Раман Якаўлеўскі: «За гэты стол усаджваюць толькі тых, каго хоча бачыць улада»
9- 12.02.2009, 12:27
Незалежныя эксперты падкрэсліваюць, што працай «грамадска-кансультатыўнага савета» пры Адміністрацыі Лукашэнкі ўлада хоча толькі стварыць бачнасць ліберальных тэндэнцый у краіне.
6 лютага адбылося першае паседжанне савета - яно насіла азнаямленчы характар і па большай частцы было прысвечана працэдурным пытанням. АКС быў створаны 27 студзеня распараджэннем кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзіміра Макея. Заяўлена, што савет нібы з'яўляецца «дарадчым органам, створаным у мэтах абмеркавання найбольш важных пытанняў грамадска-палітычнага жыцця краіны і выпрацоўкі па іх неабходных прапаноў».
Каментуючы пачатак працы АКС, аналітык Раман Якаўлеўскі у інтэрв'ю БелаПАН адзначыў: хоць кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі казаў аб сваім жаданні «адкрыта і шчыра» абмяркоўваць актуальныя пытанні развіцця беларускага грамадства, «уся справа ў тым, што ніякіх уладных паўнамоцтваў савет не мае. Прымаць нейкія рашэнні, уплываць на нешта дадзены савет не можа».
Пры гэтым аналітык назваў памылковымі параўнанні цяперашняга савета з тымі круглымі сталамі, якія праводзіліся два дзесяцігоддзі таму ў Польшчы і іншых краінах Усходняй Еўропы.
«За тымі сталамі сядзелі раўнацэнныя ўдзельнікі, а ў нас за стол савета ўсаджваюць толькі тых, каго хоча бачыць улада», - сказаў Якаўлеўскі.
Паводле палажэння аб стварэнні АКС, ягоныя ўдзельнікі могуць мяняцца. Але, як падкрэсліў аналітык, вызначаць склад савета можа толькі адзін з бакоў.
«Гэта кажа толькі аб тым, што запрошаны ў савет выконвае функцыю захавання існуючага рэжыму, толькі ў новых умовах», - падкрэсліў Раман Якаўлеўскі.
Па ягоным меркаванні, дадзены савет так і застанецца бутафорскім органам, створаным выключна для таго, каб паказаць партнёрам з Еўразвяза, што ў Беларусі нібыта ідуць нейкія дэмакратычныя пераўтварэнні. Пры гэтым беларуская ўлада, якая выняла «добры ўрок з гарбачоўскай перабудовы», будзе «вельмі жорстка кантраляваць градус і ўзровень удзелу ў працы савета».
«Усё будзе адбывацца пад вельмі жорсткім кантролем. Улады не дазволяць нічога, што магло бы хоць неяк ім пашкодзіць», - сказаў Раман Якаўлеўскі.