24 снежня 2024, aўторак, 23:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сілы аператыўнага рэагавання АДКБ будуць абараняць дыктатараў? (Відэа)

26
Сілы аператыўнага рэагавання АДКБ будуць абараняць дыктатараў? (Відэа)

Аляксандр Лукашэнка падпісаў у Маскве дамову аб стварэнні калектыўных сіл аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Як паведамляюць расейскія СМІ, гэтыя сілы нібыта будуць выкарыстоўвацца для супрацьстаяння вайсковай агрэсіі, правядзення спецыяльных аперацый па барацьбе з міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, наркатрафікам, а таксама для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый.

Сёння сістэма калектыўнай бяспекі будуецца па рэгіянальным прынцыпе. Існуюць тры рэгіянальныя вайсковыя групоўкі, але ўсе яны не калектыўныя: расейска-беларуская (усходнееўрапейская), расейска-армянская (каўказская) і цэнтральнаазіяцкая, дзе пакуль створаныя толькі абмежаваныя па складзе калектыўныя сілы хуткага рэагавання.

"Менавіта гэтыя сілы (цэнтральнаазіяцкая групоўка) разглядаюцца ў якасці асновы будучай аб'яднанай групоўкі сіл. Зараз мы завяршаем распрацоўку праекту адпаведнай дамовы", — сказаў напярэдадні саміту памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька.

Плануецца, што калектыўныя сілы будуць дыслакаваныя на пастаяннай аснове ў Расеі, і ім будуць надавацца вайсковыя падпадзяленні краін АДКБ. Ва ўсіх сіл будзе агульнае камандаванне. У існуючых зараз сіл АДКБ няма сталага месца дыслакацыі.

У якасці магчымага варыянту разглядаецца, што асновай сіл будуць расейскія 98-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія і 31-я дэсантная штурмавая брыгада ВДВ.

Нагадаем, што ўчора ў Маскве на паседжанні вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядведзеў падпісалі Дамову аб сумеснай ахове знешніх меж «саюзнай дзяржавы» і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі.

Пракаментаваць апошнія крокі афіцыйнага Менска мы папрасілі каардынатара Хартыі’97 Зміцера Бандарэнку.

«У апошнія дні мы назіраем, што Расея прадпрымае меры па ўмацаванні свайго ўплыву ў постсавецкіх краінах. Эканамічны крызіс яна выкарстоўвае для фактычнай ваеннай экспансіі ў Беларусь, у Кыргызтан, на Каўказ (імкненне стварыць сталую ваенную базу ў Абхазіі).

Падпісанне сённяшняй дамовы аб стварэнні нейкіх калектыўных сіл аператыўнага рэагавання ў межах АДКБ можна разглядаць як падрыхтоўку разагнання магчымых масавых пратэстаў у постсавецкіх дыктатарскіх краінах. Ва ўмовах крызісу, які відавочна будзе доўжыцца не адзін год, такія пратэсты непазбежныя, і яны будуць адбывацца пад лозунгамі дэмакратызацыі і адстаўкі дыктатараў.

Для захавання кантролю ў Расеі і іншых краінах АДКБ і неабходныя гэтыя сілы аператыўнага рэагавання. Яны непазбежна будуць выконваць паліцэйскія і карныя функцыі. Для нас гэта надзвычай небяспечна, таму што супярэчыць Канстытуцыі і нейтральнаму статуту Беларусі.

Сёння абсалютна зразумела, што ўдзел некаторых лідэраў апазіцыі ва ўсялякіх дэкаратыўных органах пры адміністрацыі дыктатара не толькі не ўмацоўвае незалежнасць Беларусі, а ўжо прывялі да наступстваў, якія значна саслабілі суверэнітэт і бяспеку нашай краіны. Пасля падпісання апошніх дамоваў з Расеяй усе сапраўдныя дэмакратыі павінныя неадкладна выйсці з усіх кансультатыўных і іншых саветаў. Неабходна неадкладна спыніць падтрымку прарасейскага, антыеўрапейскага рэжыму. Так званая лібералізацыя патрэбная Лукашэнку толькі для выцягвання заходніх крэдытаў і падаўжэння свайго знаходжання ля ўлады. Толькі дэмакратычныя сілы могуць быць гарантамі еўрапейскага дэмакратычнага выбару Беларусі», -- заявіў Зміцер Бандарэнка.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках