25 лiстапада 2024, панядзелак, 3:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак падаў у суд на «Советскую Белоруссию»

11

Праваабаронца падаў пазоў у суд Савецкага раёна Менска аб абароне гонару і годнасці ў дачыненні да газеты адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия».

Як паведамляе БелаПАН, праваабаронца патрабуе абвяржэння інфармацыі, прыведзенай у артыкуле пад назвай «Шмат у нас дзівосаў, кожны дзівак – Бетховен» у нумары «Советской Белоруссии» за 6 сакавіка 2009 года.

Артыкул напісаны ў форме фельетона і распавядае пра беларускіх праваабаронцаў. Акрамя Воўчака ў ёй фігуруе праваабаронца з Салігорска Яна Палякова, якая скончыла жыццё самагубствам на наступны дзень пасля выхаду артыкула, у ноч на 7 сакавіка.

У матэрыяле, у прыватнасці, апісаны інцыдэнт, які адбыўся з А.Воўчакам восенню 2003 года. «Удзельнік нязначнай прыдарожнай бойкі – не падзяліў парковачнае месца! – праваабаронца Алег Воўчак жвава абабег рэдакцыі менскіх газетаў з горкай скаргай, што на яго, сярод белага дня, на скрыжаванні (!), напалі супрацоўнікі спецслужбаў (!!), узброеныя касцетамі (!!!), і што гэта была, без сумневу, помста за яго вельмі праваабарончую дзейнасць (!!!!)», – сцвярджае аўтар артыкула Ксенафонт Суперфасфатаў.

«Сапраўды, – пацвярджае Воўчак, – 24 верасня 2003 года невядомы мне грамадзянін у адказ на мае заўвагі аб тым, што ён стварыў аварыйную сітуацыю, вымусіўшы мяне выехаць на сустрэчную паласу, нанес мне два мэтанакіраваныя ўдары па твары. У руцэ ў грамадзяніна знаходзіўся металічны прадмет. Ад другога ўдару я ўхіліўся. Той, хто нападаў, парваў мне пінжак і пакінуў месца злачынства. Я выклікаў міліцыю і хуткую дапамогу і звярнуўся ва УУС Савецкага раёна Менска з заявай аб прыцягненні да адказнасці вінаватага».

Пры гэтым А.Воўчак падкрэслівае, што ў яго заяве пра ўзбуджэнне крымінальнай справы не было ні словы пра тое, што абвінавачваны з'яўляецца супрацоўнікам спецслужбаў і што яго дзеянні – помста за праваабарончую дзейнасць.

«Такім чынам, па віне адказніка было не толькі дапушчана скажэнне фактаў, гэта было зроблена ў абразлівай для мяне форме», – лічыць праваабаронца.

А.Воўчак патрабуе абвяржэння апублікаваных у газеце звестак і спагнання з рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» грашовай кампенсацыі за маральную шкоду ў 70 млн. рублёў.

Пры гэтым, адзначае пазоўнік, у рэдакцыі яму заявілі, што чалавек з імем Ксенафонт Суперфасфатаў у штаце газеты не працуе.

«Няма такога чалавека і сярод пазаштатных супрацоўнікаў газеты, з чаго я дапускаю, што гэта псеўданім кагосьці са штатных супрацоўнікаў газеты», — лічыць Воўчак.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках