць наступныя дадзеныя (па стане на 1 кастрычніка 2009 года). 4691 прадпрыемства, ці 44,7% да ўсіх, якія ўлічваюцца ў бягучым парадку, цалкам згубіла ўласныя абаротныя сродкі. Яшчэ 1646 прадпрыемстваў ці 13,8% забяспечаныя імі ніжэй за нарматыў. Такім чынам, больш 58% прадпрыемстваў не мае дастатковага для вядзення вытворчасці памеру ўласнага абаротнага капіталу. Сукупная запазычанасць эканомікі за год павялічылася амаль на 38% пры росце спажывецкіх коштаў на 11,7%. Пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасць мелі 57% прадпрыемстваў, з якіх 82% - запазычанасць звыш за тры месяцы. Пры агульнай пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці ў 8 трлн.руб. амаль 1 трлн. падае на пратэрмінаваную запазычанасць банкам. «Пратэрміноўка» банкам за год узрасла ў два разы.

Такім чынам, вынікі года сведчаць, што прыярытэтнымі мэтамі на найбліжэйшую перспектыву павінны стаць пытанні знешнегандлёвага збалансавання, абмежавання інфляцыі, забяспечанасці суб'ектаў гаспадарання абаротным капіталам і падвышэнне ўзроўня плацежаздольнасці, а таксама ўзроўняў рэнтабельнасці і канкурэнтаздольнасці.

Не ў стане пераадолець крызіс у межах цэнтралізаванага адміністрацыйнага кіравання, захавання ўнітарных дзяржпрадпрыемстваў і ўсеабдымнага кантролю, улады, пасля доўгіх гадоў ваганняў, дэ-факта ўзялі курс на рынкавую мадэль развіцця. Усё яшчэ публічна не прызнаючы недасканаласці і неэфектыўнасці свайго курсу, урад вымушана адмаўляецца ад найважнейшых яго складнікаў – ад дзяржаўнага манапалізму ў эканоміцы, ад глабальнага адміністрацыйнага кантролю (нагляду), ад захавання прадпрыемстваў ва ўнітарнай дзяржуласнасці, ад адміністравання ў коштаўтварэння, ад усялякага ліцэнзавання, ад дрэннай сістэмы і высокага ўзроўня падаткаабкладання, ад блакавання малога і сярэдняга бізнэсу і ўнутрынацыянальнага рынка.

На жаль, гэтыя крокі робяцца пры адсутнасці ў урада абгрунтаванай канцэпцыі пераўтварэнняў, комплекснай праграмы выхаду з крызісу, відавочна заяўленых мэтаў і прыярытэтаў. Магчыма таму ўсё яшчэ не ўспрынятая адна з галоўных ідэй антыкрызіснай платформы АДС – карэнная дэбюракратызацыя і дэманапалізацыя, адмова ад савецкай мадэлі кіравання. Рэформы не суправаджаюцца належнай аптымізацыяй структуры кіравання з адначасовым радыкальным скарачэннем колькасці бюракратыі. І тым самым скарачэннем яе бюджэтнага фінансавання. Акцыянуючы дзяржпрадпрыемствы, улады ўсё яшчэ не адмовіліся ад вызначэння абавязковых для выканання колькасных (валавых) мэтавых паказчыкаў на макраэканамічным узроўні і ўзроўні прадпрыемстваў, вынікам чаго становіцца марнатраўнае выкарыстанне рэсурсаў. Па-ранейшаму даводзяцца заданні і патрабуюцца справаздачы, праводзяцца ў цэнтры нарады і г.д. Працягваецца практыка бесперспектыўнага захавання неэфектыўных працоўных месцаў, замест стварэння новых, прыцягнення прамых інвестыцыяў, стымулявання прадукцыйнасці. Эканоміка не вызваляецца ад неэфектыўнага, архізатратнага, стратнага баласту. Не закансерваваныя выдатковыя праекты не першай неабходнасці. Не падвышаныя дапамогі беспрацоўным хаця б да ўзроўня пражытачнага мінімуму. Не ліквідаваныя абуральныя дыспрапорцыі ў пенсійным забеспячэнні паміж набліжанымі дзяржчыноўнікамі і іншымі катэгорыямі працаўнікоў. Не прыняты сучасны, пранацыянальны закон аб прыватызацыі. І шмат што іншае.

Аднак пераўтварэнні распачатыя і можна чакаць нейкага фінансава-эканамічнага аздараўлення ўжо да канца наступнага года. Зразумела, калі распачатыя ліберальныя рэформы будуць паглыбляцца. І калі Расея будзе працягваць падтрымліваць беларускі рэжым нізкімі коштамі на сырую нафту і газ.

Разам з тым відавочна, што зацверджаныя на 2010 год асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі не засноўваюцца на рэаліях, з'яўляюцца пражэктамі. У той жа час і абвалу не чакаецца, бо ўрад усё яшчэ мае магчымасць займаць і жыць у доўг: дадаткова атрымае ў пазыку ў МВФ 1 млрд.дал., Сусветнага банка- 300-400 млн, ЕБРР – 300 млн., Банка СНД – 500 млн., па «еўрабондах» 500 млн., у Ашчадбанка Расеі – да 2 млрд., ад продажу «фамільнага срэбра» - пару млрд.дал.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках