25 снежня 2024, Серада, 8:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супраць віцебскага праваабаронцы аднавілі крымінальную справу

Праваабаронца Леанід Сьвецік атрымаў ліст з абласной управы КДБ пра тое, што крымінальную справу, распачатую супраць яго за «распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці» і прыпыненую амаль паўгода таму, ізноў аднавілі.

Паводле Леаніда Сьвеціка, сьледчы не паведаміў яму, што стала падставай для аднаўленьня справы. Але ён не выключае, што прычына — узмацненьне ціску на праваабаронцаў, якое адчуваецца на Беларусі апошнім часам, перадае «Радыё Свабода».

Прыкладам можа стаць, у прыватнасьці, і адмова ў рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі «Наша вясна», ва ўстаноўчым сходзе якой браў удзел віцебскі праваабаронца.

Нагадаем, што на працягу 2006—2007 гадоў Леанід Сьвецік кансультаваў віцебскіх актывістаў, якія ў гэты пэрыяд атрымлівалі лісты з пагрозамі ад імя «віцебскай філіі «Русского Национального Единства». Актывісты патрабавалі, каб КДБ знайшоў тых, хто пагражае ім расправай за палітычныя погляды і праявы беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці. Але міліцыя і органы дзяржбясьпекі адмаўляліся заводзіць крымінальныя справы, аргумэнтуючы сваё рашэньне тым, што РНЕ — незарэгістраванае грамадзкае ўтварэньне.

Крымінальная справа па фактах пагрозаў з боку РНЕ была распачатая толькі 20 траўня мінулага году. І ўжо 23 траўня ў віцебскага праваабаронцы быў праведзены 9-гадзінны ператрус, падчас якога супрацоўнікі КДБ забралі ў спадара Сьвеціка кампутар ды іншую аргтэхніку, друкаваныя выданьні па пытаньнях праваабароны і нават чыстую паперу. Ператрус праводзілі згодна з пастановай, дзе Леанід Сьвецік быў згаданы ў якасьці сьведкі ў справе «лістоў ад РНЕ», але на допыце ў КДБ яму паведамілі, што ён ужо падазраваны паводле крымінальнага артыкулу 130.1.

У верасьні крымінальная справа супраць яго была прыпыненая. На той час сьледчыя КДБ некалькі разоў дапыталі і праваабаронцу, і тых, хто атрымліваў лісты з пагрозамі. У тым ліку рэдактара бюлетэня «Курьер из Витебска» Ўладзімера Базана, былую старшыню абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алену Залескую, вядомага апазыцыянэра Барыса Хамайду, які атрымліваў лісты з пагрозамі двойчы, ды іншых мясцовых актывістаў, а таксама віцебскіх журналістаў, якія пісалі пра гэтыя падзеі.

Цяпер, па аднаўленьні крымінальнай справы, новых позваў на допыты Леанід Сьвецік пакуль не атрымаў. Як і раней, ён цьвердзіць, што ніякага дачыненьня да напісаньня й распаўсюду лістоў з пагрозамі ад імя РНЕ ня меў і ня мае.

Нагадаем, на мінулым тыдні праваабарончы цэнтар «Наша Вясна» зрабіў заяву ў адказ на тлумачэньні Міністэрства юстыцыі Беларусі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб'яднання, адным зь якіх было «ўзбуджэньне крымінальнай справа па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь супраць аднаго з заснавальнікаў цэнтру Леаніда Свеціка».

У заяве юрыстаў падкрэсьлівалася, што крымінальная справа ў дачыненні да праваабаронцы была прыпыненая, і Мінюст павінен быў ведаць, у якім стане знаходзіцца расьсьледваньне справы Леаніда Свеціка.

І вось цяпер крымінальную справу супраць праваабаронцы Леаніда Свеціка аднавілі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках