24 лiстапада 2024, Нядзеля, 16:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску спекулююць квіткамі на «Аватар» Джэймса Кэмерана

13
У Менску спекулююць квіткамі на «Аватар» Джэймса Кэмерана

Незаконныя прадпрымальнікі, ці прасцей кажучы «спекулянты» перапрадаюць квіткі на фантастычны баявік «Аватар» па кошце, завышаным амаль у два разы.

У выходныя квіткі на першы гульнявы фільм рэжысёра Джэймса Кэмерана пасля трыўмфальнага «Тытаніка» ў свабодным продажы было не дастаць.

Увечары ў мінулую пятніцу ў кінатэатры «Кастрычнік» карэспандэнт «Салідарнасці» ўжо за гадзіну да апошняга сеансу трапіў на аб'яву «Усе квіткі прададзены». Тым часам на ўваходзе ў кінатэатр стаялі два маладыя чалавекі якія папярэджвалі ўсіх уваходзячых: «У касах квіткоў на сёння няма». Вяртаючымся да іх наведвальнікам яны прапаноўвалі квіткі, што каштавалі ў касах па 9 тысяч рублёў, за 12,5-15 тысяч. Яшчэ двое маладых людзей прапаноўвалі квіткі з рук адразу ля кас кінатэатра.

Хлопцы, якія стаялі на вуліцы, паводзілі сябе асцярожна.

– Ты глядзі, каб да мяне з-за спіны хто не падышоў, – прасіў напарніка адзін з іх, відавочна асцерагаючыся з'яўлення супрацоўнікаў міліцыі.

Як распавялі «Салідарнасці» сведкі, такая карціна назіралася цягам выходных і ў астатніх менскіх кінатэатрах, якія дэманстравалі фільм Джэймса Кэмерана. Да прыкладу, у «Аўроры» пачынаючы з прэм'ернага паказу «Аватара» ў чацвер квіткі можна было набыць у касах толькі на панядзелак, 21 снежня.

У найбуйнейшым менскім кінатэатры «Кастрычнік», дзе змяшчаецца 1344 чалавекі, усе квіткі на сеансы ў выходныя дні былі распрададзены яшчэ за тыдзень. Як распавёў «Салідарнасці» дырэктар установы Аляксандр Уласенка, адміністрацыя кінатэатра ў курсе пра дзеянні спекулянтаў.

– А як жа! Не заўважыць іх немагчыма. Але што мы можам зрабіць? Адмовіць у продажы квіткоў мы не маем права. Міліцыя некалькі разоў забірала гэтых людзей, давала штраф, але яны адразу ж вярталіся да кінатэатра, – распавёў Уласенка.

Паводле дырэктара, перапродажамі квіткоў у кінатэатр незаконныя прадпрымальнікі займаюцца ўвесь час. Да «Аватара» яны рабілі навар на фільмах «2012» і «Змярканне. Сага. Маладзік».

У Савецкім РУУС «Салідарнасці» паведамілі, што ў апошні час спекулянтаў ля кінатэатраў не затрымлівалі, але адзначылі, што іх дзеянні падпадаюць пад артыкул 12.7 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях – «незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць». Артыкулам прадугледжана адказнасць у выглядзе накладання штрафу ад 1 да 15 базавых велічынь (1 базавая велічыня – 35 тысяч рублёў) з канфіскацыяй незаконнага заробку.

Адзначым, што сусветная прэм'ера фантастычнага фільма «Аватар» адбылася 10 снежня, у Менску – 17 снежня. Гэта першая гульнявая карціна рэжысёра Джэймса Кэмерана пасля трыўмфальнага «Тытаніка». На дадзены момант фільм ужо акупіў свой бюджэт у 230 млн даляраў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках