24 снежня 2024, aўторак, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязні Аўтуховіч, Лявонаў, Асіпенка - 10 дзён за кратамі

10 дзён таму ў Ваўкавыску спецпадпаддзяленнем «Алмаз» былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў.

8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка. «Аперацыю» па затрыманні Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі праводзілі супрацоўнікі спецпадпаддзялення «Алмаз», узброеныя аўтаматамі.

Супрацоўнікамі сілавых структур былі праведзеныя ператрусы ў дамах арыштаваных прадпрымальнікаў, у офісе фірмы «Ніка-таксі 22222», дзе яны працуюць, у кватэрах іхніх сяброў і знаёмых (па некаторых дадзеных, у Ваўкавыску ў той дзень прайшло 26 ператрусаў).

Адразу пасля арышту прадпрымальнікаў адвезлі ў Менск у турму на Акрэсціна. Паводле афіцыйна агучанай версіі, яны нібыта падазраюцца ў падпалах хаты былога начальніка Ваўкавыскага РАУС і гаража працаўніка падатковай інспекцыі, якія адбыліся ў 2004-2005 гадах. У той жа час самі ахвяры падпалаў ніякіх прэтэнзій да арыштаваных прадпрымальніказ не выказалі, бо вінаватыя ў злачынствах даўно пакараныя і адбываюць пакаранне.

Праз тры дні пасля арышту следства так і не высунула абвінавачванняў лідэрам прадпрымальнікаў. Аднак арыштаваных не вызвалілі, а перавялі ў СІЗА ГУУС Менгарвыканкама, вядомае больш жорсткімі ўмовамі ўтрымання. 15 снежня Юрый Лявонаў быў перакладзены ў рэспубліканскую турэмную лякарню з дыягназам «камяні ў нырках».

Адзначым, што Юрый Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі. 10 лютага гэтага года ў Ваўкавыску павіннае было прайсці судовае слуханне па ўмоўна-датэрміновым вызваленні Мікалая Аўтуховіча.

За 10 дзён знаходжання лідэраў прадпрымальнікаў пад арыштам у Беларусі прайшлі акцыі ў падтрымку вязняў сумлення. Як былога «афганца», Мікалая Аўтуховіча падтрымалі ветэраны баявых дзеянняў у Афганістане. Беларускія праваабаронцы назвалі арыштаваных новымі палітвязнямі. 16 лютага ў Менску былі збітыя дзясяткі людзей, якія вышлі на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць салідарнасць з арыштаванымі прадпрымальнікамі.

Цвёрда асудзілі рэпрэсіі ўлад былыя беларускія палітвязні, якія заявілі, што арышт Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі сведчыць аб тым, што ніякай «лібералізацыі» у краіне не адбываецца і дыялог Еўропы з дыктатарскім беларускім рэжымам пры такіх умовах немагчымы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках