25 снежня 2024, Серада, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады могуць абмежаваць вываз валюты

21
Улады могуць абмежаваць вываз валюты

Абмежаванні на перасоўванне грошай за мяжу могуць быць уведзеныя для таго, каб людзі не вывозілі валюту і не куплялі аўтамабілі за мяжой.

Гэты год стаўся нечакана цяжкім для беларускага аўтабізнэсу. З-за крызісу продажы скараціліся на 40-50 адсоткаў. З 1 студзеня Беларусь, Расея і Казахстан ствараюць Мытны саюз. Прагназуецца, што мытныя пошліны, у тым ліку і на ўвоз аўтамабіляў, падвысяцца.

«На самой справе год быў вельмі няпростым, пачынаючы з падзення продажаў у канцы мінулага года і нязначнага ўздыму ў пачатку гэтага. Затым адсутнасць чаканага ўздыму вясновых продажаў і адносна спакойны, я б нават сказаў горш чым спакойны, летні перыяд — гэта з пункту гледжання рэалізацыі новых аўтамабіляў. І толькі восень, у святле чутак аб падвышэнні пошлінаў, зрушыла рынак — і кошты папаўзлі ўверх», -- паведаміў «Еўрарадыё» рэдактар газеты «Аўтабізнэс» Юры Ліхута.

З-за Мытнага саюза, па словах Ліхуты, з кастрычніка пачалі расці кошты нават на тыя аўтамабілі, якія даволі працяглы час не прадаваліся з-за адсутнасці грошай у насельніцтва.

«Прадаўцы разумеюць, што ёсць магчымасць зарабіць, больш за тое, шмат хто з людзей, якія маюць патрыманыя аўтамабілі і якія эксплуатуюць іх на гэты момант, спрабуюць скарыстацца сітуацыяй для таго, каб замяніць свайго жалезнага каня на нешта больш свежае», - тлумачыць эксперт.

Калі рост коштаў спыніцца — пакуль сказаць немагчыма, але падобная сітуацыя на рынку патрыманых аўтамабіляў можа пратрымацца ўсё першае паўгоддзе 2010 года.

«Да першага ліпеня памяняюцца пошліны для фізічных асобаў. Але да першага ліпеня — гэта і першага студзеня, і 31 сакавіка, і 30 чэрвеня таксама. Застаецца вельмі вялікі пытальнік, таму я лічу, што рынак ужываных аўтамабіляў будзе трымаць даволі высокую планку коштаў да часу з'яўлення канкрэтнай інфармацыі, што ж адбудзецца ў дачыненні да пошлінаў для фізічных асобаў», -- кажа Ліхута.

А вось на новыя аўто, якія прадаюцца праз афіцыйныя аўтасалоны, больш ці менш стабільныя кошты вызначацца ўжо з 1 студзеня. Праўда, як лічыць аўтаэксперт, кошты гэтыя спажыўца не парадуюць.

«Тое, што падаражэюць новыя іншамаркі, якія купляюцца праз афіцыйныя салоны, — гэта ўжо зразумела ўсім. Тыя, якія прадаюцца праз дылерскія прадпрыемствы, я лічу, павінны падаражэць з першага студзеня», -- сцвярджае рэктар «Аўтабізнэсу».

Таму, кажа Юры Ліхута, для звычайных грамадзянаў, жадаючых набыць новы аўтамабіль, лепшы варыянт — прывезці сабе машыну з заходняга аўтасалона. Вось толькі трэба паспяшацца, таму што дзяржава, як лічыць эксперт, можа ўвесці абмежаванні на перасоўванне грошай за мяжу для таго, каб людзі не вывозілі валюту і не куплялі аўтамабілі за мяжой.

Беларускіх жа дылераў чакаюць цяжкія часы — з падвышэннем пошлінаў падвысяцца і кошты, гэта выкліча зніжэнне попыту, а значыць і аб'ём продажаў можа скараціцца ў разы.

«Што датычыць непасрэдна продажаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь новых аўтамабіляў — верагодна, будзе спад. Я схільны пагадзіцца з песімізмам шмат якіх дылераў пра тое, што першая палова года 2010 будзе вельмі цяжкой для іх прадпрыемстваў», - кажа Ліхута.

На фоне ўсіх песімістычных прагнозаў назіраецца адна вельмі цікавая тэндэнцыя. Як вядома, у Беларусі патрыманыя аўтамабілі каштуюць танней, чым у Расеі, а стварэнне Мытнага саюза, які ўвядзе адзіныя пошліны на ўвоз патрыманых аўто, можа адчыніць дзверы беларускім прадаўцам на расейскі рынак.

«Патэнцыйна людзі, якія займаюцца гандлем патрыманымі аўтамабілямі, зараз пра гэта мараць. Чаму? Таму што калі вы паглядзіце рынак патрыманых аўтамабіляў у Расеі — там машыны даражэй. Пытанне ў тым, ці дасць Расея такую магчымасць. Ці будуць перашкоды з боку Расеі — часовы ўвоз ці нейкія дадатковыя інструманты, якія будуць ускладняць працэдуру рэгістрацыі патрыманых машынаў, набытых у Беларусі», - задаецца пытаннем эксперт.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках