24 снежня 2024, aўторак, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэрам прадпрымальнікаў пагражае да 12 гадоў турмы

30
Лідэрам прадпрымальнікаў пагражае да 12 гадоў турмы

Арыштаваным лідэрам прадпрымальнікаў Мікалаю Аўтуховічу, Юрыю Лявонаву і Уладзіміру Асіпенку прад'яўлена абвінавачванне. Палітвязні застаюцца ў СІЗА.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Алег Воўчак, Мікалаю Аўтуховічу прад'явілі абвінавачванне па артыкуле 218 ч. 3 Крымінальнага кодэкса - «Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя арганізаванай групай, альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека ці іншыя цяжкія наступствы, альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры». Прадпрымальніку пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Юрыю Лявонаву і Уладзіміру Асіпенку прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 218 ч.2 Крымінальнага кодэкса – «Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры». Прадпрымальнікам пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

Паводле афіцыйна агучанай версіі, Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка падазраюцца ў падпалах хаты былога начальніка Ваўкавыскага РАУС і гаража працаўніка падатковай інспекцыі, якія адбыліся ў 2004-2005 гадах. У той жа час самі ахвяры падпалаў ніякіх прэтэнзіяў да арыштаваных прадпрымальнікаў не выказалі, бо вінаватыя ў злачынствах даўно пакараныя і адбываюць пакаранне.

Даведацца якія-небудзь яшчэ падрабязнасці пра лёс арыштаваных прадпрымальнікаў немагчыма. Вядома толькі, што 15 лютага Юры Лявонаў быў пераведзены ў рэспубліканскі турэмны шпіталь з дыягназам «камяні ў нырках».

«Адвакаты практычна нічога не паведамляюць пра расследаванне крымінальнай справы супраць прадпрымальнікаў. Будзем змяняць тактыку. Сваякі арыштаваных напішуць заявы следчаму пра намер выступіць у якасці абаронцаў. Адвакаты далі падпіску пра неразгалошванне, яны не могуць нічога казаць, а людзей турбуе лёс новых палітвязняў», -- сказаў прэс-цэнтру Хартыі’97 Алег Воўчак.

8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. «Аперацыю» па затрыманні Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі праводзілі супрацоўнікі спецпадраздзялення «Алмаз», узброеныя аўтаматамі.

Супрацоўнікамі сілавых структураў былі праведзеныя ператрусы ў хатах арыштаваных прадпрымальнікаў, у офісе фірмы «Ніка-таксі 22222», дзе яны працуюць, у кватэрах іх сяброў і знаёмых (па некаторых дадзеных, у Ваўкавыску ў той дзень прайшло 26 ператрусаў).

Адзначым, што Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі. 10 лютага гэтага года ў Ваўкавыску павінна было прайсці судовае слуханне па ўмоўна-датэрміновым вызваленні Мікалая Аўтуховіча.

17 лютага падчас візіту на магілёўскае ААТ «Бабуліна крынка» Аляксандр Лукашэнка заявіў, каментуючы арышты прадпрымальнікаў: «Яны ўжо ў апазіцыю пайшлі. У нас як толькі дзесьці кагосьці прыдушылі за справу, тыповы злачынец - ён тады апазіцыянер. Там, па-мойму, нешта са зброяй было звязана. У нас закон адзін. Мы ўжо наеліся 3 ліпеня (выбух на святкаванні Дня незалежнасці адбыўся 4 ліпеня 2008 года). Няхай гэта там воплеск быў нейкі, людзі пацярпелі, але гэтага ў краіне быць не павінна. Аўтаматы законна прыватніку захоўваць нельга. І іншыя гранаты там, выбуховыя прылады. Самае жорсткае будзе патрабаванне. Тэрору ў краіне дапусціць я не магу».

Гэтыя абвінавачванні ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 абверг праваабаронца Алег Воўчак.

«Ніякай выбухоўкі ці зброі ў хатах Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі канфіскавана не было, проста таму што яе там не было наогул. Былі канфіскаваныя звычайныя паяльнікі і волава, якое, як вядома, выкарыстоўваецца пры паяніі. Усе гэтыя абвінавачванні кажуць пра тое, што акцыя супраць лідэраў прадпрымальнікаў была спланаванай», -- заявіў праваабаронца.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках