28 верасня 2024, Субота, 23:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталін стаў галоўным абвінавачваным ва ўкраінскай справе аб Галадаморы

33

Служба бяспекі Украіны скончыла расследаванне крымінальнай справы аб «генацыдзе ўкраінскага народа ў 1932-33 гадах», які ўвайшоў у гісторыю як Галадамор.

Справа перададзеная ў генпракуратуру Украіны. Галоўным абвінавачваным з'яўляецца Іосіф Сталін - з яго прозвішча пачынаюцца і матэрыялы справы, і абвінаваўчае заключэнне, паведаміў у чацвер у эфіры ўкраінскага «Пятага канала» кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка, перадае NEWSru.com.

Паводле яго словаў, у справе фігуруюць і асабістыя подпісы, і асабістыя таемныя ўказанні Сталіна, і ўсё тое, што мае дачыненне да падрыхтоўкі галадамору, і непасрэдна самі факты здзяйснення злачынства. Сабраная доказная база налічвае 320 тамоў і ўключае мноства важных дакументаў і паказанняў, у тым ліку рассакрэчаных, заявіў Налівайчанка.

Паводле вынікаў дэмаграфічнай экспертызы, якія былі далучаныя да доказнай базы, страты мірнага насельніцтва ад Галадамору склалі 10 мільёнаў 63 тысячы чалавек, з якіх 91,2% - украінцы.

Ён таксама заявіў, што распачаты на Украіне крымінальны працэс па Галадаморы «азначае юрыдычна і ў міжнародна-прававым вымярэнні тое ж, што і Нюрнбергскі працэс». Налівайчанка падкрэсліў, што прозвішчы і дакументы, выяўленыя следствам па гэтай справе, будуць апублікаваныя і пададзеныя ў міжнародныя судовыя інстанцыі.

Акрамя Сталіна, у справе фігуруюць і іншыя першыя асобы СССР - Вячаслаў Молатаў, Лазар Кагановіч, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва савецкай Украіны - Станіслаў Касіёр, Улас Чубар, Павал Постышаў. Прозвішчы трох апошніх былі названыя ў лістападзе ў якасці непасрэдных вінаватых ў Галадаморы, якіх будуць судзіць, хаця яны самі былі расстраляныя пры сталінскім рэжыме.

Годам раней СБУ упершыню апублікавала спіс асобаў, датычных да Галадамора і рэпрэсіяў на Украіне. Першым у ім таксама значыўся Сталін, аднак больш ніводнага прозвішча з цяпер названай шасцёркі «злачынцаў» там не было.

Расследаванне крымінальнай справы па факце голаду 1930-х гадоў Служба бяспекі Украіны распачала ў траўні 2009 года. Пры гэтым у крымінальна-працэсуальным кодэксе краіны ёсць норма, не якая дазваляе выносіць прысуд у дачыненні да памерлага чалавека. Аднак, на думку Налівайчанкі, можа выкарыстоўвацца прэцэдэнт, калі злачынства супраць чалавечнасці не мае тэрміну даўнасці.

Галадамор - сацыяльная катастрофа, масавы голад, які ахапіў шырокія тэрыторыі і прывёў да значных чалавечых ахвяраў. За савецкую гісторыю масавы голад на Украіне, як і ў шмат якіх іншых раёнах краіны, быў адзначаны тройчы, аднак найбольш сур'ёзныя маштабы прыняў у 1932-1933 гадах, калі неспрыяльныя ўмовы надвор'я наклаліся на пачатак калектывізацыі.

Тады голад ахапіў асноўныя збожжавыя раёны СССР - Украіну, Беларусь, Паўночны Каўказ, Ніжняе і Сярэдняе Паволжа, значную частку Цэнтральна-Чарназёмнай вобласці, Казахстан, Заходнюю Сібір, Паўднёвы Урал. Паводле розных дадзеных, загінулі 7-8 мільёнаў чалавек, найбольшыя страты панесла Украіна. Там сцвярджаюць, што калі б не Галадамор, насельніцтва краіны на сёння было б ўдвая большае - да 100 млн чалавек.

Асноўным фактарам, які выклікаў масавы голад, украінскія гісторыкі называюць рашэнне кіраўніцтва СССР аб канфіскацыі ўсіх магчымых і немагчымых «лішкаў» збожжа для пакрыцця замежных крэдытаў на закупку імпартнага прамысловага абсталявання. Сусветны кошт на збожжа ў той перыяд знізіўся, але патрабавася вяртанне плацяжоў.

Пры гэтым таксама назіралася відавочнае імкненне «загнаць аднаасобнікаў» у калгасы - у тым ліку, нормы здавання хлеба для аднаасобнікаў усталёўваліся ў 1,5-3 разы вышэй, чым для калектыўных гаспадарак. Пры выяўленым праверкамі факце крытычнага становішча ў сёлах, ільготы па здаванні усталёўваліся для калектываў большыя, чым для «прыватнікаў». Іншым фактарам паслужыў нізкі ўраджай збожжавых на Украіне ў 1931-1932 гадах у выніку рэзкага скарачэння пасяўных плошчаў.

У СССР у «даперабудоўныя» часы маштабы трагедыі, якая адбылася, і яе сапраўдныя прычыны хаваліся. Існуе пункт гледжання, паводле якога масавая гібель насельніцтва Украіны ад голаду была шмат у чым выкліканая свядомымі і мэтанакіраванымі дзеяннямі савецкага кіраўніцтва. Гэты пункт гледжання атрымаў пэўнае прызнанне на міжнародным узроўні, а слова «галадамор» (Holodomor) у значэнні «Вялікі голад на Украіне ў 1932-1933 гг.» увайшло ў міжнародныя дакументы.

Аднак такая пазіцыя выклікае катэгарычную нязгоду Расеі, якая адмаўляе, што Галадамор быў зладжаны савецкім кіраўніцтвам свядома дзеля знішчэння ўкраінскай нацыі. Яна ўвесь час нагадвае, што ад яго сур'ёзна пацярпелі і іншыя савецкія народы. У лістападзе 2003 года ААН прызнала голад 1932-1933 гадоў трагедыяй і іншых рэспублікаў былога СССР.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках