25 снежня 2024, Серада, 22:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады датэрмінова прадаюць Расеі палову «Белтрансгаза»?

32
Улады датэрмінова прадаюць Расеі палову «Белтрансгаза»?

У сувязі з ростам запазычанасцяў рэжым можа аддаць датэрмінова кантрольны пакет «Белтрансгаза».

Па звестках расейскай газеты «КоммерсантЪ», падчас нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядведзева была дасягнутая дамова аб датэрміновым продажы акцый «Белтрансгаза». Нагадаем, па ранейшай дамоўленасці Беларусь пагадзілася прадаць «Газпраму» 50% акцый. Прычым апошнюю частку акцый расейцы павінныя былі выкупіць толькі ў 2010 годзе. У студзені «Газпрам» разлічыўся за чарговыя 12% акцый і давёў сваю частку у беларускай кампаніі да 37,5%.

Акрамя таго, па выніках разлікаў за расейскі газ, атрыманы на працягу апошніх двух месяцаў, Беларусь недаплаціла «Газпраму» 70 мільёнаў даляраў. Запазычанасць паўстала з-за таго, што беларускі ўрад «не заўважыў», што кошт газу сёлета вырас са 128 даляраў за 1000 кубічных метраў да 210.

Як заявіў сайту Euramost.org кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка, новы ўсталяваны кошт на газ для Беларусі так або інакш залежыць ад расейскіх крэдытаў.

«Я цалкам упэўнены ў тым, што пазначаны кошт у 210 даляраў - гэта той палітычны кошт, які выстаўляецца ў параўнальных адносінах на гэтай рэгіянальнай прасторы дзвюх краін, -- лічыць Леанід Заіка. -- Па дамоўленасці Цімашэнка і Пуціна, Украіна будзе купляць газ па 230 даляраў за 1000 кубаметраў. І побач выстаўляецца вельмі прыгожая лічба – 210. Нібыта усё атрымліваецца нармальна, цывілізавана, па-еўрапейску. А на самой справе, я думаю, кошт газу для Беларусі ніжшы. Ён уключае ў сябе розныя дамоўленасці, розныя праплаты, розныя ўгоды, якія носяць характар уласнасці і іншае. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што Расея прадае нам газ па 210 даляраў і адначасова дае крэдыты. Гэта, як два суседа, якія дамаўляюцца аб куплі дроваў. Адзін кажа: «Добра, я прадам табе дровы за 100 рублёў і вось табе ў крэдыт 200 рублёў!» Дае грошы, каб гэты сусед з ім расплаціўся. Мы расплочваемся расейскімі грашыма за расейскі ж газ. У выніку, у нас расце запазычанасць. А потым што будзе? Калі гэтая запазычанасць дасягне 4, 5 або 6 мільярдаў? А потым будзе запатрабаваная беларуская ўласнасць - нашыя прадпрыемствы, фамільнае срэбра і гэтак далей. Таму, калі казаць аб кошце на газ, то я лічу, што для Беларусі ён не з'яўляецца складаным, у эканамічных адносінах ён сапраўды застўся на ўзроўні 130-140 даляраў».

Леанід Заіка называе датэрміновы продаж «Газпраму» рэшткаў 50-адсоткавага пакета акцый «Белтрансгаза» угодай, у якой пераважае хітрасць беларускіх улад.

«У гэтай угодзе хітрасць і не зусім самавітая гульня бачная з двух бакоў, -- кажа Леанід Заіка. -- Па-першае: расейцы самі прызначаюць кошт на газ і называюць яго «еўрапейскім». Але па маіх падліках, рынкавы кошт на расейскі газ павінны быць сёння даляраў 55-75 за 1000 кубаметраў. Тое, што расейцы робяць для Еўропы адзін кошт, для Ўкраіны - другі, для Эстоніі - трэці і гэтак далей - гэта ўсё эканамічны постмадэрн. Бо ніколі і нідзе не абмяркоўвалася тое, што называецца «раўнаважкім рэгіянальным коштам». Расейцы карыстаюцца сваёй манаполіяй і адбіраюць рэсурсы з суседніх краін. Для Беларусі 210 даляраў - кошт на газ вельмі высокі. Ёсць два выйсця. Выйсці на еўрапейскую прастору: уступіць у NATO, падаць пісьмовыя надзеі на ўступленне ў Еўразвяз, адмовіцца ад асаблівай ролі адносінаў з Расеяй. У гэтым выпадку Беларусь будзе купляць газ па прыдуманым расейцамі еўрапейскім кошце, але і ваяваць разам з еўрапейцамі супраць яго. Другі варыянт - калі кіраўніцтва Беларусі і ейная цяперашняя эліта - урад - проста цягне час, вымаўляючы на колькі-та даляраў танней газ. І ўсе каб у выніку вытворчасці не імкнуліся да канкурэнцыі, мадэрнізацыі вытворчасці, а каб сядзелі на наркатычнай газавай іголцы. Газавы наркотык выгодны толькі беларускай наменклатуры, якая, дзякуючы гэтаму, захоўвае сваю цяперашнюю прысутнасць ля ўлады».

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках