23 снежня 2024, панядзелак, 23:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Першамайскім РУУС Менска будуць паліць еўрапейскія сцягі

14

Актывісту грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паўлу Юхневічу сёння вярнулі канфіскаваную раней у яго кватэры тэхніку, але сцягі Еўразвяза супрацоўнікі міліцыі вырашылі ўсёткі спаліць.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Павал Юхневіч, ва УУС Першамайскага раёна Менска яму сёння вярнулі незаконна канфіскаваныя 10 дзён таму два ноўтбукі, фотаапарат і відэакамеру. Вярнулі таксама электронныя носьбіты інфармацыі, аднак на іх былі сцёртыя ўсе файлы.

Міліцыянты адмовіліся аддаваць канфіскаваныя сцягі Еўразвяза, апазіцыйныя ўлёткі, газеты і налепкі. Усё гэта, як паведаміў Паўлу Юхневічу капітан міліцыі Дзмітры Сліж, «будзе ўтылізавана». Па словах міліцыянта, друкаваную прадукцыю знішчаць, паколькі яна нібыта «антыдзяржаўнага зместу». Патлумачыць, чаму будуць спаленыя сцягі – афіцыйная сімволіка Еўрапейскага Звяза – міліцыянты не змаглі. «Нам паступіў такі загад», -- толькі і змаглі адказаць у Першамайскім РУУС.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, 5 лютага ў кватэру, якую арандуе актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павал Юхневіч, уварваліся 10 міліцыянтаў. Дзверы яны адчынілі пры дапамозе гаспадыні кватэры. Міліцыянты заявілі, што дзейнічаюць у рамках узбуджанай па факце крадзяжу крымінальнага справы. Падчас ператрусу былі канфіскаваныя два кампутары, відэакамера, фотаапарат, налепкі «Еўрапейскай Беларусі», сцягі Еўразвяза і партрэты зніклых лідэраў апазіцыі.

Моладзевых лідэраў Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча і яшчэ траіх актывістаў, якія знаходзіліся ў кватэры, арыштавалі і даставілі ў Першамайскі РУУС Менска на допыт. Але не па крымінальнай справе аб крадзяжы. Пра яго міліцыянты больш не ўзгадвалі. «Вартавых парадку» цікавіла толькі адно: дзе актывісты ўзялі друкаваную прадукцыю, якую міліцыянты чамусьці палічылі «антыдзяржаўнай».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках