28 снежня 2024, Субота, 12:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Варшава выставіла ўльтыматум афіцыйнаму Менску

7

Аляксандра Лукашэнку могуць не запрасіць на саміт Еўразвяза ў Прагу.

У сувязі з правакацыямі супраць Саюза палякаў Беларусі Польшча выставіла ўльтыматум беларускім уладам, які будзе абмяркоўвацца сёння ў Брусэлі і Празе.

Як піша сайт Polskaweb.eu, у патрабаваннях Варшавы гаворыцца, што «Аляксандр Лукашэнка не можа быць запрошаны на саміт ЕЗ у Прагу, калі не будуць выконвацца правы польскай меншасці ў гэтай краіне».

Размова ідзе аб апошніх правакацыях супраць лідэра непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, перашкоды на шляху правядзення ў сярэдзіне сакавіка з'езду гэтай арганізацыі і кантактаў сяброў СПБ з Варшавай.

Як заявіў у размове з польскім выданнем Wprost намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ян Баркоўскі, наступнае стаўленне афіцыйнага Менска да з'езду «будзе мець уплыў і на нашу пазіцыю ў Беларусі на форуме Еўразвяза».

Паводле Wprost, ультыматум быў перададзены ў Беларусь дыпламатычнымі каналамі.

Польскае выданне таксама цытуе словы намесніка старшыні камітэта па замежных справах польскага сейма Роберта Тышкевіча. Ён заявіў, што менавіта «мірнае правядзенне з'езду СПБ і спыненне рэпрэсій супраць ягоных актывістаў павіннае стаць адной з умоваў для наступнага дыялогу з Менскам».

У Беларусі пражываюць 390 тысяч этнічных палякаў, з іх 25 тысяч адносяцца да СПБ. Паводле афіцыйнага Менска, гэтая арганізацыя, якой кіруюць з Варшавы, «падштурхоўвае» польская нацыянальная меншасць да розных хваляванняў. Беларускае кіраўніцтва заяўляла, што Варшава з ейнымі эгаістычнымі амбіцыямі праводзіць ад імя Еўразвяза вельмі сумнеўную палітыку, накіраваную на тэрытарыяльнае пашырэнне Польшчы.

Нагадаем, што 3 сакавіка супрацоўнікі гарадзенскай міліцыі склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на актывіста саюза Анджэя Пачобута, які таксама з'яўляецца журналістам «Gazety Wyborczej». Ён вінаваціцца ў тым, што прымаў актыўны ўдзел у мітынгу, які праходзіў 17 студзеня каля будынку праўладавага Саюза палякаў Беларусі.

У той дзень некалькі сотняў чалавек, у асноўным польскага паходжання, спрабавалі прайсці ў польскі Дом, аднак былі спыненыя супрацоўнікамі міліцыі і КДБ.

Таксама ў пачатку лютага Анджэя Пачобута каля гадзіны пратрымалі на памежным пераходзе Каменны Лог падчас ягонага вяртання дадому з камандзіроўкі з Літвы. Журналіст без усялякіх тлумачэнняў быў затрыманы для асабістага надгляду.

3 сакавіка ў паштовыя скрыні суседзяў кіраўніка СПБ Анжалікі Борыс былі ўкінутыя змантаваныя порназдымкі. На апрацаваных у «фоташопе» фотаздымках пры дапамозе мантажу была намаляваная сама Анжаліка Борыс. Па меркаванні актывістаў Саюза палякаў, гэтую правакацыю здзейснілі беларускія спецслужбы.

7-ы з'езд незалежнага Саюза палякаў у Беларусі адбудзецца 14-15 сакавіка. На ім будуць прысутнічаць прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы і польскага Сейма. Удзельнікі з'езду правядуць выбары кіраўніцтва саюза і падвядуць вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія чатыры гады.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках