25 снежня 2024, Серада, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У сувязі з «кватэрным крадзяжом» міліцыя абрабавала актывістаў «Еўрапейскай Беларусі»

6

Урываючыся ў кватэры апазіцыянераў, супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў дзейнічаюць па адладжанай схеме.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, сёння ў кватэру, якую арандуе актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Юхневіч, уварваліся 10 міліцыянтаў. Дзверы яны адчынілі пры дапамозе гаспадыні кватэры. Міліцыянты заявілі, што дзейнічаюць у межах узбуджанай па факце крадзяжу крымінальнага справы. Падчас ператруса былі канфіскаваныя два кампутары, відэакамера, фотаапарат, налепкі «Еўрапейскай Беларусі», сцягі Еўразвяза і партрэты зніклых лідэраў апазіцыі.

Моладзевых лідэраў Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча і яшчэ траіх актывістаў, што знаходзіліся ў кватэры, арыштавалі і даставілі ў Першамайскі РУУС Менска на допыт. Але не па крымінальнай справе аб крадзяжы. Аб ёй яны больш не ўзгадвалі. «Абаронцаў парадку» цікавіла толькі адно: дзе актывісты ўзялі друкаваную прадукцыю, якую міліцыянты чамусьці палічылі «антыдзяржаўнай». Пасля допыту апазіцыянераў вызвалілі, але канфіскаваныя рэчы не вярнулі. На якой падставе былі канфіскаваныя кампутары, міліцыянты казаць адмовіліся, а вось сцягі Еўразвяза і партрэты зніклых і палітвязняў, мабыць, будуць правяраць на прадмет «антыдзяржаўнасці».

Гэта ўжо далёка не першы выпадак, калі супрацоўнікі міліцыі ўрываюцца ў кватэры дэмакратычных актывістаў і праводзяць незаконныя ператрусы, арышты і канфіскацыі тэхнікі і друкаванай прадукцыі. Дзейнічаюць яны звычайна з прычыны таго, што ў міліцыю паступіла нейкае «ананімнае тэлефанаванне» або з’явілася нейкая «сведка», якая сцвярджала, што бачыла таго ці іншага апазіцыянера на месцы якога-небудзь злачынства. Потым заўсёды атрымлівалася, што ўсё гэта «ліпа», ніякіх сведак не існуе, а міліцыі проста патрэбная была падстава ўварвацца ў кватэру апазіцыянера.

Нагадаем, што прэс-сакратар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў ужо больш за год дамагаецца вяртання аргтэхнікі, канфіскаванай у яго напярэдадні Еўрапейскага марша, які адбыўся 14 кастрычніка 2007 года ў Менску.

Супрацоўнікі міліцыі і КДБ уварваліся ў кватэру, якую здымаў Аляксандр Атрошчанкаў, на падставе «трупнага паху з кватэры», на які, нібыта, пажаліліся суседзі. У выніку ператрусу былі канфіскаваныя два кампутары і розныя архіўныя матэрыялы. Сам Атрошчанкаў адбыў 10-суткавы адміністрацыйны арышт па традыцыйным абвінавачванні – «нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы».

12 чэрвеня актывіст пайшоў ва Ўпраўленне КДБ, каб працягнуць разгляд. Аднак замест разгляду па ягонай скарзе, Атрошчанкава даставілі ў Цэнтральны суд Менска, дзе без сведак і адваката ён быў асуджаны на 15 сутак арышту нібыта за «нецэнзурную лаянку». Канфіскаваныя кампутары, друкаваная прадукцыя і сцягі Еўразвяза па-ранейшаму знаходзяцца ў КДБ.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках