23 снежня 2024, панядзелак, 17:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзядоў Марозаў і Снягурак не пусцілі ў «палатку» (Фота, відэа)

6
Дзядоў Марозаў і Снягурак не пусцілі ў «палатку» (Фота, відэа)

Праваабаронцы, пераапранутыя ў Дзядоў Марозаў і Снягурак, спрабавалі пранесці заяву з патрабаваннем адмяніць артыкул 193.1 КК.

Як заяўляюць арганізатары акцыі, спачатку планавалася, што 14 Снягурак, 5 навагодніх зайцоў і адзін Дзед Мароз зарэгіструюць у законным парадку заяву да дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў».

«Просім «палату прадстаўнікоў» «нацыянальнага схода» Рэспублікі Беларусь прадставіць заяўнікам інфармацыю, ці разглядаецца «парламентам» пытанне аб скасаванні артыкула 193- 1 Крымінальнага Кодэкса. У выпадку, калі гэтае пытанне не разглядаецца, просім неадкладна пачаць працэдуру ўключэння пытання аб скасаванні артыкула 193-1 Крымінальнага Кодэкса і выключэння з іншых актаў заканадаўства забароны на дзейнасць ад імя незарэгістраваных аб’яднанняў у парадак дня наступнай сесіі палаты прадстаўнікоў», — казалася ў звароце пераапранутых праваабаронцаў.

Як вядома, «дэпутаты» сышлі на вакацыі, нават не ўзняўшы пытанне аб скасаванні артыкула 193.1 КК РБ. Хоць абяцанні аб магчымай адмене крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі гучалі неаднаразова.

Гэта значыць, адзначаюць удзельнікі сённяшняй акцыі, Дзяды Марозы як актывісты незарэгістраванай Мін’юстам арганізацыі могуць трапіць за краты. А без іх, як вядома, Новы год можа і не пачацца.

Аднак каля будынка Дома ўрада дарогу ўдзельнікам акцыі перакрылі невядомыя ў цывільным. Пасля працяглых перамоваў з супрацоўнікамі міліцыі ў будынак парламента прапусцілі «Снягурку» Алёну Валынец у суправаджэнні праваабаронцаў Валера Шчукіна і Паўла Левінава. У «парламенцкім холе», як распавёў Валер Шчукін, на яго наляцелі тры асобы ў цывільным і пачалі збіваць.

Акцыя праходзіла ў межах кампаніі «Стоп 193.1!», ініцыяванай Асамблеяй НДА Беларусі. Нагадаем, што за 4 гады паводле артыкула 193.1 КК РБ («незаконная арганізацыя дзейнасці аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасці») былі асуджаныя 17 чалавек.

У лістападзе Генеральная пракуратура не зразумела гумару Дзядоў Марозаў, якія прасілі даць прававую ацэнку іх нелегальнай дзейнасці. У афіцыйным адказе органа нагляду паведамлялася: у выпадку выяўлення звестак аб сістэматычным удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, група Дзядоў Марозаў будзе прыцягнутая да адказнасці.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках