Беларусь можа адмовіцца ад імпарту ўкраінскай электраэнергіі
4- 12.02.2009, 10:19
Мінэнерга Беларусі заяўляе, што «на дадзеным этапе імпарт расейскай электраэнергіі больш выгодны ў параўнанні з украінскай».
Аб гэтым заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнік беларускага энергетычнага ведамства.
«У сувязі з дэвальвацыяй расейскага рубля Беларусі значна больш выгодна закупляць расейскую электраэнергію, паколькі кантракт на яе імпарт складзены ў расейскіх рублях», - сказаў суразмоўца, каментуючы заявы ўкраінскага боку аб сабатажы з боку Беларусі раней дасягнутых дамоўленасцяў, што прывяло да адсутнасці кантракту на імпарт украінскай электраэнергіі.
Ён растлумачыў, што ў пачатку студзеня 2009 года кошт расейскай электраэнергіі для Беларусі ў даляравым эквіваленце складаў 4,5 цэнты за 1 квт/г. Прыкладна аб такім жа кошце паставак дамовілася тады Беларусь з Украінай, і на той момант прапанова ўкраінскага боку была канкурэнтаздольнай.
Паміж тым, у сувязі з дэвальвацыяй расейскага рубля на пачатак лютага кошт імпарту электраэнергіі ў даляравым эквіваленце знізіўся да 4 цэнтаў за 1 квт/г, адзначыў прадстаўнік Мінэнерга. У гэтай сітуацыі, па ягоных словах, украінскі бок, спасылаючыся на раней дасягнутыя вусныя дамоўленасці, настойвае на заключэнні кантракту па кошце не менш чым 4,5 цэнты за 1 квт/г з умовай фіксацыі кошту ў далярах пры разліках у грыўнах.
"На дадзены момант прапанова ўкраінскага боку па пастаўках электраэнергіі не выгодная выключна па эканамічных прычынах. Ніякага палітычнага складніку, у тым ліку ўплыву расейскага боку, у пазіцыі беларускага боку няма", - падкрэсліў суразмоўца.
Як паведамлялася, намеснік дырэктара дзяржпрадпрыемства "Ўкрінтэрэнерга" міністэрства паліва і энергетыкі Ўкраіны Ірына Ціханчук заявіла агенцтву "Інтэрфакс-Захад", што "беларускі бок сабатуе падпісанне кантрактаў на імпарт украінскай электраэнергіі і яе транзіт у Літву". Па ейных словах, сутнасць прэтэнзій украінскага боку складаецца ў тым, што беларускі бок пастаянна вылучае новыя ўмовы і патрабаванні, імкнучыся знізіць кошт імпарту ўкраінскай электраэнергіі.
Яна таксама лічыць, што беларускі бок "высунуў невыканальныя патрабаванні па ўмовах аплаты транзіту ўкраінскай электраэнергіі ў Літву". Па ейных дадзеных, адсутнасць транзіту ўкраінскай электраэнергіі зыходзячы з меркаваных аб'ёмаў на ўзроўні 150 млн квт/г у месяц з'яўляецца для Беларусі выпушчанай выгадай у аб'ёме каля $12 млн у год.
Кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны дамовіліся 20 студзеня ў Чарнігаве аб аднаўленні паставак украінскай электраэнергіі ў Беларусь. Падчас іхняй сустрэчы быў падпісаны міжурадавы мемарандум аб супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы, які таксама прадугледжвае магчымасць транзіту ўкраінскай электраэнергіі праз Беларусь у краіны Балтыі.
У пачатку 2008 года Беларусь імпартавала электраэнергію з Украіны ў малаважным аб'ёме (0,6 млн квт/г), пасля пастаўкі былі прыпыненыя з-за рознагалоссяў у кошце. У 2007 годзе Беларусь закупіла 689,3 млн квт/г украінскай электраэнергіі, у 2006 годзе - 2,5 млрд квт/г.
Украінская электраэнергія можа пастаўляцца ў Беларусь па двух высакавольтных лініях - "ЧАЭС- Мазыр" і "Чарнігаў-Гомель". У 2009 годзе абмяркоўваецца магчымасць пастаўкі да 2,5 млрд квт/г украінскай электраэнергіі.
Беларусь дамовілася з Расеяй аб імпарце ў 2009 годзе 5 млрд квт/г электраэнергіі, у тым ліку гарантаваныя пастаўкі складуць 3 млрд квт/г.