24 снежня 2024, aўторак, 20:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў прадстаўляе Беларусь на Брусэльскім форуме (Абноўлена, фота)

6

Лідэры вядучых краін сустракаюцца ў гэтыя дні ў сталіцы Бельгіі для абмеркавання актуальных сусветных праблем.

Брусэльскі форум - штогадовая сустрэча амерыканскіх і еўрапейскіх палітычных і інтэлектуальных лідэраў. Сярод удзельнікаў канферэнцыі - кіраўнікі дзяржаваў, афіцыйныя асобы Еўрапейскага Звяза, парламентарыі і сенатары, акадэмікі, вядомыя аглядальнікі.

Форум арганізаваны пры падтрымцы Нямецкага Фонду Маршала (ЗША). У ягонай трохдзённай працы прымуць удзел кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу, экс-кандыдат у прэзідэнты ЗША Джон Макейн, міністр замежных спраў Швецыі Карл Більдт, Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па агульнай знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўер Салана, прэзідэнт Сусветнага банка Роберт Зэлік, прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, міністр замежных спраў Літвы Відаўгас Ушацкас, міністр замежных спраў Чэхіі Карл Шварцэнберг і іншыя міжнародныя лідэры - усяго больш за 200 удзельнікаў.

Сёлета асноўнай тэмай сустрэчы стане глабальны фінансавы крызіс, пытанні бяспекі, энергетычныя праблемы, сітуацыя з грамадзянскімі свабодамі і правамі чалавека ў свеце.

У межах Брусэльскага форума была абмеркаваная сітуацыя ў Беларусі. 21 сакавіка падчас дыскусіі па сітуацыі ў нашай краіне выступілі лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і кіраўнік МЗС Літвы Відаўгас Ушацкас.

У дыскусіі прынялі ўдзел прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс, генеральны сакратар АБСЕ Марк Перэн дэ Брышамба, лідэр беларускай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская, супрацоўнікі міністэрстваў замежных спраў краін Еўразвяза і дэпутаты Еўрапарламента.

«У Еўропе ідзе сур'ёзная дыскусія па сітуацыі ў Беларусі. Ніякіх канчатковых рашэнняў пакуль не прынята, у тым ліку па ўмовах, на якіх Беларусь уключаная ў праграму «Ўсходняе партнёрства». Еўрапейцы спрабуюць прыйсці да адзінага меркавання, як можна дапамагчы нашай краіне ў сітуацыі крызісу. Яны разлічвалі на вялікую адкрытасць Беларусі.

У сваім выступленні я звярнуў увагу на праблему палітычных зняволеных у Беларусі, рэпрэсій супраць апазіцыі, якія працягваюцца. Распавёў, у прыватнасці, аб арышце моладзевага лідэра Артура Фінькевіча, які шматлікія звязваюць з маючай адбыцца акцыяй у Дзень Волі 25 сакавіка. Еўрапейцы разумеюць наколькі небяспечна закрываць вочы на парушэнні правоў чалавека і тое, што дэмакратычныя каштоўнасці неабходна абараняць. Прыхільнікаў такога падыходу сярод еўрапейскіх палітыкаў становіцца ўсё больш», -- паведаміў Андрэй Саннікаў прэс-цэнтру Хартыі’97.

Андрэй Саннікаў і кіраўнік МЗС Літвы Відаўгас Ушацкас

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках