24 лiстапада 2024, Нядзеля, 6:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўнікам зачыненага маслазавода прапанавалі работаць даяркамі ў саўгасе

Пасля двухмесячнага перапынку філіял Гомельскага акцыянэрнага таварыства «Малочныя прадукты» ў Добрушы так і не аднавіў працу.

Цяпер тут зьбіраюцца выпускаць мяккую ўпакоўку з гофракардону. Каля сотні масларобаў, па сутнасьці, выкінутыя на вуліцу.

Таварыства «Малочныя прадукты» прапанавала, на першы погляд, мяккі варыянт скарачэньня — запрасіла некалькі дзясяткаў масларобаў езьдзіць на працу за 25 кілямэтраў на галаўное прадпрыемства ў Гомель. Аднак шмат каму такі варыянт не пад сілу.

«Я іду пад скарачэньне, – расказала «Радыё Свабода» працаўнік прадпрыемства Сьвятлана з Добрушу. – Мне працу прапанавалі ў Гомелі. Але справа ў тым, што асабіста мне нерэальна езьдзіць туды. Мне ўставаць штодзённа ўранку а палове на пятую. Дадому я прыяжджаю каля дзясятай гадзіны ўвечары. Фізычна я не вытрымліваю».

Добрускія раённыя ўлады, якія ня маюць уплыву на колішні свой маслазавод, прапануюць некаторым жанчынам ісьці на працу ў саўгас даяркамі.

Рабочыя скардзіліся ў аблвыканкам, прасілі не закрываць прадпрыемства. Сюды прыяжджалі чыноўнікі з камітэту сельскай гаспадаркі й харчаваньня, з таго ж дзяржаўнага акцыянэрнага таварыства «Малочныя прадукты». Распавядалі пра нерэнтабэльнасьць выпуску малочнай прадукцыі ў Добрушы. Адзінае, што цікавіла аблсельгасхарч, — гэта выпуск казэіну. Пра тое, што асартымэнт прадукцыі з далучэньнем да Гомеля значна скараціўся, ужо ніхто й ня згадваў. Як і не было гаворкі пра тэхнічны стан заводу.

«Калі пяць гадоў таму нас далучылі да Гомеля, сродкі на пераабсталяваньне не выдзяляліся, – распавядае адна з працаўніц прадпрыемства. – Завод не рамантаваўся, абсталяваньне не абнаўлялася. Усё зношвалася. А тут яшчэ крызіс адыграў сваю ролю. І цяпер чыноўнікі прыйшлі і кажуць, што ваш завод нерэнтабэльны. Цяпер яго дэмантуюць. Ня ведаю дакладна, дзеля чаго, але сказалі, што будуць ставіць абсталяваньне для выпуску ўпакоўкі з гофратары».

Былы працаўнік заводу Аляксандар Іванавіч з жалем кажа пра тое, як занядбалі прадпрыемства:

«У выніку завод дайшоў да такога стану, што надалей існаваць яму нельга было. Санслужба проста мусіла спыніць ягоную дзейнасьць».

Паводле суразмоўцы, кіраўнікі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў пагаджаліся супольна ўкласьці грошы і мадэрнізаваць маслазавод, каб мець магчымасьць без праблемаў перапрацоўваць малако і вырабляць якасную прадукцыю:

«Было б нашмат прасьцей і сельгаспрадпрыемствам, і ўсім нам. Раней тут выраблялі і масла сьметанковае вельмі добрае, і тварог, і сыры адыгейскія. Наколькі я ведаў, працуючы ў партыйных органах, гэтыя адыгейскія сыры вазілі нават на выставу ў Маскву».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках