27 лiстапада 2024, Серада, 18:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэлегацыя ПАРЕ усё жа сустрэлася з апазіцыйнай моладдзю

9

Дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы 18 лютага сустрэлася з беларускімі моладзевымі лідэрамі.

Сустрэча адбылася ўвечары 18 лютага і доўжылася больш за гадзіну. Кіраўнік дэлегацыі Горан Ліндблад і дэпутаты ПАСЕ Соня Сірторы-Мілнер і Сініка Хурскаінен сустрэліся з лідэрам кампаніі «Джинс за свабоду», актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Яўгенам Афнагелем і кіраўнікамі «Маладога Фронту» Анастасіяй Палажанка і Валерам Мацкевічам.

Маладыя апазіцыянеры распавялі дэпутатам ПАРЕ аб тым, што рэжым Лукашэнкі ў апошні час значна ўзмацніў рэпрэсіі ў адносінах апазіцыі, галоўнай «мішэнню» пры гэтым абраўшы моладзь.

«Мы паведамілі аб усіх фактах рэпрэсій за апошнія 4 месяцы. Аб разгоне акцый 14–га і 16-га лютага, збіваннях мірных дэманстрантаў, ператрусах у кватэрах апазіцыянераў, гвалтоўных і незаконных прызывых у войска моладзевых актывістаў, канфіскацыях тэхнікі, друкаванай прадукцыі, фактах затрымання за распаўсюджванне газет, улётак, налепак і еўрапейскай сімволікі. Удзельнікаў дэлегацыі ПАРЕ асабліва шакавала тое, што беларускай міліцыяй знішчаюцца канфіскаваныя ў апазіцыянераў сцягі Еўразвяза і наогул тое, што адбываюцца арышты за еўрапейскую сімволіку», -- паведаміў Яўген Афнагель прэс-цэнтру Хартыі’97.

Лідэр кампаніі «Джинс за свабоду» перадаў дэпутатам ПАРЕ маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

«Мы паведамілі, што ў Беларусі змяніўся фармат рэпрэсій, але рэпрэсіі не паменшыліся. У краіне па-ранейшаму ёсць палітвязні і іх колькасць расце. Гэта і прысуджаныя да абмежавання волі ўдзельнікі «Працэсу 14-ці», асуджаныя за мірныя акцыі пратэсту, і нядаўна арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка, а таксама паўторна арыштаваны па справе «справе 14-ці» актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі», -- заявіў моладзевы лідэр.

Дэпутатаў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, у сваю чаргу, цікавіла стаўленне моладзевых лідэраў да магчымага вяртання беларускай «палаце прадстаўнікоў» статусу спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ.

«Мы заявілі, што катэгарычна супраць гэтага, падкрэсліўшы, што, у прынцыпе, мы выступаем за дыялог Беларусі з Еўропай, але гэта не павінен быць маналог дыктатара Лукашэнкі. Мы лічым, што ад беларускіх улад трэба патрабаваць рэальных дзеянняў па дэмакратызацыі краіны, а не верыць пустым абяцанням», -- перакананы апазіцыянер.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках