26 снежня 2024, Чацвер, 20:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: «Могуць пачацца масавыя народныя пратэсты з мэтай адстаўкі Лукашэнкі»

91

Намесьнік старшыні Партыі БНФ зьвярнуўся да беларусаў з нагоды святкаваньня 25 сакавіка Дня Волі.

«Вось ужо 14 год запар Беларускі Народны Фронт заклікае вас выйсьці на вуліцы Менска 25 Сакавіка ў Дзень Волі, каб заявіць аб нашай няскоранасьці перад хамствам, рабствам і цемрашальствам. Але, да апошняга часу, гэта было змаганьне актыўнай меньшасьці, адухоўленай ідэяламі свабоды і незалежнасьці. Большасьць жа беларусаў стаяла ў баку ад нашага змаганьня, бо прадавала сваю ляяльнасьць уладзе за рэгулярнае падвышэньне пэнсіяў і заробкаў. І хаця гэтыя заробкі былі ў 3 разы меньшыя, чым у Польшчы (пры прыкладна роўных цэнах)», -- гаворыцца ў звароце Віктара Івашкевіча.

Па словах палітыка, бесклапотнае існаваньне рэжыму Лукашэнкі скончылася ў 2007 годзе, калі Расея абвясьціла аб паступовым падвышэньні цэнаў на газ і нафту. За 2007 год адмоўнае гандлёвае сальда з Расеяй падвоілася і склала 8,3 млрд. даляраў. Рэжым Лукашэнкі падсеў на крэдытную іглу – памер сукупнай замежнай пазыкі (прадпрыемстваў, банкаў, дзяржавы) узрос за 2007 год на 5,7 млрд даляраў. У 2008 годзе адмоўнае сальда з Расеяй узрасло да 13 млрд даляраў, а сукупная замежная пазыка — да 14 млрд даляраў. У першыя два месяцы 2009 года замежная пазыка ўзрасла яшчэ на 1,7 млрд даляраў.

«Адменай ільготаў у 2007 годзе, спыненьнем росту пэнсіяў і заробкаў у 2008 годзе, абясцэньваньнем (дэвальвацыяй) беларускага рубля на 26% у студзені-ютым 2009 года, Лукашэнка фактычна разарваў той «сацыяльны кантракт» паміж ім і простым народам, які забясьпечваў «стабільнасьць» рэжыму. Стабільнасьці прыйшоў канец. А наперадзе новыя дэвальвацыі, рост цэнаў і беспрацоўя, зьмяньшэньне заробкаў нават у рублёвым выглядзе. Беларусы пачынаюць азірацца па баках і задаваць пытаньні: «Хто вінаваты, што рабіць?», -- лічыць намесьнік старшыні Партыі БНФ.

Палітык нагадвае, што сёньня Партыя БНФ выйшла з ініцыятывай правесьці Дзень Волі 25 Сакавіка пад лёзунгамі: «Не дадзім рэжыму абакрасьці людзей!», «Скажам Лукашэнку: крызіс — гэта ты! ».

«Мы абавязаныя пайсьці і тлумачыць людзям, што вырашэньне іх пэрсанальных матэрыяльных праблемаў залежыць ад таго, наколькі мы здолеем прымусіць уладу лічыцца з намі. Заклікаем прыехаць 25 Сакавіка ў 18.00 у Менск з беларускімі сьцягамі і шыльдамі з назвай вашага гораду і прагаласаваць на нашым агульным народным сходзе за тэкст патрабаваньняў да Лукашэнкі. Гэтыя патраваньні мы занясем у адміністрацыю Лукашэнкі і заявім: «Ці на працягу месяца гэтыя патрабаваньні будуць выкананыя, ці мы пачнем кампанію масавых народных пратэстаў з мэтай адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых свабодных выбараў прэзыдэнта і парляманту! Сябры! Разам мы сіла і мы пераможам! Жыве Беларусь!», -- заявіў палітык.

Напісаць каментар 91

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках