29 верасня 2024, Нядзеля, 0:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША устрывожаныя: Прававая сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца

7
ЗША устрывожаныя: Прававая сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца

Дзяржаўны дэпартамент ЗША назваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі «трывожнай».

25 лютага Дзяржаўны дэпартамент ЗША апублікаваў свой традыцыйны штогадовы даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў свеце. Яго прадставіла асабіста дзяржаўны сакратар Хілары Клінтан. Усяго ў дакуменце пададзеныя характарыстыкі 190 дзяржаваў свету.

Сітуацыю са становішчам у галіне правоў і свабодаў у Беларусі ў 2008 годзе Дзярждэпартамент ЗША ацаніў як трывожную, канстатаваўшы «далейшае абмежаванне грамадзянскіх свабодаў, у тым ліку свабоды прэсы, слова, сходаў, асацыяцыяў і свабоды рэлігіі».

Сярод іншага ў ацэнцы прававой сітуацыі ў Беларусі аналітыкі Дзярждэпартамента ЗША выявілі:

- Рэзка абмежаваным было права грамадзянаў на змену сваіх уладаў.

- Улады не змаглі расследаваць ранейшыя палітычна матываваныя знікненні грамадзянаў.

- Умовы ў турмах заставаліся надзвычай дрэннымі, працягвалі паступаць паведамленні пра жортскае абыходжанне са зняволенымі і затрыманымі.

- Працягваліся таксама адвольныя арышты, затрыманні і зняволенні грамадзянаў па палітычных матывах, за крытыку ўладаў ці за ўдзел у дэманстрацыях.

- Некаторыя судовыя працэсы праводзіліся за зачыненымі дзвярыма, без прысутнасці незалежных назіральнікаў.

- Была абмежаваная незалежнасць судовых уладаў, вынікі судовых працэсаў былі вызначаныя загадзя.

- Улады далей абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду друку, выказванняў, сходаў і веравызнання.

- Улады канфіскоўвалі друкаваныя матэрыялы ў актывістаў грамадзянскай супольнасці і спынялі ці абмяжоўвалі працу некаторых незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

- Дзяржаўныя сілавыя структуры ўжывалі неапраўданую сілу для разгону мірных пратэстаў.

- Карупцыя працягвала заставацца праблемай.

- Неафіцыйныя арганізацыі і палітычныя партыі цярпелі ціск, штрафы, пераслед і забароны.

- Рэлігійныя лідэры цярпелі штрафы, зняволенні і дэпартацыю за правядзенне богаслужэнняў, цэрквы зачыняліся, пазбаўляліся рэгістрацыі ці высяляліся з займаных памяшканняў.

- Сур'ёзнай праблемай заставаўся гандаль людзьмі, хаця ў барацьбе з ім быў дасягнуты пэўны прагрэс.

- Назіраліся дыскрымінацыйныя дзеянні супраць цыганаў, этнічных і сэксуальных меншасцяў і ўжывання беларускай мовы.

- Улады аказвалі ціск на незалежныя прафсаюзы і іх чальцоў, рэзка абмяжоўвалі магчымасці працоўных ствараць незалежныя прафсаюзы і ўступаць у іх, арганізоўваць і весці калектыўныя пагадненні.

Вытрымкі з дакладу Дзярждэпартамента ЗША. Сітуацыя ў Беларусі (Пераклад прэс-цэнтра Хартыі’97)

У дакладзе, у прыватнасці, паведамляецца, у Беларусі працягваюцца збіванні мірных дэманстрантаў. 10 і 21 студзеня 2008 года міліцыя жорстка разагнала дэманстрацыю ў Менску, арганізаваную прадпрымальнікамі і актывістамі апазіцыі. Падчас абодвух дэманстрацыяў людзі пратэставалі супраць указу Аляксандра Лукашэнкі, які абмяжоўвае малы бізнэс і права наймаць працаўнікоў. Больш за 45 бізнэсмэнаў і актывістаў былі арыштаваныя, некаторых збівалі пасля затрымання.

25 сакавіка міліцыя з ужываннем сілы разагнала мірную акцыю Дзень Волі ў Менску. Каля 100 чалавек былі арыштаваныя і затрыманыя, у тым ліку 7 замежных журналістаў.

16 верасня міліцыя разагнала штомесячную акцыю ў Дзень салідарнасці, якая праводзілася ў памяць аб дзеячах апазіцыі, зніклых у 1999 годзе. АМАП выцесніў каля 40 дэманстрантаў з цэнтральнай плошчы, некаторыя з удзельнікаў былі збітыя.

У дакладзе адзначаецца, што міліцыя часта арыштоўвае людзей без ордэра на арышт, нібыта для высвятлення асобы. Гэтая тактыка часта ўжывалася для затрымання апазіцыйных актывістаў і дэманстрантаў, каб спыніць распаўсюд ўлётак і газетаў ці для таго, каб разагнаць мітынгі.

26 ліпеня супрацоўнікі міліцыі і КДБ затрымалі і вызвалілі каля 50 моладзевых актывістаў за парушэнні законаў аб ахове навакольнага асяроддзя ў намётавым лагеры на возеры ў Барысаўскім раёне. Маладыя людзі ўдзельнічалі ў трохдзённым лагеры, арганізаваным грамадзянскай кампаніяй «Еўрапейская Беларусь».

Улады ўжываюць форму хатняга арышту. За ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да 9 снежня 2008 года да суду ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі. Моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года).

Хаця законам прадугледжваюцца адкрытыя судовыя паседжанні, суды часта праходзяць за зачыненымі дзвярыма. Закон прадугледжвае доступ затрыманых да адваката і абавязвае суд прызначаць адвакатаў у выпадку, калі затрыманы не можа сабе гэтага дазволіць. Тым не менш, гэтыя правы не заўсёды выконваюцца, і некаторым затрыманым было адмоўлена ў доступе да адваката.

Расследаванне справаў зніклых лідэраў апазіцыі не прасунулася наперад. 8 красавіка генеральны пракурор падоўжыў на тры месяцы расследаванне знікнення былога міністра і апазіцыйнага лідэра Юрыя Захаранкі, зніклага ў 1999 годзе.

Расследаванні па справе апазіцыйнага актывіста Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, зніклых у 1999 годзе, не прасунулася наперад. У 2006 годзе ўлады прыпынілі расследаванне па справе журналіста Зміцера Завадскага, зніклага і, як мяркуюць, забітага ў 2000 годзе. Ёсць сведчанні, што да гэтых справаў датычныя ўлады, хаця яны працягваюць адмаўляць любую датычнасць да знікненняў.

Улады абмяжоўваюць доступ да Інтэрнэту і кантралююць электронную пошту і чаты. Многія грамадзяне не могуць выяўляць свае погляды з дапамогай Інтэрнэту ці электроннай пошты.

Улады таксама кантралююць інтэрнэт-трафік. Уладальнікі інтэрнэт-кавярняў абавязаныя весці запіс наведванняў кліентаў і падаваць гэтыя дадзеныя службам бяспекі.

Дзяржаўныя правайдэры блакуюць незалежныя і апазіцыйныя рэсурсы падчас важных палітычных падзеяў.

10 студзеня сайты Хартыя’97, «Радыё Свабода», «Беларускага партызана» і Аб'яднанай грамадзянскай партыі былі часткова ці цалкам заблакаваныя з-за асвятлення дэманстрацыяў індывідуальных прадпрымальнікаў у Менску. Доступ да сайтаў «Радыё Свабода» і Хартыя’97 быў ізноў ускладнены ў красавіку напярэдадні дэманстрацыі ва ўгодкі аварыі на ЧАЭС.

4 жніўня Лукашэнка падпісаў новы закон, які абавязвае інтэрнэт-медыя выконваць тыя ж патрабаванні што і друкаваныя выданні, сярод іншага, закон абавязвае інтэрнэт-медыя рэгістравацца.

Закон, які ўступіў у сілу 9 лютага 2009 года, таксама дазваляе дзяржаве блакаваць любы незарэгістраваны інтэрнэт-сайт, незалежна ад яго паходжання.

У дакладзе Дзярждэпартамента кажацца, што ў Беларусі назіраецца абмежаванне акадэмічных свабодаў. На працягу года ўлады звальнялі па палітычных прычынах настаўнікаў і выкладчыкаў. У адпаведнасці з дырэктывай міністэрства адукацыі, адукацыйныя ўстановы могуць выключаць студэнтаў, якія займаюцца «антыдзяржаўнай ці недазволенай палітычнай дзейнасцю». Гэтыя ўстановы адказваюць за належнае ідэалагічнае выхаванне студэнтаў.

За год па меншай меры 10 студэнтаў былі выключаныя па палітычных прычынах, тады як у 2007 годзе былі выключаныя 2 студэнты, і больш за 100 у 2006 годзе. Аднак, некаторыя кіраўнікі навучальных установаў працягвалі спасылацца на дрэнную акадэмічную паспяховасць ці прагулы як прычыну выключэння.

21 і 22 студзеня тры студэнты-актывісты: Таццяна Цішкевіч, Павал Кур'яновіч і Зміцер Жалезнічэнка, – былі выключаныя з розных вышэйшых навучальных установаў. Чыноўнікі сказалі, што Цішкевіч выключылі за «парушэнні грамадскага парадку і маральнасці». Кур'яновіча выгналі з Менскага дзяржаўнага радыётэхнічнага каледжа за пропуск заняткаў у сувязі з яго 20-дзённым зняволеннем за ўдзел у акцыі пратэсту 16 студзеня. Жалезнічэнку, сябра Беларускага Народнага Фронту, выключылі з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта нібыта за парушэнне ўнутраных правілаў і за 8-дзённае зняволенне. У чэрвені за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту сябру БНФ Франака Вячорку і аднаго з лідэраў «Маладога Фронту» Івана Шылу адлічылі з навучальных установаў.

У снежні дэкрэтам Лукашэнкі былі адмененыя штампы аб выездзе ў пашпарце, і ўведзеная кампутарызаваная дзяржаўная база дадзеных, каб правяраць прыдатнасць пашпарта і сачыць за грамадзянамі, якія пакідаюць краіну. Як паведамляе міністэрства ўнутраных справаў, база ўтрымлівае імёны па меншай меры 100 000 чалавек, якім забаронены выезд за мяжу, уключаючы тых, хто дапушчаны да дзяржаўных сакрэтаў, супраць якіх узбуджаныя крымінальныя ці грамадзянскія справы, ці ў якіх ёсць нявыкананыя фінансавыя абавязальніцтвы. Апазіцыйныя палітыкі і актывісты грамадзянскай супольнасці крытыкуюць базу дадзеных, бо яна абмяжоўвае свабоду перасоўвання. Некаторыя людзі даведваюцца пра тое, што яны былі занесеныя ў базу, з лістоў, а іншых інфармуюць на мяжы. У некаторых выпадках актывістаў апазіцыі на мяжы вымушаюць вярнуцца назад, ці іх затрымліваюць і падвяргаюць доўгім ператрусам.

У канцы года, па меншай меры, 17 імёнаў лідэраў апазіцыі і іншых актывістаў знаходзіліся ў гэтай базе дадзеных, уключаючы Анатоля Лябедзьку, Сяргея Скрабца, і моладзевых лідэраў Зміцера Дашкевіча, Зміцера Хведарука і Аляксандра Атрошчанкава.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках