Звяз беларусаў Нямеччыны: Еўропа не павінна працягваць руку дыктатуры
6- 30.03.2009, 14:55
Звяз беларусаў Нямеччыны заклікае правесці 7 траўня акцыю пратэсту супраць запрашэння Беларусі ў праграму «Усходняе партнёрства».
Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў старшыня звяза Яўген Мурашка.
Паводле яго словаў, у палітыцы ЕЗ прысутнічае толькі прагматычная цікавасць да Беларусі, а не заклапочанасць лёсам народа, «які жыве ва ўмовах сапраўднага канцлагера».
«На карысць гэтага сведчыць той факт, што Еўропа працягвае руку дыктатуры: маўляў, ізаляцыя нічога не дасць станоўчага, але ў той жа час стварае перашкоды грамадзянам Беларусі ў свабодным наведванні той жа самой Еўропы, адмаўляючы ім у візах. Такую ж прагматычную пазіцыю займае і Расея, якой таксама патрэбная Беларусь як буферная зона ў выпадку нейкіх канфліктаў з НАТА», — лічыць Я.Мурашка.
Звяз беларусаў Нямеччыны прапаноўвае выказаць сваё стаўленне да падзеяў вакол Беларусі і арганізаваць сумесную акцыю пратэсту 7 траўня падчас правядзення саміту ў Празе.
«Не істотна, ці будзе запрошаны на яе Лукашэнка ці не, паколькі гэта ўжо другасна. Ва «Усходняе партнёрства» запрашаюць дыктатуру, таму такі падыход мы расцэньваем як палітычную волю ЕЗ і заахвочванне рэжыму да працягу сваёй рэпрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да свайго народа», — заявіў Я.Мурашка.
Акрамя таго, паводле яго словаў, 7 траўня спаўняецца 10 гадоў з дня знікнення былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі.
«Годзе беларусам, якія атрымалі палітычны прытулак за мяжой, сядзець па сваіх сямейных норах і пацягваць каву, — заклікаў Я.Мурашка. — Давайце пакінем усе рознагалоссі і крыўды, якія былі паміж намі, у мінулым. Быў час, калі на стадыі вырашэння пытанняў аб атрыманні палітычнага прытулку выяўлялі такую палітычную свядомасць і актыўнасць, каб давесці, што вы маеце на яго права. Калі ж атрымалі прытулак, раптам кудысьці ўсё знікла».