27 снежня 2024, Пятніца, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адвакат Мікалая Аўтуховіча: «Следства пабаялася даць нам копіі дакументаў справы»

8

24 снежня абвінавачаныя ў падрыхтоўцы тэракту палітвязні Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка завяршылі азнаямленне з матэрыяламі справы.

З матэрыяламі крымінальнай справы Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка пачалі знаёміцца ў пачатку снежня. Вядома, што следства пачалося яшчэ ў лютым, справа налічвае 17 тамоў. Адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка называе сабраныя доказы «нічога на вартымі» і сёння ж збіраецца накіраваць у міліцыю хадайніцтва аб прыпыненні крымінальнага пераследу Мікалая Аўтуховіча. Павал Сапелка лічыць, што міліцыя даўно павінна была закрыць справу супраць Аўтуховіча і папрасіць у прадпрымальніка прабачэння, паведамляе «Радыё Свабода».

«А замест гэтага следства незразумелымі метадамі, незразумелымі шляхамі, якія далёкія ад законных і абгрунтаваных, збірала бачнасць таго, што можа стаць апраўданнем для ўжо практычна гадавога знаходжання чалавека ў турме. А па выніках азнаямлення следства нават пабаялася дазволіць нам скапіяваць матэрыялы, якія нас цікавяць у справе. Верагодна, людзям сорамна за тое, што яны напрацавалі за гэтыя 10 месяцаў», -- заявіў Павал Сапелка.

Адмову ў капіяванні дакументаў справы адвакат Мікалая Аўтуховіча называе незаконнай. Па словах Паўла Сапелкі, яму пакуль адмовілі вусна, а без пісьмовай адмовы ён не можа назваць прычыны, на якія спасылаецца следства. Адвакат кажа, што без копіяў справы значна ўскладніцца абарона Аўтуховіча ў судзе.

«Каб добра ўяўляць справу ў развіцці, трэба мець на руках усе матэрыялы ў сістэматызаваным выглядзе, -- патлумачыў адвакат. -- Мы вельмі спадзяваліся, што ў нас будуць пратаколы следчых дзеянняў у копіях. Тым больш, закон не забараняе гэтага, а нават наадварот, загадвае».

Па словах Паўла Сапелкі, следчыя, верагодна, баяцца, сярод іншага, што копіі дакументаў справы калі-небудзь стануць вядомыя грамадскасці.

Таксама хадайніцтва аб прыпыненні крымінальнай справы накіравала адвакатка палітвязня Уладзіміра Асіпенкі Тамара Сідарэнка. Яна лічыць яго віну недаказанай следствам. Акрамя гэтага, Сідарэнка патрабуе, каб ёй таксама, як і Паўлу Сапелку, далі копіі матэрыялаў справы.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 КК. 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» была ўзбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

8 жніўня Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара, а 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.

З 16 красавіка па 16 ліпеня палітвязень Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Юры Лявонаў сёлета сталі лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека ў намінацыі «За асабістую мужнасць». Прэмія заснаваная Хартыяй’97.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках