25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фільм Хашчавацкага «У пошуках ідыша» атрымаў узнагароду ў Нью-Ёрку

20
Фільм Хашчавацкага «У пошуках ідыша» атрымаў узнагароду ў Нью-Ёрку

З Беларусі родам шматлікія вядомыя мастакі, музыкі, пісьменнікі, паэты, зоркі Галівуду.

Фільм Юрыя Хашчавацкага «У пошуках ідыша» атрымаў узнагароду Нью-Ёркскага міжнароднага незалежнага кіна-відэафэста. Беларуская кінастужка «У пошуках ідыша» прызнаная «Лепшым міжнародным фільмам» у катэгорыі «Культура». Нью-Ёркскі міжнародны незалежны кіна-відэафэст - адзін з найбуйнейшых у свеце, на ім прадстаўленыя ўсе віды кіно. На фэст дасылаюць для адбору да 10 тысячаў фільмаў. Кінафорум доўжыцца цэлых чатыры месяцы і праходзіць, акрамя Нью-Ёрка, яшчэ ў Лос-Анджэлесе.

Знакаміты беларускі кінарэжысёр Юры Хашчавацкі адказаў на пытанні сайта charter97.org:

-- Юры Іосіфавіч, распавядзіце, тым, хто не бачыў, пра што фільм «У пошуках ідыша»?

-- Гэта фільм, які мы зрабілі з вядомым бардам Аляксандрам Гарадніцкім. Фактычна гэта гісторыя яго жыцця, яго бацькоў і каранёў. Бо габрэйская галіна Гарадніцкага з Магілёва, адтуль яго маці, бацька, бабуля, дзядуля, хаця сам спявак нарадзіўся ў Пецярбургу. Гэта фільм пра паездку Гарадніцкага па Беларусі, якую ён здзяйсняе, каб зразумець, хто яго продкі і як яны жылі.

Гісторыя фільма такая. Спачатку з Аляксандрам Гарадніцкім пазнаёміўся вядомы беларускі аператар Сямён Фрыдлянд, які зараз жыве ў Германіі. Мы з Сямёнам рабілі кіно на габрэйскую тэму 20 гадоў таму - «Усё добра». Дык вось Сямён, калі сустрэўся з Гарадніцкім, вырашыў працягнуць гэтую тэму, і яны пачалі здымаць. У іх з'явіўся надзвычай цудоўны прадзюсар Наталля Каспяровіч. Але, калі яны сталі працаваць утрох, зразумелі, што ім яшчэ патрэбны я, і мне прапанавалі ўвайсці ў гэтую цудоўную кампанію. Я палічыў за гонар працаваць з такімі людзьмі, здымаць фільм з Гарадніцкім, песні якога я спяваў з ранняга юнацтва. Мы вельмі шмат і плённа працавалі, ад чаго мая павага да Гарадніцкага, як казаў Гарбачоў, «яшчэ больш паглыбілася». Карацей, засталіся задаволеныя абодва.

-- А чаму фільм называецца «У пошуках ідыша»?

-- У гэтым фільме ёсць абсалютна фенаменальная рэч (мы нават не думалі, што так атрымаецца) - мова ідыш, якая знікае, і праблемная беларуская мова маюць аднолькавы лёс. Што адбываецца, калі людзі губляюць сваю родную мову? У Гарадніцкага ёсць песня, радкі якой з'яўляюцца лейтматывам фільма: «Мова памірае, калі памірае народ. Народ памірае, калі памірае мова».

І ведаеце яшчэ што дзіўна? Ідыш шматлікія беларускія габрэі наогул не ведаюць, а ў простых беларусаў ён захаваўся. Шмат беларусаў, бабулі, дзядулі, так размаўляюць на ідыш, як габрэі не размаўляюць. Беларускія мастакі-рэстаўратары нават склалі беларуска-ідышскі слоўнік. Яны зрабілі адкрыццё, што ідыш, па сутнасці, з'яўляецца мовай эсперанта, ён па-філалагічнаму вельмі цікавы, паколькі ўключае мовы ўсіх краінаў, дзе жылі габрэі. Там шмат беларускіх, нямецкіх, польскіх, літоўскіх словаў, і ўсе яны выкарыстоўваюцца цалкам дзіўным чынам.

-- А наколькі тэма беларускага габрэйства сёння актуальная?

-- Вельмі актуальная! Каласальная колькасць габрэйскіх галінаў выйшла з Беларусі, яны расцякліся па ўсім свеце. І шмат якія непаінфармаваныя людзі сёння са здзіўленнем даведваюцца, што з Беларусі паходзяць шматлікія вядомыя мастакі, музыкі, пісьменнікі, паэты, зоркі Галівуду.

Я неяк сустракаўся з адным з самых знакамітых прадзюсараў студыі Universal Эдам Эзнерам. Ён мне паказаў велізарную фатаграфію на сцяне, дзе выяўленая габрэйская сям'я з чалавек дванаццаці. І Эд кажа: «Гэта мае продкі, яны былі смецярамі ў Расеі». Я пытаю: у якім горадзе? А ён кажа, што ў Лідзе. Тобок яны думаюць, што яны з Расеі, нягледзячы на тое, што ў Расею наогул габрэяў не пускалі, была «рыса аседласці».

Так што Беларусь – унікальнае месца, дзе ўсё нарадзілася і выпліснулася ў Амерыку, Ізраіль і па ўсім свеце. Зразумець і даведацца габрэйскую гісторыю настолькі ж важна, як раскапаць Трою ці знайсці Атлантыду, таму што гэта каласальная цывілізацыя. Дастаткова сказаць, што ў Беларусі нарадзіліся мастакі Марк Шагал, Хаім Суцін, Егуда Пен, а, колькі літаратуры адсюль выйшла!... Спіс сусветных «зорак» вельмі доўгі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках