26 снежня 2024, Чацвер, 4:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт абароны журналістаў асуджае пераслед Анджэя Пачобута

Праваабарончая арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» (ЗША) заклікала ўлады Беларусі вярнуць акрэдытацыю карэспандэнту «Gazety Wyborczej» Анджэю Пачобуту.

Камітэт абароны журналістаў таксама заклікае правесці расследаванне па факце пагроз у адрас журналіста і ягонай сям'і, піша БелаПАН.

«Мы абураныя рашэннем беларускіх улад пакараць Анджэя Пачобута за ягоныя крытычныя рэпартажы пазбаўленнем акрэдытацыі. Замест таго каб пераследваць журналіста, які выконвае сваю працу, улады павінныя расследаваць пагрозы ў адрас яго самога і ягонай сям'і», — заявіла прадстаўнік камітэта Ніна Агняянава.

Як ужо паведамлялася, МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі карэспандэнта «Gazety Wyborczej» Анджэя Пачобута. Па словах самога журналіста, афіцыйнай прычынай для гэтага сталі чатыры ягоныя артыкулы, апублікаваныя ў гэтым выданні.

«Публікацыі распавядалі аб прымусовай дактыласкапіі мужчынскай часткі насельніцтва Беларусі, дэпартацыі польскіх святароў і дыялогу Лукашэнкі з Захадам. Паводле тлумачэння чыноўніка МЗСа, які са мной размаўляў, «матэрыялы маюць тэндэнцыйны характар і абражаюць кіраўніка дзяржавы», — распавёў Анджэй Пачобут.

Журналіст лічыць, што пазбаўленне яго акрэдытацыі звязана з падзеямі, якія ў апошні час разгортваюцца вакол непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі, сябрам якога ён з'яўляецца.

«Нядаўна мне парэзалі дзверы. Невядомыя тэлефануюць маёй дачцэ. У адносінах мяне быў складзены пратакол за нібыта здзейсненае адміністрацыйнае правапарушэнне. 3 сакавіка ў паштовых скрынях дома, у якім жыве старшыня нашай арганізацыі Анжаліка Борыс, з'явіліся змантаваныя порназдымкі з ейнай выявай. Гэта — правакацыі ў адносінах нашага Саюза палякаў перад з'ездам, які павінен прайсці 14—15 сакавіка», — лічыць Анджэй Пачобут.

Рашэнне беларускага МЗС ён мае намер абскардзіць у судзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках