24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Луканін: «Пратэстанцкія абшчыны апынуліся пад пагрозай ліквідацыі»

2

Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў вернікам царквы «Новае жыццё», якія намагаліся адмяніць судовае рашэнне аб перадачы іх будынка на баланс гарадскіх уладаў.

Згодна з рашэннем Вышэйшага гаспадарчага суда вернікі «Новага жыцця» абавязаны вызваліць памяшканне, у якім знаходзіцца царква.

Як паведамляе «Радыё Свабода», зараз вернікаў могуць выселіць з будынку царквы ў любы дзень. Яны заявілі, што будынак не аддадуць. Юрыст царквы «Новае жыццё» Сяргей Луканін лічыць, што суддзя загадзя ведаў, якое рашэнне будзе прынята ў спрэчцы вернікаў з уладамі. Суддзя Сцяпан Турмовіч зачытаў толькі рашэнне, не патлумачыўшы прычынаў адмовы.

Падчас працэсу ў вернікаў была магчымасць распавесці, як развіваліся падзеі і якая сітуацыя склалася вакол царквы. Але суддзя прапанаваў засяродзіцца толькі на судовай справе.

«Калі суддзя застаўся ў кабінеце для вынясення судовага рашэння, у нас не было іншых думак, апроч той, што суд прыме рашэнне не на карысць нашай царквы, -- кажа юрыст «Новага жыцця» Сяргей Луканін. -- Суды працягваюць выконваць тыя загады, якія ім даюць зверху. Пазіцыя ўладаў наконт нашай царквы не змянілася. На жаль, у нашай краіне не толькі наша царква, але і пратэстанцкія абшчыны ўвогуле знаходзяцца пад моцным ціскам з боку ўлад. Яны аказаліся пад пагрозай ліквідацыі».

Пастар «Новага жыцця» Вячаслаў Ганчарэнка падзяляе думку юрыста аб тым, што судовае рашэнне цалкам упісваецца ў палітыку ўладаў у дачыненні да пратэстанцкіх рэлігійных суполак.

«Судовае рашэнне ёсць прыкладам таго, што ў нашай краіне існуе сур’ёзная праблема са свабодай рэлігіі. Улада перашкаджае рэлігійнай дзейнасці, што тычыцца дакладна нашай царквы. Час ад часу ўзнікаюць праблемы і ў іншых пастараў, якія не могуць зарэгістраваць царкву ці пабудаваць храм. У большай ступені гэта тычыцца, натуральна, пратэстантаў, бо рэлігійны закон больш закранае пратэстанцкі рух», - заяўляе Вячаслаў Ганчарэнка.

Нагадаем, што грамадзянская справа паміж царквой і Менгарвыканкамам па пытанні зносу будынка па Кавалёва, 72 вялася з кастрычніка 2005 года. У кастрычніку 2006 года вернікі правялі 23-дзённую галадоўку, падчас якой Ганчарэнку запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта і прапанавалі вырашыць сітуацыю ў судзе. У студзені 2009 года Вышэйшы гаспадарчы суд пацвердзіў законнасць рашэння гарвыканкама аб канфіскацыі зямельнага ўчастку супольнасці з наступным выкупленнем будынка царквы за 37,5 млн. рублёў.

16 сакавіка ўлады прапанавалі вернікам абмеркаваць пытанне будаўніцтва ў раёне МКАД - вуліцы Шаранговіча новага будынка царквы на ўчастку плошчай каля 0,4 га, які ў чатыры разы меншы за раней вылучаны. Аднак на агульным сходзе 5 траўня вернікі аднагалосна прагаласавалі супраць гэтай прапановы. Яны лічаць, што вырашэнне пытання аб вылучэнні супольнасці новага ўчастку зойме да двух гадоў і запатрабуе ад царквы не менш за 100 тыс. даляраў ЗША, а ўзвядзенне новага храма - не менш за 3 млн. даляраў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках