25 лiстапада 2024, панядзелак, 3:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыпламаты краінаў Еўразвяза падтрымалі царкву «Новае жыццё», якую уціскаюць ўлады

1

20 сакавіка прадстаўнікі дыпламатычных місіяў краінаў Еўрапейскага звяза наведалі менскую царкву «Новае жыццё» Рэлігійнага аб'яднання супольнасцяў хрысціянаў поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь.

У сустрэчы са старэйшым пастарам царквы, біскупам аб'яднання Вячаславам Ганчарэнкам і іншымі прадстаўнікамі супольнасці прынялі ўдзел амбасадар Вялікабрытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс, амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, амбасадар Вугоршчыны Феранц Контра, палітычны сакратар амбасады Чэхіі Марцін Чэх і першы сакратар амбасады Швецыі Ганна Экберг, паведамляе БелаПАН.

Сустрэча адбылася па ініцыятыве замежных дыпламатаў.

Сярод асноўных тэмаў размовы — цяперашняя сітуацыя вакол царквы, якая склалася пасля рашэння Вышэйшага гаспадарчага суду, што не задаволіў пазовы «Новага жыцця» да Менскага гарвыканкама, а таксама пасля паўторнай прапановы гарадскіх уладаў разгледзець пытанне аб размяшчэнні і будаўніцтве супольнасцю культавага будынка на пляцы ў 0,4 га ў раёне скрыжавання МКАД і вуліцы Шаранговіча.

У інтэрв'ю БелаПАН амбасадар Вялікабрытаніі Н.Гулд-Дэвіс адзначыў, што яго прыезд выкліканы занепакоенасцю ў сувязі з сітуацыяй вакол царквы ў чальцоў палаты абшчынаў брытанскага парламента, шматлікімі паведамленнямі беларускіх СМІ па гэтай праблеме, а таксама жаданнем дыпламата з першых вуснаў пачуць інфармацыю пра становішча рэлігійнай супольнасці. На яго думку, высновы пра сітуацыю вакол царквы можна будзе зрабіць пасля аналізу інфармацыі, якая паступае з розных крыніцаў. Разам з тым дыпламат падкрэсліў, што «свабода веравызнання з'яўляецца адным з асноўных прынцыпаў Еўразвяза і для нас вельмі важнае выкананне гэтага прынцыпу ў любой еўрапейскай краіне».

Сярод варыянтаў выйсця з сітуацыі вакол «Новага жыцця» амбасадар Вугоршчыны Ф.Контра назваў прывядзенне рэлігійнага заканадаўства ў адпаведнасць з Канстытуцыяй, а таксама даванне царкве іншага памяшкання замест будынка па вуліцы Кавалёва,72. На думку дыпламата, такія дзеянні прадэманструюць рэальную дапамогу дзяржавы рэлігійнай супольнасці.

На сустрэчы таксама прагучала прапанова пра стварэнне на базе царквы беларуска-еўрапейскага культурнага цэнтра.

Пастар царквы В.Ганчарэнка назваў сустрэчу «нечаканай і сапраўднай падзеяй, вялікай падтрымкай для вернікаў». Ён спадзяецца, што дзякуючы гэтай сустрэчы аб'ектыўная інфармацыя пра царкву стане здабыткам міжнароднай грамадскасці.

Сустрэча адбылася ў нядаўна адчыненым пры царкве моладзевым клубе «Палова-лімона».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках