26 снежня 2024, Чацвер, 18:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк «зачыніў» біржу для набыцця валюты

57

Нацбанк Беларусі матэрыялізаваў сваю вусную забарона на набыццё валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы пад імпартныя кантракты.

У банкі разасланы ліст №31-14/30 «Аб маніторынгу сітуацыі на ўнутраным валютным рынку». Дакумент рэкамендацыйнага характару абавязвае банкі задавальняць заяўкі на набыццё валюты на міжбанку і штодня даваць справаздачу перад Нацбанкам, паведамляе АФН.

Раней, Нацбанк адмаўляў, што ўводзіць чарговыя абмежаванні на валютным рынку, у той час як прадстаўнікі банкаў спасылаліся на вусную рэкамендацыю рэгулятара. Адсутнасць дакумента тлумачылася тым, што любыя рэкамендацыі падобнага характару ўступаюць у пэўную супярэчнасць з 8-ым артыкулам статуту МВФ.

Аднак вусная рэкамендацыя не давала банкам юрыдычнай падставы для пераводу кліенцкіх заявак з біржы на міжбанк, у выніку чаго Нацбанк быў вымушаны разаслаць ліст. Асноўная прычына падобных дзеянняў рэгулятара – сыход банкаў у доўгія валютныя пазіцыі на фоне дэвальвацыі курсу беларускага рубля (на зразумелай мове гэта азначае перавод рублёвых актываў у валюту з мэтай заробку на курсавой розніцы).

«Маніторынг унутранага валютнага рынка ў снежні 2008 – студзені 2009г. сведчыць пра тое, што банкі ажыццявілі значнае набыццё замежнай валюты за кошт уласных сродкаў. Стан валютнага рынка таксама выяўляе, што ў апошні час змянілася структура попыту і прапановы, якая паказвае на перацяканне попыту з боку суб'ектаў гаспадарання на таргі ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», у той жа час пры гэтым адбылося значнае павелічэнне прапановы замежнай валюты на пазабіржавым валютным рынку непасрэдна банкам», - адзначаецца ў лісце.

У гэтай сувязі Нацбанк лічыць «неабходным ажыццявіць мерапрыемствы па збалансаванасці попыту на розных сегментах валютнага рынка, дзеля чаго банкам неабходна максімальна поўна задавальняць патрэбы суб'ектаў гаспадарання ў замежнай валюце на пазабіржавым валютным рынку».

Каб банкі адказна і ўдумліва падышлі да выканання рэкамендацыяў, Нацбанк паведаміў, што «будзе ажыццяўляць штодзённы маніторынг сітуацыі на ўнутраным валютным рынку».

«У мэтах ажыццяўлення маніторынгу сітуацыі банкі, пачынаючы з 5 лютага 2009 г., штодня да 10.00 падаюць у Нацыянальны банк інфармацыю пра памер сумы чыстых адкрытых валютных пазіцыяў банка па кожным відзе замежнай валюты па стане на справаздачную дату», - патлумачыў рэгулятар.

Пры гэтым банкам загадана не толькі паведамляць суму, але і вызначаць «прычыны, не якія дазволілі ў поўным аб'ёме задаволіць попыт на замежную валюту з боку суб'ектаў гаспадарання на пазабіржавым валютным рынку».

Адначасова банкам прыйдзецца даваць справаздачу перад рэгулятарам пра «прынятыя меры па прыцягненні грашовых сродкаў у замежнай валюце». Гаворка ідзе пра схему, якую падрабязна выказаў на нядаўняй прэс-канферэнцыі кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч.

«Таемнае» ці «вуснае» стала явай, хоць Нацбанк не планаваў інфармаваць бізнэс пра чарговую рэкамендацыю, каб лішні раз не турбаваць насельніцтва. «Жыраф вялікі – яму лепш ведаць», аднак менавіта жырафу прыйдзецца ў красавіку біцца за чарговы транш крэдыту МВФ.

Варта адзначыць, што гэты ліст не адмяняе таргі на біржы (БВФБ). БІРЖА НЕ ЗАЧЫНЯЕЦЦА. Дадзены ліст не забараняе набыццё валюты пад імпартныя кантракты на біржы, хоць і дэ-факта ўзмацняе адсеў заявак на набыццё валюты пад некрытычны імпарт. На біржу патрапяць заяўкі тых банкаў, якія ў дастатковай, на думку Нацбанка, ступені раздзярбаняць свае валютныя актывы для задавальнення кліенцкіх заявак.

Разам з тым дакумент ДАПУСКАЕ наяўнасць множнасці курсаў, дакладней, наяўнасць пазабіржавых кліенцкіх курсаў, якія БУДУЦЬ адрознівацца ад курса Нацбанка і курсаў, вызначаных на таргах БВФБ. Дакумент таксама дапускае аднаўленне рэальнай канкурэнцыі паміж банкамі на гэтым сегменце рынка ў адрозненне ад жорстка рэгламентаванай працы праз біржу і курсаў наяўных валютаў, таксама абмежаваных +/- двума адсоткамі.

Гэтым лістом Нацбанк РБ таксама пацвердзіў кепскі стан золатавалютных рэзерваў і даў зразумець, што па меры пагаршэння сітуацыі будзе гатовы пайсці на больш радыкальныя захады, нягледзячы ні на якія артыкулы статуту МВФ і іншых арганізацыяў.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках