24 снежня 2024, aўторак, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: «У адносінах з Еўропай Лукашэнка становіцца ўсё больш нахабным»

4

Вясной у Беларусь зьбіраецца прыехаць камісар Еўразвяза Беніта Ферэра-Вальднер.

Яе візіт у Беларусь ужо прызначаны на пачатак сакавіка. За месяц да таго, акрэсленага Еўрасаюзам тэрміна, калі павінна канчаткова быць вырашана пытанне: ці будзе падоўжаны дазвол Лукашэнку і беларускім чыноўнікам наведваць Еўрасаюз.

Euramost.org пацікавіўся ў намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, што, на яго думку, стаіць за візітам чыноўніцы Еўрасаюза ў афіцыйны Мінск, і як дэмакратычныя сілы ставяцца да магчымага поўнага скасавання забароны беларускім чыноўнікам на чале з Лукашэнкам наведваць Еўрасаюз.

-- Ці не падаецца вам, што гэтыя візіты і частыя сустрэчы еўрачыноўнікаў высокага статусу з прадстаўнікамі беларускіх уладаў сведчаць пра тое, што санкцыі супраць Лукашэнкі і яго паплечнікаў будуць канчаткова адмененыя ў красавіку?

-- Па вялікім рахунку, нават не ў гэтых візавых санкцыях справа. Хаця, мы і лічым, што калі ўмовы, якія ў свой час Еўрасаюз паставіў перад беларускімі ўладамі не выкананыя, санкцыі неабходна аднаўляць. Але я падазраю, што еўрапейскія бюракраты, замест прынцыповай ацэнкі выканання патрабаванняў дэмакратызацыі, задаволяцца імітацыяй рухаў у накірунку гэтых дэмакратычных пераўтварэнняў. Стварэнне гэтых саветаў пры Адміністрацыі прэзідэнта, пры Міністэрстве замежных спраў, пры Міністэрстве інфармацыі (а насамрэч, пры рэдактары газеты прэзідэнцкай адміністрацыі "Советская Белоруссия"), і ўваход туды такіх знакавых фігур, як спадар Мілінкевіч, будзе спрыяць таму, што еўрапейцы скажуць: "У вас не ўсё добра, але і не ўсё так дрэнна". Мяркую, яны не адменяць канчаткова санкцыі, а яшчэ на паўгода працягнуць іх часовае прыпыненне. Калі Лукашэнка, раптам, не ўтворыць нечага дзікага.

-- Па словах прэс-сакратаркі еўракамісара па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Крысціяны Хоман, Еўракамісія мае намер развіваць прамы палітычны дыялог з беларускімі ўладамі. Аб якім прамым дыялогу гавораць увесь час еўракамісары?

-- І я не разумею, што маецца на ўвазе пад гэтымі словамі. Яны ж і так ужо маюць прамы дыялог з беларускімі ўладамі, без усялякага ўдзелу ў ім беларускіх дэмакратычных сіл. Чаму "маюць намер", калі яны і так гэта ўжо робяць і такі дыялог вядуць!

-- Вы не вельмі задаволеныя тым, што гэты дыялог адбываецца без удзелу прадстаўнікоў дэмакратычных сіл?

-- Безумоўна. Я лічу, што еўрапейскія палітыкі, калі б яны паважна ставіліся да сваіх жа слоў пра дэмакратыю, правы чалавека, павінны былі б патрабаваць ад Лукашэнкі вядзення дыялогу з беларускім грамадствам. І вынікам гэтага дыялогу павінна стаць правядзенне свабодных выбараў.

Некалькі дзён таму была гадавіна круглага стала, які вяла "Салідарнасць" з крывавым рэжымам Ярузельскага. На тым круглым стале не было размовы ні пра што, акрамя патрабавання правядзення свабодных выбараў. Не вялося размоў ні пра якія эканамічныя рэформы ці нешта іншае, а толькі пра выбары. Гэта была ўмова Захаду прадстаўлення крэдытаў, без якіх Польшча не здольная была б выйсці з эканамічнага крызісу. Дапамогі ж ад Савецкага саюза ўжо чакаць не даводзілася. Крэдыты Захад абяцаў даць, калі ўлады правядуць перамовы з дэмакратычным грамадствам краіны, вынікам якіх стане правядзенне свабодных дэмакратычных выбараў.

У нас павінна быць тое ж самае. Размовы пра заходнія крэдыты і гарантыі пад крэдыты павінны наўпрост звязвацца з дыялогам беларускага рэжыма з айчынным грамадствам і пагадненнем паміж імі наконт правядзення свабодных выбараў. А ўсе астатнія размовы - гэта адыход ад гэтага ключавога пытання.

-- Шмат размоў вядзецца наконт таго, паедзе ці не Лукашэнка ў Прагу...

-- Лукашэнка сказаў у інтэрв'ю каналу Еўраньюс, што, маўляў, не вельмі ён і хоча туды ехаць, нават калі запросяць. А калі што, то можа каго замест сябе дашле. Такім адказам ён даў ацэнку ўсім еўрапейскім бюракратам. Ён бачыць, што яны гатовыя перад ім на задніх цырлах хадзіць і становіцца ўсё больш нахабным. Маўляў, усё адно будзе са мной размаўляць і будзеце мне дапамагаць! Што сёння галоўнае для Лукашэнкі? Крэдыты і гарантыі пад крэдыты. Яму трэба грошы. А проста тусавацца сярод еўрапейскіх бюракратаў ён не бачыць патрэбы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках