17 лiпеня 2024, Серада, 0:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грамадскасць збіраецца змагацца за свабоду Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі

У Менску ствараецца грамадская камісія па абароне правоў арыштаваных прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца і дэмакратычны актывіст Вячаслаў Сіўчык, першае паседжанне камісіі адбудзецца ўвечары 5 сакавіка.

«Гэта будзе арганізацыйны сход, удзельнікі якога выпрацуюць схему дзеянняў у абарону Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі, якія знаходзяцца пад вартай, метады і накірункі працы па аказанні ім дапамогі», — распавёў Вячаслаў Сіўчык.

Па словах праваабаронцы, у працы камісіі мяркуецца ўдзел былых палітвязняў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў — прадпрымальніцкіх, праваабарончых, аб'яднанняў ветэранаў вайны ў Аўганістане.

«Гэта ўжо не першы досвед стварэння такіх камісіяў і камітэтаў. Можна ўзгадаць такія грамадскія камісіі, як «Свабоду Дашкевічу», «Свабоду Фінькевічу», аргкамітэт «Свабоду Казуліну і іншым палітычным вязням». Усе яны займаліся тым, каб выкарыстаць усе магчымыя сродкі для вызвалення палітвязняў, як на мясцовым, так і на міжнародным узроўнях. Новая камісія будзе займацца тым жа самым — каб Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка як мага хутчэй змаглі выйсці на волю», - адзначыў ён.

Трое актывістаў прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска Юры Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага.

18 лютага ім было прад'яўленае абвінавачанне ў падпале хаты былога начальніка Ваўкавыскага РАУС. Падпал быў ажыццёўлены ў 2005 годзе, і вінаватыя ў ім даўно адбываюць пакаранне. Арыштаваным жа прадпрымальнікам пагражае да 12 гадоў турэмнага зняволення.

З моманту арышту блізкія сваякі ні разу не ўбачылі абвінавачаных. Следчы «справы» шмат разоў адхіляў прашэнне жонак і дзяцей на спатканне з арыштаванымі прадпрымальнікамі, якія ўтрымліваюцца ў менскім СІЗА. У сувязі з тым, што адвакаты далі абяцанне аб нераспаўсюдзе падрабязнасцяў следства, сваякі Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі фактычна пазбаўленыя інфармацыі аб лёсе іх блізкіх. Таксама сваякам арыштаваных прадпрымальнікаў адмовілі ў праве выступаць іх абаронцамі.

Адзначым, што Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі. 10 лютага гэтага года ў Ваўкавыску павінна было прайсці судовае слуханне па ўмоўна-датэрміновым вызваленні Мікалая Аўтуховіча.

Незалежныя праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках