27 снежня 2024, Пятніца, 8:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крызіс: беларусы не купляюць нават цьвікі

4

У рэгіёнах на няпоўны працоўны дзень пераходзяць прадпрыемствы, якія выпускаюць тавары для хатняга ўжытку. Расьце напружанасьць на рынку працы.

Новыя “адрасы” крызісу называюць карэспандэнты «Радыё Свабода».

У Наваградку на Гарадзеншчыне завод мэталічных вырабаў працуе па скарочаным графіку — чатыры дні на тыдзень.

На тутэйшым заводзе 300 рабочых. Прадукцыю, — а гэта мэталічная сетка, цьвікі, сэйфы ды іншае, — прадпрыемства пастаўляе на ўнутраны рынак.

Намесьніца дырэктара завода Леакадзія Шайпук з жалем у голасе кажа, што іхная прадукцыя на замежным рынку ня мае попыту з-за высокага кошту.

«Зараз ужо ня тыя вялікія заказы, што былі раней. Прадпрыемствы гандлю не разьлічваюцца. Бюджэт таксама пусты — заказалі прадукцыі, а ня плацяць. Сама балючае сёньня пытаньне — гэта збыт. Калі ён ёсьць, то ўсё астатняе прыкладаецца», - мяркуе яна.

Леакадзія Шайпук распавядае, што на працягу апошніх гадоў на прадпрыемстве намагаліся купляць новае абсталяваньне, але каб цалкам мадэрнізаваць завод — нестае грошай. Няясна пакуль і з пэрспэктывамі. Паводле спадарыні Шайпук, галоўнае, каб далей ня стала горш.

«Пра якія пэрспэктывы сёньня можна казаць, калі плянуем адно, а атрымліваецца зусім іншае? Мы ж і ў выставах бяром удзел, і рэкляму даём сваёй прадукцыі, але калі ў народу няма грошай, акрамя як на хлеб, то што ён можа браць?.. Народ сёньня не працуе, ён бярэ толькі хлеб і малако. Дай Бог, каб мы яшчэ ўтрымаліся хоць так, як ёсьць, каб горш ня стала», - кажа намесьніца дырэктара завода.

Магілёўскія будаўнічыя арганізацыі папярэджваюць, што ня будуць браць на працу студэнтаў у летнія вакацыі.

Прамыслоўцы вінавацяць фінансавы крызіс. Кіраўнікі будаўнічых арганізацыяў заяўляюць, што цяпер яны абцяжараныя клопатам, чым заняць сваіх працаўнікоў.

Летась гарадзкая ўправа працы, занятасьці й сацыяльнай абароны здолела часова працаўладкаваць каля адной тысячы студэнтаў. Сёлета сытуацыя цалкам іншая.

«Мы зьвярталіся ў шмат якія будаўнічыя арганізацыі. У асноўным ідуць адмовы. Пакуль яны плянуюць загружаць працай толькі сваіх работнікаў», — кажа кіраўнік управы Віталь Кірыеў.

Будаўнічыя арганізацыі адмаўляюцца ад студэнцкай дапамогі, бо самі ня ведаюць, ці будуць працаваць улетку.

«Працы няма, дык чаму мы павінны браць студэнтаў? На гэты год не зацьверджана гадавая праграма фінансаваньня аб’ектаў. Калі яна будзе зацьверджана, тады мы будзем ведаць, у якіх аб’ёмах яе трэба выконваць, якія працоўныя рэсурсы для гэтага патрэбныя», — зазначылі ў адным з будаўнічых трэстаў Магілёва.

Праўда, у найвялікшай у Магілёве будаўнічай арганізацыі «Лаўсанбуд» плянуюць узяць на працу студэнтаў, але ў абмежаванай колькасьці.

«У нас там абмежаваная колькасьць. Трэба, каб кіраўнікі адпаведных філіялаў пралічылі гэта ўсё й падрыхтавалі для іх працоўныя месцы», — паведаміла супрацоўніца аддзелу кадраў «Лаўсанбуду».

Летась міністэрства працы на праграму часовай занятасьці моладзі выдзеліла больш за дзьвесьце мільёнаў рублёў. Сёлета чыноўнікі не чакаюць павелічэньня фінансаваньня й прапануюць моладзі заняцца сацыяльнай працай і рамонтам навучальных аўдыторыяў.

У Гомелі грамадзкасьць распачынае інфармацыйную кампанію. Насельніцтву будуць тлумачыць, што мусіць рабіць улада дзеля сацыяльнай абароны людзей.

«У першую чаргу гэта задача й прызначэньне ўлады, каб вырашаліся праблемы, якія існуюць у грамадзтве. Дэмакратычныя сілы ня маюць адпаведных рэсурсаў. Але каб праблемы сапраўды вырашаліся, іх трэба выяўляць і агучваць», - гаворыць старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Васіль Палякоў.

Кіраўнік рэгіянальнай структуры Партыі камуністаў Беларускай Уладзімір Сякерка зьвяртае найперш увагу на беспрацоўе ў рэгіёне.

«Трэба нарэшце сказаць праўду пра беспрацоўе. Напрыклад, што рабіць з працаўладкаваньнем людзей, якія зараз вяртаюцца з Расеі, Украіны? Трэба нарэшце рэальна сказаць праўду пра беспрацоўе менавіта ў Гомельскай вобласьці. Лічбы беспрацоўя, якія афіцыйна называюцца, выклікаюць сьмех ня толькі ў палітычна ангажаваных людзей, але і ў звычайнага насельніцтва. Яны ж бачаць, колькі побач непрацоўных, і асабліва ў малых гарадох», - сьцьвярджае ён.

Актывіст ініцыятывы «Гомельскі дэмакратычны форум» Пётра Кузьняцоў лічыць, што пры абмеркаваньні крызісных праблем варта зьвяртаць увагу як на лякальныя праблемы, так і на праблемы рэгіянальнага ўзроўню.

«Праблемы існуюць двух узроўняў. Лякальныя — напрыклад, зь пітной вадой, жыльлёва-камунальнай гаспадаркай і гэтак далей. І ёсьць праблемы, якія тычацца эканомікі, мэханізмаў, якія існуюць у вобласьці.

На рэгіянальным узроўні яны маюць характар, скажам так, эфэктыўнага выкарыстаньня мясцовых рэсурсаў, да якіх мае доступ мясцовая ўлада. І калі ў часы такога жорсткага крызісу гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца неэфэктыўна, гэта прыводзіць да абвастрэньня лякальных праблемаў на канкрэтных месцах», - упэўнены актывіст.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках