22 лiстапада 2024, Пятніца, 19:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Правы чалавека больш важныя за нафту і газ (Фота, відэа)

15
Правы чалавека больш важныя за нафту і  газ (Фота, відэа)

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была ўручана сёння Хартыяй’97 змагарам за правы чалавека і палітвязням.

Лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека ў намінацыі «За асабістую мужнасць» сёлета сталі лідэр «Моладзі БНФ», палітжаўнер Франак Вячорка, актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бародка і Максім Вінярскі, палітвязні Арцём Дубскі, Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў, Уладзімір Асіпенка і праваабаронца Яна Палякова (пасмяротна).

«Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ўручаецца Хартыяй’97 штогод. І дагэтуль такога яшчэ не было, каб на цырымоніі не прысутнічала столькі лаўрэатаў: палітвязні Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка за кратамі, Франак Вячорка прымусова накіраваны ў войска, праваабаронцы Яне Паляковай прэмія ўручаецца пасмяротна», -- заявіў у пачатку цырымоніі міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў.

Прэмію лаўрэатам або іх прадстаўнікам уручалі вядомыя ў Беларусі палітыкі, праваабаронцы і журналісты.

Так, актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», арганізатарам і ўдзельнікам акцый салідарнасці з палітычнымі вязнямі Змітру Бародку і Максіму Вінярскаму ўзнагароду ўручыў былы старшыня Вярхоўнага Савета 13 склікання, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч.

«Мы разам змагаемся за свабодную Беларусь. Ваша дзейнасць і самаахвяраванне выклікаюць велізарную павагу. Лічу за гонар уручаць Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека такім людзям.

Гэта прэмія вельмі важная. Я памятаю ўсе свае ўзнагароды, пачынаючы ад медалю на школьнай алімпіядзе і сканчваючы міжнароднымі прэміямі. І я ўпэўнены, што гэтыя маладыя людзі запомняць сваю прэмію на ўсё жыццё, яна будзе стымуляваць іх на далейшую дзейнасць. Выдатна, што сярод лаўрэатаў ёсць маладыя людзі. Гэта вельмі добрая тэндэнцыя. У іх няма старой савецкай дэфектнасці, іх не трэба ў чымсьці пераконваць, як людзей старэйшага веку. Шкада, што так шмат лаўрэатаў гэтага года не могуць атрымаць прэмію асабіста. Улады робяць усе, каб такія людзі не маглі звычайна існаваць: іх саджаюць у турмы, забіраюць у войска. Гэта поўнае грэбаванне інтэлектуальным патэнцыялам, які ёсць у краіны.

Хачу таксама адзначыць, што ў Беларусі існуюць аб'яднанні (часам існуюць толькі на паперы), якія часта выкарыстоўваюць слова «еўрапейскасць». Але лаўрэаты прэміі Хартыі’97 з тых, хто не на словах, не на паперы, а на справе змагаюцца за свабодную еўрапейскую Беларусь», -- заявіў першы кіраўнік Беларусі Станіславаў Шушкевіч.

Пасмяротную ўзнагароду для праваабронцы Яны Паляковай, якая скончыла з сабой пасля несправядлівага прысуду да абмежавання свабоды, атрымаў дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Валер Шчукін. Прэмію ўручала вядомая журналістка Ірына Халіп.

«Пасля смерці Яны Паляковай усе раптам убачылі, што яе імя вельмі сугучна з імем іншага героя і чалавека-знака – Яна Палаха. Напэўна, насамрэч ёсць нейкая сувязь. Смерць Яна Палаха, яго самаспаленне ў Празе прымусіла чэшскі народ сысці ў Супраціў і выйсці на плошчу. Пасля смерці Яны Паляковай я думала: штосьці падобнае адбудзецца і з намі. Пакуль не адбылося, і тым цяжэй мне сёння ўручаць гэту ўзнагароду. У пасмяротнай узнагародзе заўсёды прысутнічае штосьці здзеклівае, таму што адразу ўзнікае пытанне: а дзе вы ўсе былі раней, калі гэты чалавек быў жывы? Што мы ўсе зрабілі, каб Яна Палякова засталася жывая, каб выратаваць яе, дапамагчы, падтрымаць? Але я ведаю сапраўды, што адзін чалавек быў заўсёды побач з Яной Паляковай – гэта праваабаронца Валер Шчукін. Мне здаецца справядлівым, каб менавіта ён сёння атрымаў узнагароду для Яны Паляковай», -- заявіла Ірына Халіп.

Валер Шчукін у сваю чаргу запэўніў, што хуткім часам перадасць узнагароду маці праваабаронцы, якая пражывае ў Салігорску.

Прэмію для ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава атрымліваў праваабаронца Алег Воўчак, які актыўна займаецца справай палітвязняў, і дачка аднаго з вязняў сумлення Людміла Асіпенка.

«Мікалаю Аўтуховічу мы ўручаем Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека ўжо ў другі раз – вы ўсе ведаеце яго лёс. Таксама мы ўзнагароджваем Уладзіміра Асіпенку і Юрыя Лявонава. Сёння мы чуем, што барацьба за правы чалавека, за дэмакратыю – гэта ўжо не так модна, гэта ўжо не той трэнд і ёсць больш істотныя рэчы – нафта, газ, эканоміка. Але для Беларусі, для яе будучыні менавіта барацьба за правы чалавека, за чалавечую годнасць з'яўляецца і заўсёды будзе вызначальнай. І я вельмі хачу, каб у жыцці Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенкі, нарэшце, усё было добра, каб як мага хутчэй скончыліся іх пакуты», -- заявіў пры ўручэнні прэміі Андрэй Саннікаў.

Людміла Асіпенка ад імя сям'і палітвязня Уладзіміра Асіпенкі падзякавала ўсім, хто сёння салідарны з вязнямі сумлення і змагаецца за іх вызваленне.

«Ад імя нашага бацькі мы ўсёй сям'ёй дзякуем вам за падтрымку. Для нас гэта нечакана і прыемна. Калі б не дапамога праваабаронцаў і журналістаў, нам было б значна цяжэй. Ваша падтрымка робіць нас мацнейшымі, дапамагае майму бацьку трымацца ў турме. Прысуджэнне Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека яшчэ раз даказвае, што мой бацька не крымінальнік, як сцвярджае дзяржаўная прапаганда. Я вельмі ганаруся сваім бацькам і веру, што мы пераможам», -- заявіла дачка палітвязня.

Прэмію палітвязню, актывісту «Маладога Фронта» Арцёму Дубскаму ўручаў ягонай маці Алене Дубскай каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка.

«Для такой арганізацыі як «Малады Фронт» турма – гэта частка барацьбы, частка жыцця. Мы ўсе ведаем пра так званую «справу 14-ці», калі 14 маладых людзей былі асуджаны за ўдзел у акцыі ў абарону правоў прадпрымальнікаў. Некалькі чалавек яшчэ застаюцца абмежаванымі ў правах, некалькі знаходзяцца за мяжой і ў выпадку вяртання сюды могуць трапіць у турму. Мы ведаем, што сёння «Міжнародная амністыя» афіцыйна прызнала Арцёма Дубскага Вязнем Сумлення. Ён таксама знаходзіўся за мяжой, і мог бы не вяртацца ў Беларусь. Але ён вярнуўся на радзіму, і адразу апынуўся за кратамі. У турме Арцём трымаецца вельмі мужна, ён праводзіў некалькі галадовак, абараняючы свае правы. Мы ўсё жадаем яму найхутчэйшага выхаду на свабоду і молімся за яго», -- заявіў Зміцер Бандарэнка.

Маці Арцёма Дубскага зусім нядаўна сустракалася з ім у турме. «Я атрымала магчымасць пабачыцца з сынам літаральна тыдзень таму. Арцём трымаецца мужна, цвёрда стаіць на сваім і не паказвае, як яму цяжка. Такім ён у мяне быў заўсёды, з дзіцячых гадоў. Я ведаю, што на сына аказваюць у турме сур'ёзны ціск, але ён увесь час мяне супакойваў: «Нічога, мама, прарвемся». Спадзяюся, што сын хутка выйдзе на свабоду. Вельмі чакаю яго», -- сказала маці палітвязня Алена Дубская.

Лідэр «Моладзі БНФ» палітжаўнер Франак Вячорка таксама не змог асабіста атрымаць прэмію «За асабістую мужнасць». Падчас цырымоніі каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка адзначыў:

«У верасні гэтага гады мне «пашчасціла» пабываць па адрасе Кірава, 25, у будынку закрытага Беларускага ліцэя імя Якуба Коласа, дзе цяпер знаходзіцца суд Цэнтральнага раёна Менска. Там мяне судзілі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту і прысудзілі да штрафу. І я сказаў у судзе: раней у гэтым месцы я быў на бацькоўскіх сходах, а сёння мяне тут судзяць. Прэмія за абарону правоў чалавека сёлета ўручаецца Франаку Вячорку. Гэта хлопец, які таксама вучыўся па адрасе Кірава, 25. Два гады легальна, потым два гады падпольна. І ведаеце, выдатны хлопец, вельмі добра вучыўся, усе адзначалі яго суперінтэлектуальныя здольнасці. Як большасці выпускнікоў Беларускага ліцэя яму прапанавалі вучыцца за мяжой у прэстыжнай навучальнай установе. Але ён сказаў: не, я буду вучыцца ў Беларусі. Паступіў адразу на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, быў адтуль выключаны праз некалькі гадоў за пропускі заняткаў – у той час ён знаходзіўся ў турме.

Па стане здароўя Франак Вячорка не мог ісці ў войска, але яго прымусілі, і ён патрапіў у нашы доблесныя ўзброеныя сілы. Я сам служыў, і ведаю, што войска – не мёд, тым больш, калі чалавек патрапіў туды прымусова. Гэта можа выклікаць наймацнейшы стрэс. Але Франак Вячорка застаўся самім сабой. Праз нейкі час мы будзем узгадваць як дзіўны сон тое, як беларускі хлопец дамагаўся ў войску магчымасці размаўляць на беларускай мове, ужываць беларускую ваенную тэрміналогію. Франак Вячорка працягнуў барацьбу за свае правы ў войску. Безумоўна, гэта заслуга і Франака, і яго бацькоў – Вінцука і Арыны Вячорак», -- адзначыў праваабаронца.

Бацька палітжаўнера, адзін з лідэраў Партыі Беларускага Народнага Фронта Вінцук Вячорка, атрымаўшы прэмію для сына, заявіў:

«Я размаўляў з Франакам, распавёў яму пра прэмію, ён успрыняў гэту навіну з вялікім захапленнем. Гэта важная маральная падтрымка для чалавека, які, як і многія іншыя, апынуўся сярод палітычных прызыўнікоў. Гэта прыцягненне ўвагі да схаваных рэпрэсій, калі чалавека не садзяць у турму, а ізалююць ад грамадства такім чынам, што само грамадства, як беларускае, так і міжнароднае, не разумее, што гэта рэпрэсіі. Я таксама як бацька ўдзячны, што ацанілі паслядоўнасць майго сына, які за год у войску змог абараніць свае правы на родную мову, на свае погляды і чалавечую годнасць. Праваліліся ўсе спробы зламаць яго маральна, зрабіць з яго лукашэнкаўскага салдаціка. Наадварот, Міністэрства абароны, уся сістэма змушаны рэагаваць на яго пазіцыю. І для нас усіх, родных, блізкіх, сяброў Франака важна, што нашы аднадумцы ўзнагародзілі яго гэтай прэміяй», -- сказаў Вінцук Вячорка.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках