24 лiстапада 2024, Нядзеля, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івонка Сурвілла: «Толькі сам народ Беларусі можа стрымаць разгул дыктатуры й самаволі»

3

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла зьвярнулася да беларускага народу з нагоды 91‑х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Дарагія суродзічы - беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі маю гонар вітаць вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам, угодкамі абвешчаньня 25 сакавіка 1918 году незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якія мы называем Днём Волі.

Нацыянальныя сьвяты кожны народ сьвяткуе радасна і ўрачыста. З глыбіні сэрца жадаю, каб і для ўсіх нас як на Бацькаўшчыне, гэтак і па-за ейнымі межамі гэты дзень стаўся нагодай выявіць сваю любоў да Бацькаўшчыны. Адначасна прашу кожнага з вас задумацца над пытаньнем, куды вядзе нашу краіну палітыка сёньняшняга рэжыму ў Беларусі.

Жыве беларускі народ ува ўмовах няволі. Кантрактная сыстэма; забарона дзецям з чарнобыльскай зоны карыстацца дапамогай добразычлівых людзей цывілізаванага сьвету; тэрор у форме падслухоўваньня тэлеразмоваў; адбіткі пальцаў; несанкцыяваныя ператрусы; канфіскацыі й затрыманьні; фатаграфаваньне людзей на грамадзкіх мерапрыемствах; новапрыдуманае зьнявольваньне ў войску непаслухмянае моладзі пасьля ейнага выключэньня з школаў і ўнівэрсытэтаў; абмяжоўваньні доступу да праўдзівае інфармацыі. Беларусь сталася падобнай да афрыканскае Зымбабвэ пад дыктатураю Мугабэ. Засталося толькі правесьці рэфэрэндум аб пажыцьцёвым прэзыдэнцтве ды пераемнасьці ўлады па прызначэньні без галасаваньня.

Эўропа стараецца памагчы Беларусі, але толькі сам народ Беларусі можа стрымаць разгул дыктатуры й самаволі. Толькі вы, дарагія суродзічы, можаце паказаць адзін аднаму й цэламу сьвету, што вы адчуваеце зьдзек самавольнага рэжыму, прагнеце спакайнейшага, лепшага жыцьця.

Рада БНР з свайго боку робіць усё магчымае, каб вонкавы дэмакратычны сьвет ведаў праўду пра становішча ў Беларусі ды спрыяў справе аднаўленьня ў ёй дэмакратычнага ладу й грамадзянскіх свабодаў. Рада БНР працуе на тое, каб непаслабна трывалі нашы адраджэнскія намаганьні, каб жыла й разьвівалася беларушчына, каб гарэла сьвяцільня Акту 25 Сакавіка 1918 году. Ведайма, што зарука будучыні ў памятаньні мінуўшчыны.

Дапамажы нам Божа.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,

старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Атава, Канада, сакавік 2009 г.»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках