25 снежня 2024, Серада, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд прызнаў гвалтоўны прызыў Франака Вячоркі ў армію «законным»

4

Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне суду Савецкага раёну, які прызнаў законным прызыў Франака Вячоркі.

Разглядала справу Франака Вячоркі суддзя Натальля Жупікава. У верасьні 2003 году яна ліквідавала праваабарончую арганізацыю «Прававая дапамога насельніцтву». У кастрычніку 2003 году Натальля Жупікава не дала бацькам навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа апратэставаць у гарадзкім судзе ліквідацыю установы. Пры гэтым адхіліла патрабаваньне бацькоў весьці працэс па-беларуску.

У лістападзе 2003 году яна павялічыла ў 5 разоў суму штрафу, накладзеную судом ніжэйшай інстанцыі на «Народную волю». У 2006 годзе адмовіла актывісту АГП С.Альферу ў зыску супраць мытні, якая канфіскавала ягоную маёмасьць.

26 лютага на паседжаньні калегіі Менскага гарадзкога суду бацька гвалтоўна прызваннага ў войска моладзевага лідэра, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка і адвакат казалі пра нахабнае парушэньне судом і ваенкаматам Савецкага раёну Закону аб вайсковым абавязку і вайсковай службе, а таксама Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу.

Суд абавязаны быў запрасіць Франака Вячорку на паседжаньне, чаго не было зроблена. Ніхто ня меў права забіраць Франака Вячорку ў войска да ўступу рашэньня суду ў законную сілу.

Адзначым, што ў справе аб прызыве Вячоркі падшытыя дзьве розныя вэрсіі пратаколу паседжаньня прызыўной камісіі. У дакумэнтах пра «абсьледаваньне» Франака Вячоркі ў вайсковым шпіталі няма ніводнай лічбы ягонага артэрыяльнага ціску, а афтальмоляг «дасьледаваў» яго завочна.

Нагадаем, 16 студзеня Франака Вячорку гвалтоўна затрымалі людзі ў цывільным у палаце вайсковага шпіталю, дзе хлопец праходзіў мэдычнае абсьледаваньне. У кайданках Франка прывезьлі ў ваенкамат, дзе яму паведамілі, што яго адвязуць у вайсковую частку. Там жа вайскоўцы заявілі, што ў іх на руках ёсьць вынікі мэдычнага заключэньня аб тым, што Вячорка прыдатны да службы ў войску. Раней хлопец меў адтэрміноўку на паўгады з-за апэрацыі на вачах і хранічных хваробаў. Франак у ваенкамаце заявіў, што будзе скардзіцца ў суд на незаконныя дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў, якімі камандавалі людзі ў цывільным.

Пасьля гэтага Франка Вячорку адпусьцілі і 19 студзеня ён зьвярнуўся у суд Савецкага раёна. Суд накіраваў папярэджаньне ў ваенкамат аб тым, што да разгляду скаргі прыпыняецца прызыў моладзевага лідэра ў войска. Але 28 студзеня хлопца схапілі на вуліцы людзі ў цывільным, зьбілі спачатку ў машыне, а потым у ваенкамаце і ў кайданках адвезьлі ў Баранавіцкую вайсковую частку. Бацькам Франака Вячоркі паведамілі, што суд завочна вынес рашэньне аб законнасьці прызыву Вячоркі ў войска.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках