24 снежня 2024, aўторак, 17:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Ўладлены Функ: «У КДБ сказалі, што знойдуць, за што яе пасадзіць»

6

У беларускім КДБ Уладлену Функ змушалі хлусіць і паведамляць грамадзкасьці «толькі тое, што трэба», распавядае яе маці Валянціна Брускова.

Аб гэтым яна распавяла ў інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Валянціна Брускова прыехала з Вялікага Ноўгараду ў Беларусь, каб сустрэць сваю дачку Ўладлену на выхадзе з калёніі. Але сустрэча зноў і зноў адкладаецца. Спачатку Ўладлену Функ (Брускову) трымалі ў Гомельскім ізалятары на той падставе, што нібыта яна зрабіла нейкія парушэньні. Зараз міліцыянты кажуць, што трэба дачакацца зьвестак з расейскай міліцыі наконт таго, ці мае Ўладлена Функ рэгістрацыю ў Расеі. Яе могуць затрымаць у Беларусі яшчэ на год.

«Яна праляцела сюды па працы. Потым ў лісьце з калёніі яна напісала, што камандзіроўка у Менск аказалася вельмі працяглай. А за што яна сядзіць? Мне адразу сказалі, што іх затрымалі за падробку дакумэнтаў, потым — за наркотыкі. Потым за шпіянаж. Што гэта такое? Я нашым эфэсбэшнікам наўгародзкім пра гэта сказала, яны адказалі, што такога быць ня можа.

І сказалі, што яна апынулася ня ў тым месцы ня ў той час… Я пра гэта напісала дачцэ ў калёнію. Уладлена піша, што калі прачытала гэтыя словы, то заплакала. Бо ёй тое самае казаў начальнік сьледчага аддзелу КДБ. І дадаў, што калі ня схлусіць і не паведаміць тое, што трэба, то яны знойдуць, за што яе пасадзіць. А што дакладна, я ня ведаю. І яна ня ведае, за што яна сядзіць», - распавядае Валянціна Брускова.

Паводле адной з вэрсій, год таму Эмануіл Зэльцэр і ягоная сакратарка Ўладлена Функ прыляцелі ў Менск на самалёце расейскага алігарха-ўцекача Барыса Беразоўскага.

«Калі меркаваць па праграме «Максімум» на НТВ, то так, там казалі, што яны прыляцелі на самалёце Беразоўскага, і іх арыштавалі літаральна каля трапу. Але яна пра гэта мне не паведамляла. А зь іншых крыніцаў у інтэрнэце можна было даведацца, што іх арыштавалі пасьля сустрэчы з нейкімі службовымі асобамі. Чаму верыць, ня ведаю. Тут ў мяне ўвогуле губляецца вера ў людзей», - кажа маці Ўладлены Функ.

Эмануіл Зэльцэр на сустрэчы з супрацоўнікамі амбасады ЗША распавядаў, што ў ізалятары КДБ супраць яго ўжывалі сілу. Спадарыні ж Брусковай нічога не вядома пра абыходжаньне сьледчых зь ейнай дачкой.

«Пра тое, як была ў КДБ, яна нічога не пісала. Як патрапіла ў калёнію, спачатку ў карантын, то параўнала ўсё з піянэрскім лягерам. Што так чысьценька. Пазьней пісала, што жыць можна. На тое, што адносна яе адміністрацыя нешта дрэннае рабіла, не скардзілася. Усё у межах закону. А што тут адбылося — я не ведаю», - зазначае жанчына.

Грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр і ягоная сакратарка, расейка Уладлена Функ (Брускова) былі затрыманыя 12 сакавіка 2008 года і абвінавачаныя ў выкарыстанні загадзя ілжывых дакументаў і замаху на камерцыйны шпіянаж. Зельцэр быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ — да аднаго. Сваёй віны яны не прызналі.

31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы прайшлі ў зачыненым рэжыме.

Злучаныя Штаты Амерыкі неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць Э.Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі ў зняволенні яго здароўе сур'ёзна пагоршылася. Абарона і сваякі назвалі прысуд Зельцэру «расстрэльным» з-за дрэннага стану яго здароўя. Яны лічаць, што асуджаны можа проста не дажыць да заканчэння тэрміна зняволення.

Сваякі Зэльцэра вінавацяць у датычнасці да яго арышту кампаньёна Патаркацышвілі — расейскага бізнэсоўца Барыса Беразоўскага. Паводле іх інфармацыі, той прыязджаў на судовы працэс у Менск для давання паказанняў і наведваў Зельцэра ў следчым ізалятары КДБ. Беразоўскі і афіцыйныя беларускія структуры не пацвярджаюць і не абвяргаюць гэтыя звесткі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках