24 снежня 2024, aўторак, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускіх апазіцыянераў выкрадаюць і вывозяць у лес для збіцця

31
Беларускіх апазіцыянераў выкрадаюць і вывозяць у лес для збіцця

У апошні час у Беларусі пачасціліся выпадкі выкраданняў супрацоўнікамі спецслужбаў актывістаў апазіцыі. Дэмакратаў па-бандыцку хапаюць і вывозяць у лес, збіваюць і запалохваюць.

Апошні такі выпадак адбыўся ўчора, напярэдадні акцыі ў Дзень Волі. Актывістаў «Маладога Фронту» Настассю Палажанку і Дзяніса Карнова супрацоўнікі спецслужбаў вывезлі пад Менск, у раён вёскі Тарасава.



Распавядае Настасся Палажанка:

-- Нас сілай запіхалі ў машыну, адабралі мабільныя тэлефоны, насунулі на вочы шапкі і павезлі ў Гарадзенскім накірунку. Пасля гэтага Дзяніса кудысьці перасадзілі, заявіўшы, што павязуць яго ў РАУС, але ў які РАУС — не сказалі. Мяне павезлі далей і высадзілі з машыны на трасе ў раёне вёскі Тарасава. Назад я дабіралася на папутках.

Дзяніса Карнова таксама вывезлі за горад, збілі і паздзекваліся:

-- Мяне запіхнулі ў нейкую машыну, а што было з Настай, я не ведаў. Затым мне загадалі апусціць галаву ўніз, паміж каленьмі, і на працягу гадзіны дзесьці вазілі. Потым кінулі ў іншую машыну, яшчэ павазілі, затым двое невядомых вывялі мяне з машыны дзесьці ў лесе. Я бачыў толькі ногі. Потым пачалі збіваць. У твар мяне не білі - білі па спіне і ў жывот. Як білі? Ну, вы ж ведаеце, АМАП лёгка біць не ўмее. Мяне яшчэ прымусілі некаторы час прастаяць на снезе на каленях.

Потым яны парэзалі мае джынсы, фактычна ператварыўшы іх у шорты. Выкінулі мяне дзесьці каля Койданава. Я крыху прайшоў па дарозе і спыніў машыну. Мяне падвозілі некалькі машынаў. Адзін чалавек нават даў грошай на таксоўку. У Беларусі шмат добрых людзей. Праўда, шмат хто баяўся спыняцца, паколькі ў парэзаных штанах выглядаў я не вельмі рэспектабельна.

Гэта не першы выпадак выкрадання спецслужбамі актывістаў апазіцыі. Зусім нядаўна падобны напад быў здзейснены на лідэра арганізацыі «Маладая Беларусь» Артура Фінькевіча.

-- 19 верасня 2008 года я выходзіў з пад'езда ўласнага дома, мяне збілі з ног, нацягнулі шапку на галаву, закінулі ў мікрааўтобус і вазілі на працягу трох гадзінаў. Рукі ў мяне былі звязаныя, я ўвесь час атрымліваў удары то ў спіну, то па галаве, па нагах, у жывот. Мне парэзалі куртку. Выкінулі ў 130 кіламетрах ад Менска, побач з Валожыным.

Я думаў, што гэта ўсё, мяне заб'юць і закапаюць дзе-небудзь. Не мог зразумець, чаму і за што, але думаў, што гэта апошняя паездка ў маім жыцці.

Узгадваюцца выкраданні лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Зміцера Завадскага. Зараз улады баяцца забіваць, але прынцыпова сітуацыя не змянілася. Раней вывезлі мяне, учора Карнова і Палажанку, заўтра гэтыя страшныя рэчы будуць працягвацца, калі пакінуць іх без увагі.

Выкрадалі і вывозілі ў лес былога палітвязня, асуджанага па справе ініцыятывы «Партнёрства», Цімафея Дранчука:

-- У верасні 2002 года, па просьбе галоўнага рэдактара «Народнай Волі» я са сваім калегам зрабіў фотаздымкі дома на праспекце Машэрава, дзе жыве сын беларускага дыктатара, Віктар Лукашэнка. Праз хвіліну пасля таго, як я развітаўся са сваім калегам, мяне схапілі чацвёра грамілаў, апранутых ў чорнае, і запіхнулі ў машыну з таніраваным шклом. Гэта было так хутка і нечакана, што я нават крыкнуць не паспеў. Мяне вазілі па горадзе, пагражалі, забралі фотаздымкі і выкінулі за Менскам.

Раней мяне затрымлівалі ў 1999 годзе, у дзень заканчэння паўнамоцтваў Лукашэнкі, 21 ліпеня. Тады я здымаў на відэа баявую тэхніку каля КЗ «Менск» перад акцыяй, мяне затрымалі спецназаўцы, і іх начальнік даў загад мяне выкінуць за горадам. Спецназаўцы вывезлі мяне за кальцавую дарогу, дзе збілі, паламалі акуляры, адабралі відэакасету і пакінулі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч нагадвае, што раней у Беларусі выкрадалі лідэраў апазіцыі і, магчыма, мелі месца пазасудовыя пакаранні смерцю:

-- Учорашнія факты, якія былі агучаныя Настассяй Палажанкай і Дзянісам Карновым з нагоды іх затрымання і вывазу ў лес, сведчаць пра тое, што ў Беларусі найгрубейшым чынам парушаюцца правы і свабоды грамадзянаў.

Гэта можна расцэньваць як незаконнае затрыманне і пазбаўленне волі. Акрамя таго, як заяўляў Дзяніс Карноў, супраць яго была ўжытая фізічная сіла, а таксама яму парэзалі штаны – тут можна казаць і пра маральную, і пра матэрыяльную шкоду.

Я лічу, што ў дадзеным выпадку неабходна падаваць заяву ў пракуратуру з просьбай узбудзіць крымінальную справу, вызначыць, хто гэта быў, і адпаведным чынам іх пакараць.

Але, вядома, я думаю, што гэтымі невядомымі, якія нападалі, з'яўляюцца прадстаўнікі сілавых структураў. Гэты напад невыпадковы, яго можна расцэньваць, у тым ліку, і як палітычны ціск на моладзевых актывістаў, запалохванне іх. Улічваючы, што ў Беларусі мелі месца гвалтоўныя знікненні і, магчыма, пазасудовыя смяротныя пакаранні, я думаю, гэта не выпадкова. Такі спосаб вельмі добра дзейнічае.

Праваабаронцаў не можа не турбаваць такая сітуацыя. Я лічу, што неабходна як мага больш заяўляць пра такія здарэнні.

Можа, таварыш Навумаў нам нешта адкажа, бо ён вельмі любіць каментаваць розныя дэманстрацыі і акцыі. Хацелася б пачуць ад яго, як ён патлумачыць гэтую сітуацыю. Усёткі ён міністр унутраных справаў Беларусі і адказвае за ўсе падобныя здарэнні, якія адбываюцца ў краіне.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках