25 снежня 2024, Серада, 19:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

20% працоўных МТЗ адпраўляюць у вымушаны «адпачынак»

14

Калі спачатку прадпрыемствы працавалі 3-4 дні ў тыдзень, дык зараз яны адпраўляюць сваіх супрацоўнікаў у планавыя адпачынкі.

Ужо месяц як Берасцейскі завод бытавой хіміі працуе 4 дні. Цяпер жа ўсіх супрацоўнікаў заводу адправілі ў чарговы планавы адпачынак, паведамляе «Еўрарадыё».

Па словах супрацоўніцы аддзела кадраў Кацярыны Белькаўцовай, так прадпрыемства змагаецца з перавытворчасцю.

«Каб не затарваць склады – была такая прычына. Мы пайшлі ў сувязі з недапушчэннем павелічэння рэшткаў гатовай прадукцыі і замарожвання абаротных сродкаў гатовай прадукцыі, -- кажа Кацярына Белькаўцова. -- А з 2 сакавіка ўсе пайшлі ў чарговы аплачвальны адпачынак».

Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод з сакавіка працуе толькі 3 дні ў тыдзень. Інжынер Аляксандр кажа, што зарплату пакуль не атрымлівалі. Але відавочна, што яна, як і колькасць працоўных дзён, будзе зменшаная на 40%.

«Зараз мы працуем 3 дні ў тыдзень. Ну, і, адпаведна, менш працуем — менш атрымліваем», -- распавядае інжынер.

Па словах інжынера, праца аўтаагрэгатнага заводу замарудзілася з-за праблемаў на Менскам аўтамабільным заводзе, які таксама перайшоў на трохдзённы рэжым.

«Ну, і планы таксама зменшыліся, -- кажа Аляксандр. -- Дакладней, спачатку зменшыліся планы, а потым мы змянілі рэжым. Мы з МАЗам звязаныя. МАЗ стаў менш выпускаць машынаў. Адпаведна і ў нас знізілася вытворчасць... Тое ж і з Расеяй – КамАЗ. Увесь аўтапрам ва ўсім свеце зараз ляжыць. Таму і ў нас замоваў менш. Тыя, што ёсць у Расеі, таксама не праплачваюцца».

Кожны дзень на заводзе збіраецца антыкрызісная камісія. Аднак калі скончыцца такі рэжым працы, пакуль невядома.

У супрацоўніка бабруйскага заводу «Беларусьгуматэхніка» Андрэя скарацілася колькасць працоўных зменаў з 21 да 7. Адпаведна і зарплата паменшылася больш чым на палову.

«У першую чаргу гэта на зарплату ўплывае, -- распавядае працоўны заводу. -- Чым больш зменаў, працоўных гадзінаў, тым больш зарплата. Калі ў мяне была 21 змена, я дзесьці 600 тысячаў з чымсьці атрымліваў, цяпер – 280 тысячаў».

Кіраўніцтва Берасцейскага электралампавага заводу зрабіла падарунак сваім супрацоўнікам на 23 лютага – перавяло на чатырохдзённы рэжым працы. Інжынер па пажарнай бяспецы Віталь абураецца – працаваць яны горш не сталі, а зарплаты зменшыліся.

«Загад дырэктара выйшаў – у сувязі з вытворчай неабходнасцю, я ўжо дакладна не памятаю, як там было, ці з цяжкім фінансавым становішчам, -- кажа ён. -- Як гэта так? Мы ж не вінаватыя. Мы ж горш працаваць не сталі, а зарплаты сталі меншыя, прэміі меншыя».

У працоўным графіку Менскага трактарнага заводу дагэтуль адзначаныя працоўныя суботы, каб збалансаваць непрацоўныя будныя дні. Аднак кожны раз яны пераносяцца далей і далей. Зараз гэтыя суботы прызначаныя на кастрычнік. Ці будзе яшчэ да гэтага часу працаваць завод? Акрамя таго, кіраўніцтва МТЗ падахвочвае сваіх супрацоўнікаў ісці ў адпачынак – па плане такіх павінна быць 20%.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках