25 снежня 2024, Серада, 23:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка і Мядзведзеў не будуць абмяркоўваць канстытуцыйны акт і «адзіную валюту»

37
Лукашэнка і Мядзведзеў не будуць абмяркоўваць канстытуцыйны акт і «адзіную валюту»

Сёння ў Маскве праходзіць сустрэча Лукашэнкі і Мядзведзева. СМІ паведамляюць, што ўчора ў бакоў не атрымалася ўзгадніць нават парадак дня «дзяржсавета», які не раз зрываўся.

Аляксандр Лукашэнка выляцеў у Маскву яшчэ ўчора ўвечары, і ноч правёў у сталіцы Расеі.

Як піша «Коммерсант», парадак сённяшняга паседжання вышэйшага дзяржсавета «саюза» Расеі і Беларусі ў МЗС РФ і апараце дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» Паўла Барадзіна рыхтавалі да ночы. Чыноўнікі пацвярджалі, што паседжанне абавязкова адбудзецца, але казаць пра праграму перамоваў адмаўляліся.

Аднак, як паведаміў "Радыё Свабода" кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі Павал Лёгкі, канстытуцыйны акт так званай «саюзнай дзяржавы» і ўвядзенне «адзінай валюты» у парадку дня не значацца.

«Я дакладна ведаю, што парадак дня ўрэгуляваны. Ёсць агульнае разуменне, якім ён можа быць. Пытанні ўзаемнага гандлю, безумоўна, будуць абмяркоўвацца. Таксама сумесныя дзеянні па супрацьдзеянні фінансаваму крызісу, а таксама пытанні, якія датычацца развіцця адносінаў у фінансава-крэдытнай сферы», -- заявіў Лёгкі.

У той жа час памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька заявіў сёння, што Расея і Беларусь маюць намер падпісаць дамову пра стварэнне Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны.

"Дзяржсавет", які ўвесь час адкладаўся

Сумневы ў тым, што дзяржсавет адбудзецца, існавалі аж да апошняга моманту. Першапачаткова паседжанне павінна было прайсці яшчэ 3 лістапада, аднак без тлумачэння прычынаў было адкладзенае да 1 снежня. Але і тады ў Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі сустрэцца не атрымалася. Для вырашэння спрэчных пытанняў у канцы снежня Лукашэнка наведаў Расею, а ў мінулую пятніцу ў Маскву прыехаў прэм'ер Беларусі Сяргей Сідорскі і правёў перамовы з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным. Па выніках сустрэчы яны паведамілі, што паседжанне адбудзецца 3 лютага, але ў дэталі парадку дня паглыбляцца не сталі.

Ужо зараз відавочна, што істотныя карэктывы ў парадак паседжання дзяржсавета саюзнай дзяржавы ўнес крызіс. Калі ў лістападзе гэта было толькі адно з пытанняў, дык цяпер, як сцвярджаюць крыніцы «Коммерсанта» у апараце ўрада РФ, пункт аб дзеяннях па барацьбе з крызісам стаў адным з асноўных. Гаворка ідзе перш за ўсё аб даванні Расеяй крэдытаў Беларусі. Нагадаем, што Масква ўжо вылучыла Менску $2 млрд — палова гэтых сродкаў была пералічаная 18 лістапада. На сустрэчы з Сяргеем Сідорскім расейскі прэм'ер Пуцін сказаў, што рэшта будзе пераведзеная ў лютым.

Але гэтым фінансавыя апетыты Менска не абмяжоўваюцца. Яшчэ падчас снежаньскай сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым Лукашэнка прасіў даць Беларусі крэдыт у памеры 100 млрд руб. для стварэння рублёвага рэзерву і пераходу на рублі ў двухбаковым гандлі. Аднак 24 студзеня намеснік кіраўніка Мінфіна Дзмітры Панкін, які курыруе міжнароднае супрацоўніцтва, паведаміў, што пытанне аб даванні 100 млрд руб. нават не разглядаецца. Крыніца газеты ў Мінфіне растлумачыла, што вылучэнне Беларусі рублёвага крэдыту ўсё ж было разгледжана, аднак ідэю Масква адхіліла. «Крэдыт не дапаможа Беларусі палепшыць плацёжны баланс — без структурных рэформаў у эканоміцы ім будуць патрабавацца сродкі для яго паляпшэння,— паведаміла крыніца.— А доўг Беларусі перад РФ і без таго складае $2,7 млрд».

Незадоўга да паседжання дзяржсавета ў Масквы і Менска атрымалася вырашыць пытанне, якое было ключавым на ўсіх перамовах у канцы мінулага году,— газавае. Учора «Белтрансгаз» абвесціў пра падпісанне з «Газпрамам» дадатковага пагаднення па кошце паставак расейскага газу ў 2009 годзе. Кошт на газ пакуль невядомы.

Адзначым, што адной з умоваў захавання прыймальных для Менска коштаў на газ «Газпрам» высоўваў атрыманне кантролю над «Белтрансгазам». Да 2010 году доля «Газпрама» будзе даведзеная да 50%, так што для вырашэння пастаўленай задачы яму хапіла б нават адной акцыі. Ці атрымае ён гэтую акцыю, магчыма, высвятліцца сёння.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках