25 снежня 2024, Серада, 23:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Прызыў моладзевых лідэраў у войска нагадвае адвольны арышт

1

7 лютага Іван Шыла, Зміцер Хведарук і Франак Вячорка прымуць прысягу. Беларускія праваабаронцы ўважліва сочаць за лёсамі моладзевых лідэраў і рыхтуюць скаргі ў міжнародныя арганізацыі па абароне правоў чалавека.

«На дадзены момант кантактаў з вайскоўцамі ў нас няма, -- распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 сябра Сойма Партыі БНФ і вядомы праваабаронца Ўладзімір Лабковіч. -- Яны знаходзяцца на так званым «карантыне» да прысягі. Мы вельмі ўважліва адсочваем інфармацыю, ведаем, што Зміцеру Хведаруку пагражалі ў вайсковай частцы за тое, што ён размаўляў на беларускай мове. Як і раней, праваабаронцы лічаць забранне ў войска актывістаў супрацьзаконнымі дзеяннямі ўладаў. Гэты «прызыў» больш нагадвае адвольны арышт».

Праваабаронца лічыць, што пагрозы актывісту «Маладога фронту» Зміцеру Хведаруку варта тлумачыць як дыскрымінацыю за выкарыстоўванне беларускай мовы.

«Калі факт пагроз быў, -- кажа Ўладзімір Лабковіч, -- мы маем справу з дыскрымінацыяй чалавека па факце ягонай мовы. Трэба абавязкова звяртацца з грамадзянскім пазовам у суд. Беларускія ўлады бралі на сябе абавязанне абараняць правы чалавека ў краіне. Але ўжо які раз мы бачым, што ў Беларусі адбываецца дыскрымінацыя людзей, якія размаўляюць па-беларуску. На месцы Хведарука, я бы пісаў заяву на імя міністра абароны. У любым выпадку мы гатовыя яму дапамагчы са складаннем папер».

Нагадаем, што па паведамленні лідэра руху «Маладая Беларусь» Артура Фінькевіча, вайсковы медык вайсковай часткі № 18662 у Жодзіна, маёр Уладзімір Кісель, адмовіўся праводзіць агляд гвалтоўна закліканага ў войска актывіста «Маладога Фронту» Зміцера Хведарука. І загадаў вайскоўцам фізічна растлумачыць, якія наступствы будуць чакаць Хведарука, калі той будзе размаўляць па-беларуску.

«Тактыка, калі войска становіцца прыладай пакарання, для нас новая, -- тлумачыць праваабаронца. -- Суд над Франаком Вячоркай сведчыць, што прававы аспект у Беларусі не з'яўляецца фактарам абароны правоў чалавека. Прызыў Франака Вячоркі ў войска адбываўся з грубымі парушэннямі заканадаўства. У праваабаронцаў няма даверу да вынікаў медыцынскіх экспертыз. Незразумела, чаму ў вайсковым прызыве ўдзельнічалі спецслужбы. Зараз мы звяртаемся ў міжнародныя арганізацыі па абароне правоў чалавека».

Нагадаем, што Франак Вячорка атрымаў адтэрміноўку ад службы ў войску з-за аперацыі на вачах і некаторых хранічных захворванняў. Але яго прымусілі прайсці яшчэ адну камісію, якая прызнала яго прыдатным да службы ў войску. 17 студзеня Франак Вячорка звярнуўся ў суд са скаргай на дзеянні вайскоўцаў і медыкаў падчас прызыўнай кампаніі. Нягледзячы на праблемы са здароўем, суд прызнаў Франака Вячорку прыдатным да службы ў войску.

28 студзеня ў Менску былі схопленыя і адпраўленыя ў войска моладзевыя лідэры Франак Вячорка і Іван Шыла. У той жа дзень быў затрыманы актывіст «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук. Яго адвезлі ў турму на Акрэсціна, дзе ўтрымлівалі два дні. У гэты час апазіцыянера ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі і КДБ адвезлі ў лякарню, дзе медыкі прызналі яго прыдатным да службы ў войску. 30 студзеня з турмы на Акрэсціна Хведарука адправілі служыць у транспартныя войскі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках