25 снежня 2024, Серада, 18:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы скупляюць патрыманыя аўто з-за пошліны Мытнага саюза

38

За апошнія тыдні колькасць продажу патрыманых аўтамабіляў вырасла не менш, чым у два разы.

Пра гэта паведамляюць прадпрымальнікі, якія займаюцца дастаўкай аўтамабіляў з Заходняй Еўропы. Разам з тым, цэны на патрыманыя аўтамабілі павялічыліся ў сярэднім больш, чым на 500 даляраў.

З 1 студзеня 2010 года ўводзіцца адзіны мытны тарыф для юрыдычных асоб у краінах Мытнага саюза (Расея, Беларусь, Казахстан). Пошліны для юрасоб на легкавыя аўтамабілі ў краінах Мытнага саюза прыраўнуюць да расейскіх, якія на парадак вышэй за беларускія пошліны, перадае РИА «Новости».

Разам з тым, у складанай сітуацыі апынуліся і афіцыйныя аўтадылеры. Іх палохае не гэтулькі падвышэнне мытных тарыфаў з 1 студзеня, як той факт, што мытныя тарыфы для фізічных асоб будуць перагледжаныя толькі да 1 ліпеня 2010 года. Такім чынам, паўгады аўтадылеры будуць прапаноўваць пакупнікам аўто, размытненыя па новых стаўках, тады як для фізасоб будуць дзейнічаць старыя тарыфы.

У неафіцыйных размовах прадстаўнікі аўтадылераў паведамляюць, што да новага года паспрабуюць максімальна запоўніць свае склады і на гэтым запасе пражыць паўгады. Яны таксама заклікаюць пакупнікоў забыцца пра яшчэ нядаўна папулярныя акцыі з паніжэннем коштаў. Акрамя таго, аўтадылеры не выключаюць аднаўлення шэрых схем увозу аўтамабіляў у Беларусь. Некалькі гадоў таму такія схемы адпалі з-за ўказу прэзідэнта, што ўраўнаваў мытныя плацяжы на аўтамабілі для фізічных і юрыдычных асоб.

Блізкасць Еўразвяза і нізкія стаўкі мытных пошлін прызвычаілі беларускіх кіроўцаў да адносна недарагіх імпартных аўтамабіляў. На беларускіх дарогах параўнальна рэдка можна сустрэць аўтамабіль маркі ВАЗ. Значна часцей можна пабачыць Mercedes або BMW прадстаўніцкага класа.

Паводле дадзеных старшыні Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргея Міхневіча, за чатыры гады афіцыйныя аўтадылеры павялічылі гадавыя аб'ёмы продажаў у рэспубліцы ў 10 раз - з 2,5 тысячы адзінак да больш за 25 тысяч. Калі ў 2005 годзе доля машын, што ўвозяцца юрасобамі і прадпрымальнікамі, складала каля 1% імпарту аўтамабіляў, то ў 2008 годзе яна павялічылася да 43%. У 2008 годзе аўтабізнэс прынёс у бюджэт дзяржавы ў выглядзе мытных пошлін не менш за 400 мільёнаў даляраў і каля 50 мільёнаў даляраў падатковых плацяжоў.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках