26 снежня 2024, Чацвер, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тысячы рабочых засталіся бяз працы і без заробкаў

8

Сёньняшняя пятніца — выходны дзень амаль на 20 прадпрыемствах Міністэрства прамысловасьці Беларусі.

Не працуюць таксама асобныя калектывы ў Свабоднай эканамічнай зоне «Гомель-Ратон», парадае «Радыё Свабода».

Заробак зьніжаецца на 80—100 тысяч рублёў за месяц

Сёньня ня выйшлі на працу больш як паўтары сотні рабочых Гомельскага падшыпнікавага заводу. Тут цяпер скарочаны працоўны тыдзень.

«Найперш гэта страта 80—100 тысяч рублёў на месяц. Калі раней атрымлівалі 450—500 тысяч, то цяпер, напэўна, і чатырохсот тысяч ня будзе», - тлумачыць працаўнік прадпрыемства Ўладзімер.

Крызісны кіраўнік заводу Ігар Данільчук адмовіўся пракамэнтаваць эканамічную сытуацыю, якая склалася на прадпрыемстве.

«У мяне ёсьць вышэйстаячая арганізацыя — міністэрства. Усе інтэрвію і ўсё астатняе — пасьля ўзгадненьня зь Міністэрствам прамысловасьці», - заявіў ён.

Пятніца — выходны дзень на 14 прадпрыемствах Гомельшчыны

У міністэрстве прамысловасьці, якому падпарадкоўваецца завод-банкрут, паведамілі, што раней Гомель працаваў у каапэрацыі зь Менскім падшыпнікавым заводам. Але пасьля продажу апошняга замежнікам скарацілася патрэба ў гомельскіх падшыпніках.

Увогуле, цяпер на Гомельшчыне ў рэжыме няпоўнага працоўнага тыдня працуюць 14 прадпрыемстваў і арганізацый. Крызіс зачапіў і свабодную эканамічную зону «Гомель-Ратон».

«Так, ёсьць зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці, канечне. Прычым ва ўсіх прадпрыемстваў», - пацьвердзіў кіраўнік СЭЗ Аляксандар Скварцоў.

Скарочаны працоўны тыдзень і на сумесным беларуска-нямецкім прадпрыемстве «Бэкер-сыстэм» – гэта вынік крызысу.

«Ну, вядома ж. Яны ж не працуюць на склад. Акрамя таго, «Бэкер-сыстэм» вырабляе вокны, і іх продаж мае пераважна сэзонны характар. Яшчэ ў мінулую зіму яны пачалі пераходзіць на скарочаны тыдзень», - дадае кіраўнік СЭЗ.

Сёньня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар наведвае Давыд-Гарадок на Століншчыне. Базавае прадпрыемства пасёлка — электрамэханічны завод – церпіць ад крызісу. З гэтай нагоды на прыём запісаўся вэтэран вытворчасьці Вячаслаў Амяльчук.

«Я рыхтуюся, што сказаць губэрнатару. Запытацца ў яго, колькі мы будзем таптацца на адным месцы? Да мяне зьвярталіся працаўнікі заводу: што рабіць? У нас нізкі заробак, а дырэктар заводу заяўляе: «Вы ў мяне і за сто тысяч будзеце працаваць», - паведаміў Вячаслаў Амяльчук.

У Давыд-Гарадку амаль 10 тысяч жыхароў. Раней паўтары тысячы працавалі на электрамэханічным. Выраблялі электрапаяльнікі, фэны, схемы з проваду. У крызіс завод страчвае заказы. Людзей, як кажа Вячаслаў Амяльчук, выганяюць у беспрацоўе, а завод прастойвае.

«Там пустуе 60 працэнтаў плошчы. Начальства, аднак, загадала заняць плошчы сталоўкі. Там, дзе меліся б абедаць працаўнікі, паставілі станкі. Там засталіся камэры-лядоўні, а таксама сховішча для гародніны. Усё было. Усё цяпер гіне і гніе», - зазначае вэтэран вытворчасьці.

З словаў Вячаслава Амельчука, цяперашняя ўлада ігнаруе нават абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі, якія ён раздаваў у Давыд-Гарадку сем гадоў таму.

«Былі тут Тозік, Сямашка, Даўгалёў, Агееў, памочнік Лукашэнкі, намесьнік старшыні ўраду Сьвідэрскі. Разьмеркаваныя былі пытаньні. Але ж ніхто іх ня выканаў...», - кажа ён.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках