24 снежня 2024, aўторак, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін сустрэўся з кіраўніком МЗС Чэхіі Карлам Шварцэнбергам

25 сакавіка адбылася сустрэча экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна з міністрам замежных спраў Чэхіі Карлам Шварцэнбергам.

Падчас гутарак былі абмеркаваныя перспектывы магчымых пазітыўных змен для Беларусі пры рэалізацыі праграм усходнееўрапейскага партнёрства. Як паведамляе прэс-служба Казуліна, разам з тым адзначалася, што ўдзел Беларусі ў гэтай праграме магчыма толькі на падставе прыняцця беларускімі ўладамі фундаментальных агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.

Быў прааналізавана рэальны стан справаў у нашай дзяржаве з правамі і свабодамі грамадзян. Адзначаная адсутнасць істытуцыянальных сістэмных дзеянняў з боку беларускіх улад у плане дэмакратызацыі беларускага грамадства і лібералізацыі эканомікі.

Для чэшскага міністра стаў нечаканым факт наяўнасці ў Беларусі новых палітвязняў, двое з якіх былі адпушчаныя на свабоду ў лютым мінулага года ў межах палітыкі так званай «лібералізацыі», якая праводзіцца афіцыйным Менскам

Карл Шварцэнберг папрасіў асабіста інфармаваць яго як мага падрабязней аб рэальным становішчы спраў у Беларусі.

Было таксама паднятае пытанне аб маральнасці магчымага прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў Прагу 7 мая. Погляды і пазіцыі тут былі вельмі блізкімі.

«Сустрэча з Карлам Шварцэнбергам праходзіла ў цёплым, канструктыўным становішчы. Кіраўнік чэшскага знешнепалітычнага ведамства ў мінулым сам вядомы праваабаронца, таму гуманістычныя каштоўнасці, барацьба за свабоды і правы грамадзян для яго – не пусты гук», -- адзначыў Аляксандр Казулін.

Нагадаем, што 20 сакавіка Карл Шварцэнберг заявіў, што запрашэнне Лукашэнкі ў Прагу «будзе залежыць ад ягоных паводзінаў».

Сустрэча на вышэйшым узроўні кіраўнікоў дзяржаваў, прынятых у праграму ЕЗ «Усходняе партнёрства», адбудзецца ў Празе 7 мая 2009 года. Меркаванне Чэхіі, якая зараз старшынюе ў Еўразвязе, іграе важную ролю ў канчатковым рашэнні аб магчымасці запрашэння беларускага прэзідэнта на саміт.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках