24 снежня 2024, aўторак, 19:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыя БНФ: «Кансультатыўныя саветы» пры Лукашэнку – бутафорыя. Патрабуем свабодных выбараў

6

Лідэры Партыі БНФ абвесцілі патрабаванні, якія будуць высунутыя ўладам пад час акцыі 25 сакавіка.

У прэс-канферэнцыі, прысвечанай святкаванню 25 сакавіка Дня Волі, сёння прынялі ўдзел лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і яго намеснікі Віктар Івашкевіч і Вінцук Вячорка.

Лявон Баршчэўскі падвергнуў рэзкай крытыцы ўдзел некаторых апазіцыянераў у так званых «грамадска-кансультатыўных саветах», створаных пры адміністрацыі Лукашэнкі. Партыя БНФ лічыць немагчымым удзел апазіцыі ў гэтай «бутафорыі дыялогу». На думку Баршчэўскага, неабходна прымусіць улады весці рэальныя перамовы з дэмакратычнымі сіламі, і асноўным пытаннем перамоваў павінна стаць правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў.

«Прыдуманы савет пры кіраўніку адміністрацыі Лукашэнкі не мае ніякіх паўнамоцтваў, акрамя тых, што маюць звычайныя грамадзяне. Калі казаць пра пытанні, якія павінны абмяркоўвацца, дык гэта, у першую чаргу, пераход да дэмакратычнай сістэмы кіравання. А гэта дасягальна толькі праз выбары. Стварэнне ўмоваў правядзення свабодных выбараў – адзінае пытанне, якое сёння павінны абмяркоўваць улада і апазіцыя. Так адбывалася ў 1988 годзе ў Польшчы падчас «круглага стала» з удзелам «Салідарнасці» і рэжыму Ярузэльскага. Усё астатняе, уключаючы гэтыя «саветы», робіцца ў якасці шырмы», -- заявіў палітык.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заявіў, што сёння беларускія ўлады павінны зразумець, што за дэмакратычнымі сіламі Беларусі стаяць сотні тысячаў грамадзянаў, якія жадаюць пераменаў у краіне. На думку палітыка, падчас масавай акцыі 25 сакавіка павінны быць узнятыя пытанні, якія сёння хвалююць беларускае грамадства. У сувязі з гэтым Партыя БНФ канкрэтызавала патрабаванні да ўладаў. Акрамя пытанняў незалежнасці і дэмакратыі, падчас дэманстрацыі пратэсту будуць таксама высунутыя патрабаванні сацыяльнай абароны людзей. Напрыклад, неабходнасць індэксацыі зарплатаў і пенсіяў у адпаведнасці з ростам коштаў, выплаты працоўным, якія патрапілі пад скарачэнні, выхадной дапамогі ў памеры паўгадавой зарплаты.

Пры гэтым Віктар Івашкевіч агучыў прапановы па першачарговых мерах абароны беларусаў ад сацыяльных наступстваў крызісу. Партыя БНФ прапаноўвае перадаць у дзяржбюджэт сродкі зачыненага фонду Лукашэнкі.

На думку Івашкевіча, прэзідэнцкі фонд «з'яўляецца непразрыстым, некантраляваным, але ў той жа час вядома, што ў ім акумуляваныя значныя фінансавыя сродкі». Пры гэтым, падкрэсліў палітык, Беларусь бярэ крэдыты за мяжой, якія «таксама ідуць на невядомыя мэты».

Таксама прапановы партыі ўтрымліваюць патрабаванні спыніць дзяржаўнае фінансаванне ідэалагічнай вертыкалі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ). Партыя БНФ патрабуе замарозіць дзяржаўнае фінансаванне будаўніцтва і падтрымкі «беспрыбытковых аб'ектаў, якія не маюць першачарговай сацыяльнай значнасці» (лядовыя палацы, лінія Сталіна, аграгарадкі і г.д.).

Разам з гэтым партыя прапаноўвае зрабіць тое, што, па словах Івашкевіча, ужо зроблена як у еўрапейскіх краінах, так і ў ЗША — колькасна скараціць апарат, у першую чаргу кантольных органаў і сілавых структураў і «урэзаць» велізарныя зарплаты кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў і структураў. «Цалкам нелагічна, калі дырэктар прадпрыемства, якое датуецца з бюджэту ці фактычна з'яўляецца стратным, атрымлівае 8-10 млн. рублёў зарплаты ў той час, калі на прадпрыемстве скарачаюцца працоўныя месцы і ўразаются зарабатныя платы тым працаўнікам, якія непасрэдна вырабляюць прадукцыю», - заявіў Івашкевіч.

БНФ лічыць, што без прыцягнення заходніх інвестыцыяў і далучэння да еўрапейскіх праграмаў развіцця, Беларусі немагчыма захаваць адпаведны жыццёвы ўзровень людзей і выратаваць эканоміку. «Шлях лібералізацыі эканомікі і супрацоўніцтва з Еўропай немагчымы без дэмакратызацыі палітычнага жыцця ў Беларусі. Дзейсная ўлада паказвае сваю няздольнасць да правядзення дэмакратычных рэформаў», -- заявіў Івашкевіч.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што 25 сакавіка, якое з'яўляецца сапраўдным Днём незалежнасці Беларусі, немагчыма абыйсці ўвагай апошнія вайсковыя дамовы, падпісаныя Лукашэнкам з Масквой – аб адзінай з Расеяй сістэме СПА і стварэнні калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання пры АДКБ. На думку палітыка, удзел Беларусі ў вайсковых саюзах – гэта пытанне палітычнага выбару. НАТА – гэта звяз дэмакратычных краінаў, а АДКБ – саюз дыктатураў, адзначыў Вячорка. Паводле яго словаў, пытанне пра недапушчальнасць ўцягвання Беларусі ў ваенна-палітычныя авантуры Расеі стане адным з асноўных патрабаванняў удзельнікаў дэманстрацыі 25 сакавіка.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках