26 снежня 2024, Чацвер, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі пачынаюцца суды над уладальнікамі спадарожнікавых «талерак»

18

Першы ў гісторыі беларускага заканадаўства суд над уладальнікамі спадарожнікавай антэны пройдзе ў Гародні.

Гаспадары антэны, Максім і Вольга Гармаш, напісалі заяву, у якой спыталі, як можна яе ўзаконіць. У адказ сям'я атрымала ліст, дзе ім прапаноўвалася заплаціць штраф і зняць антэну.

Максім і Вольга Гармаш ужо з 1998 года глядзяць тэлебачанне праз спадарожнік. Тады закон дазваляў усталёўваць антэны без персанальнага дазволу. Але ў 2007-м усё змянілася: быў прыняты новы кодэкс, паводле якога трэба ўзгадняць усталяванне «талеркі» з мясцовай уладай. Гэтым і скарыстаўся гарадзенскі ЖЭС.

«У кастрычніку 1998 года «Зеленбуд» павесіў нам «талерку». А ў канцы 2008 года прыйшла паперка пра тое, што мы парушылі адміністрацыйны кодэкс 2007 года. Таму ЖЭС павінен правесці з намі прафілактычную гутарку, як з парушальнікамі. У ЖЭСе нам прапанавалі «узаконіць» антэну ва ўпраўленні архітэктуры гарвыканкама», -- распавёў «Еўрарадыё» Максім Гармаш.

Жонка Максіма Гармаша Вольга напісала заяву ва ўпраўнне, дзе спытала, як можна ўзаконіць спадарожнікавую талерку. У адказ сям'я атрымала ліст, дзе ім прапаноўвалася заплаціць штраф і зняць антэну, маўляў, яна не прадугледжаная ў праекце дома, які будаваўся ў 1950-я гады. Але Максім кажа, што тых пражэктараў, якія нядаўна ўсталявалі, каб падсвятляць дом напэўна таксама не было ў першапачатковым праекце.

Справа дайшла да суду, які прызначаны на 5 лютага. Максім Гармаш кажа, што калі суддзя прымусіць зняць «талерку», дык сам стане парушальнікам закона.

«У нас закон, які пагаршае становішча грамадзяніна, зваротнай сілы не мае! -- кажа Максім Гармаш. -- Калі вешалі спадарожнікавую антэну, дзейнічаў кодэкс 1998 года, дзе ані каліўца не кажацца пра «талеркі».

У ЖЭСе №6, які патрабуе зняць антэну, кажуць пра нядаўні загад, паводле якога яны абавязаныя ліквідаваць усе спадарожнікавыя талеркі, на якіх няма дазволу.

«Каб усталяваць спадарожнікавую антэну, трэба звярнуцца ва ўпраўленне архітэктуры. Калі вам дадуць дазвол, тады вы ў ЖЭСе гэта адзначце. Таму што ў нас загад зняць усе старыя спадарожнікавыя антэны, -- распавядаюць у ЖЭСе №6. -- Калі ў вас будзе дазвол упраўлення архітэктуры, тады "талерку" здымаць не будуць. Але ці атрымаеце вы дазвол - адзін Бог ведае. Зараз і перапланіроўка, і ўсталяванне металічных дзвярэй, якія адчыняюцца на лествічную пляцоўку, антэны - тое, што знаходзіцца за межамі кватэры ці на фасадзе дома, на ўсё гэта трэба дазвол».

Гэта дзіўна, бо астатнія гарадзенскія ЖЭСы дазваляюць ставіць антэны без узгаднення. Галоўнае, каб суседзі не былі супраць. Вось, напрыклад, што кажуць у ЖЭСе №21:

«Калі суседзі не супраць, тады можаце вывешваць талерку».

На пытанне «Еўрарадыё», ці ведаеце вы пра які загад кажуць у ЖЭСе, галоўны архітэктар Гародні Уладзімір Халопаў адказаў лаканічна:

«Не ведаю».

Як раней паведамляла «Радыё Свабода», у райцэнтрах на Гарадзеншчыне (Ліда, Слонім, Наваградак) і ў абласным цэнтры супрацоўнікі ЖЭСаў ходзяць па дамах і выносяць жыхарам папярэджанні. У мясцовых газетах друкуюцца звароты ўлады, на пад'ездах вывешваюцца спецыяльныя абвесткі.

Здымаць антэны прымушаюць тых, хто ўсталяваў іх самавольна, але, як правіла, такімі аказваюцца абсалютна ўсё. Законнай працэдуры ўсталявання спадарожнікавых антэнаў няма і ніколі не было. Юрысты даказваюць, што калі няма распрацаванага парадку узаконьвання спадарожнікавых антэнаў, дык не можа быць і адказнасці за самавольнае ўсталяванне.

Абаронцы правоў спажыўцоў таксама тлумачаць, што на Гарадзеншчыне расце цікавасць людзей да незалежнага тэлеканала «Белсат». Мясцовыя ўлады асцерагаюцца, што насельніцтва рэгіёна зробіцца больш інфармаваным і пачне рэагаваць на праблемы больш наступальна.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках