25 снежня 2024, Серада, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гэты рэжым – пагроза незалежнасці Беларусі

32
Гэты рэжым – пагроза незалежнасці Беларусі

Лідэры апазіцыі занепакоеныя частымі візітамі Лукашэнкі ў Маскву і заклікаюць беларусаў выйсці 25 сакавіка на акцыю ў падтрымку незалежнасці Беларусі.

18 сакавіка лідэры Партыі БНФ атрымалі афіцыйны адказ Менгарвыканкама адносна правядзення акцыі ў Дзень Волі. Менгарвыканкам дазволіў збор удзельнікаў 25 сакавіка, у 18.00 каля будынку Акадэміі Навук, аднак мітынг дазволены толькі на плошчы Бангалор. Апазіцыя ж падавала заяўку на шэсце да Кастрычніцкай плошчы. Адказ арганізатарам акцыі ў Дзень Волі быў падпісаны намеснікам старшыні выканкама Міхаілам Ціценковым.

19 сакавіка ў Менску адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная акцыі, якая мае адбыцца.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заклікаў беларусаў прыйсці на акцыю 25 сакавіка з бел-чырвона-белымі сцягамі і партрэтамі палітвязняў.

«Беларусам дазволілі сабрацца каля Акадэміі навук, -- сказаў Віктар Івашкевіч. – Мяне гэта крыху здзівіла пасля выказванняў Лукашэнкі. Але, тым не менш, «ворагам народа» далі дазволы сабрацца на акцыі ў Дзень Волі. Мы заклікаем жыхароў Беларусі прыйсці да Акадэміі навук. Тыя, хто хоча прадэманстраваць сваё стаўленне да незалежнасці Беларусі і нашай свабоды, павінны прынесці бел-чырвона-белы сцяг, плакаты супраць з'яўлення новых палітвязняў, супраць эканамічнай палітыкі, якую праводзяць беларускія ўлады».

Віктар Івашкевіч адзначыў, што сёлета акцыя ў Дзень Волі не будзе праводзіцца цэнтралізавана, і яе правядзенне будзе залежаць ад праяўлення грамадзянскай пазіцыі кожнага жыхара Беларусі.

«Наша сіла – у ініцыятыве кожнага чалавека, -- адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ, -- і ў дэцэнтралізацыі падрыхтоўкі. У кожнага ёсць бел-чырвона-белы сцяг, кожны можа намаляваць плакат і выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Тыя, хто прыйдуць на акцыю, не павінны быць пабочнымі назіральнікамі. Годзе трымаць сцягі пад ложкам, каб потым выставіць іх у вокнах у дзень нашай Перамогі. Час даставаць бел-чырвона-белыя сцягі прыйшоў».

Па словах Віктара Івашкевіча, акцыя ў Дзень Волі пройдзе не на плошчы Бангалор. У той жа самы час ён адзначыў, што маршрут шэсця будзе абраны на Акадэміі навук калегіяльным рашэннем усіх удзельнікаў акцыі 25 сакавіка.

«Людзі, якія прыйдуць 25 сакавіка на Акадэмію навук, - не падпарадкаваныя арганізатарам акцыі, -- сказаў Віктар Івашкевіч. -- Аб фармаце правядзення Дня Волі мы параімся з людзьмі на Акадэміі навук. Ніхто супраць чужой волі не будзе выступаць. Шэсце пачнецца толькі тады, калі мы дасягнем кансалідаванага рашэння аб маршруце Дня Воля. Галоўнае – масава прыйсці і прынесці сцягі, не спадзяючыся, што гэта хтосьці зробіць за цябе».

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што рашэнне менскіх уладаў з нагоды акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка было прадказальным.

«Сёлета беларускія ўлады былі вымушаныя пайсці на легалізацыю правядзення акцыі 25 сакавіка. Улады гуляюць з Еўропай і разумеюць, што за падзеямі ў Дзень Волі будуць уважліва назіраць міжнародныя структуры, праваабарончыя арганізацыі і нацыянальныя ўрады дэмакратычных краінаў, -- сказаў Вінцук Вячорка. -- У гэтым сэнсе добра, што адказ дадзены не за дзень, а хаця б за тыдзень да Дня Волі».

Вінцук Вячорка заявіў, што падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Менгарвыканкама арганізатарам акцыі было прапанавана падпісацца пад папярэджаннем пракуратуры.

«Нам прапанавалі падпісацца пад пракурорскім папярэджаннем, -- сказаў Вячорка. -- Аднак мы адмовіліся гэта рабіць, таму што арганізатары акцыі і без таго бяруць на сябе прававую адказнасць за Дзень Волі. Са свайго боку мы папрасілі міліцыю не рабіць тое, што яна рабіла летась. І галоўнае – не забіраць гукаўзмацняльную апаратуру. Але міліцыя не дала ні вуснага, ні пісьмовага абяцання. Аднак мы спадзяемся на цвярозы розум уладаў».

Як нагадаў Вінцук Вячорка, Дзень Волі – не толькі дзень пратэсту супраць беларускай дыктатуры, але і нацыянальнае свята беларусаў.

«Насуперак заявам наіўных еўрапейцаў, што Лукашэнка паварочваецца ў бок Еўропы, мы бачым, што сёння беларускі кіраўнік знаходзіцца ў Маскве, -- адзначыў Вінцук Вячорка. -- Што ён будзе там падпісваць, і за што атрымаў паўмільярды даляраў крэдыту, ніхто не ведае. Еўропу ён корміць абяцанкамі і ў той жа час падпісвае канкрэтныя фінансавыя і ваенныя дамовы. Таму сёння пагроза беларускай незалежнасці па-ранейшаму захоўваецца».

Вінцук Вячорка выказаўся і з нагоды непаліткарэктных выказванняў Лукашэнкі, якія ён дазволіў сабе 17 сакавіка падчас працоўнай паездкі ў Віцебскую вобласць. Нагадаем, Лукашэнка заявіў, што беларуская апазіцыя імкнецца сарваць перамовы афіцыйнага Менска і Еўразвяза, і назваў апазіцыйных палітыкаў «ворагамі народа».

«Лукашэнка даўно перайшоў усе межы. У яго лексіцы з'явіліся сталінскія лозунгі. І ўпэўнены ў тым, што ва ўсім дамовіўся з еўрапейскім начальнікам Хаўерам Саланам, ён дазволіў сабе выбрыкі ў адрас апазіцыі», -- сказаў Вячорка.

Кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч падкрэсліў, што ўлады ўспрымаюць Беларусь як свой ўласны «маёнтак».

«Для Лукашэнкі Беларусь – маёнтак, які можна было б памяняць на больш вялікі, -- заявіў Мікола Статкевіч. -- Абсалютна няправільная пазіцыя тых дэмакратычных палітыкаў, якія заяўляюць, што Захад дапаможа Лукашэнку выратаваць незалежнасць. Беларускія ўлады бяруць крэдыты, але хто іх будзе аддаваць? Мы не ведаем, куды яны ідуць: ці на АМАП, можа быць, ужо свідравіну сыну ў Венесуэле купілі? Каб было, куды ўцякаць. Цяперашнія беларускія ўлады не з'яўляюцца гарантам незалежнасці. Гэты рэжым – пагроза незалежнасці».

Мікола Статкевіч падкрэсліў, што акцыя ў Дзень Волі павінна праходзіць у цэнтры Менска.

«Дзень Волі – свята незалежнасці Беларусі. Акцыя павінна праходзіць не на Бангалоры, а ў цэнтры горада. У рэшце рэшт, на праспекце, які Лукашэнка пераназваў у праспект Незалежнасці. Бангалор нам не падыходзіць», -- адзначыў Статкевіч.

Кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што надыйшоў час для беларусаў прадэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю.

«Тэмаў для абмеркавання да 25 сакавіка назапасілася вельмі шмат, -- сказаў Анатоль Лябедзька. -- Дастаткова толькі адной даты – 10-годдзе выкрадання і забойства беларускіх палітыкаў Ганчара, Захаранкі, Красоўскага. Факту таго, што сёння ў Беларусі ёсць палітвязні дастаткова, каб беларусы вышлі на вуліцу. Дзіўна, што для Еўропы сёння не існуе палітвязняў у Беларусі. Гэта страшна. І калі людзі ў Беларусі самі не выйдуць і не скажуць, што ў нас ёсць палітвязні, ніякія еўрапейскія палітыкі не дапамогуць іх вызваліць».

Як адзначылі арганізатары акцыі ў Дзень Волі, за падзеямі 25 сакавіка ў Беларусі будуць уважліва назіраць дэпутаты краінаў Еўразвяза і міжнародныя арганізацыі. Яны падкрэслілі, што акцыі ў Дзень Волі пройдуць не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах Беларусі. Таксама арганізатары акцыі выказалі надзею, што сілавыя структуры не будуць рыхтаваць правакацыі.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заклікаў беларусаў не баяцца прыйсці 25 сакавіка ў 18:00 на Акадэмію навук.

«Гэтым разам ніякай персанальнай небяспекі ўдзел у Дні Волі не нясе. Акцыя дазволеная менскімі ўладамі», -- сказаў палітык.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках