27 снежня 2024, Пятніца, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Наша Вясна»: У Беларусі адбываецца сістэматычная дыскрымінацыя праваабаронцаў

1

Заснавальнікі незарэгістраванай уладамі праваабарончай арганізацыі заяўляюць, што Беларусь не жадае прытрымлівацца еўрапейскага курса.

2 сакавіка Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі Грамадскаму праваабарончаму аб'яднанню «Наша Вясна» -- спадчынніку ліквідаванага ў 2003 годзе беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».

Заснавальнікі «Нашай Вясны» (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Таццяна Равяка) напісалі заяву, у якой катэгарычна асуджаюць непрызнанне беларускімі ўладамі незалежных арганізацыяў.

Праваабаронцы заяўляюць, што адмова ў рэгістрацыі «носіць неабгрунтаваны і незаконны характар» і «з'яўляецца адкрытай праявай сістэматычнай дыскрымінацыі заснавальнікаў і чальцоў арганізацыі па палітычных матывах». Таксама ў заяве адзначаецца, што гэтая адмова з'яўляецца чарговым парушэннем канстытуцыйнага права на свабоду асацыяцыяў, а таксама міжнародных дамоваў у галіне правоў чалавека, ратыфікаваных Беларуссю.

Праваабаронцы адзначаюць негатоўнасць «беларускіх уладаў да правядзення сістэмных змяненняў, накіраваных на далейшую лібералізацыю ў краіне».

«24 чэрвеня 2007 года Камітэт па правах чалавека ААН у сваім рашэнні прызнаў парушэнне Рэспублікай Беларусь нашых правоў і пацвердзіў права на адпаведныя сродкі прававой абароны, уключаючы перарэгістрацыю арганізацыі і кампенсацыю, а таксама абавязаў беларускую дзяржаву прыняць меры па прадухіленні ажыццяўлення падобных парушэнняў. Сістэматычны характар дыскрымінацыі ў дачыненні да нас пацвярджаецца тым, што адмову ў рэгістрацыі аб'яднання мы атрымліваем ужо другі раз: падобнае рашэнне Міністэрства юстыцыі выносіла ў верасні 2007 года», -- кажацца ў заяве праваабаронцаў.

Заснавальнікі «Нашай Вясны» заяўляюць што, адмовіўшыся зарэгістраваць Грамадскае праваабарончае аб'яднанне «Наша Вясна», беларускія ўлады не толькі прадэманстравалі непавагу да правоў грамадзянаў краіны, але і цынічна праігнаравалі ўзятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках